Колькі насамрэч асобаў памерла ад каронавіруса ў Беларусі?


Афіцыйная смяротнасць ад COVID-19 у Беларусі выглядае анамальна нізкаю: на чвэрць ніжэйшай за сусветныя паказнікі на душу насельніцтва. Са звесткамі ад чыноўнікаў катэгарычна не згодныя аўтары праграмы-расследавання «Давайце разбірацца». Каб вывесці ўлады на чыстую ваду, журналісты выпрацавалі арыгінальныя метады падліку памерлых падчас эпідэміі.

Зліў звестак пра смяротнасць з загсаў

Да журналістаў «Медиазоны», суаўтараў расследавання, трапілі злітыя базы звестак – справаздача менскіх загсаў пра смяротнасць ад ковіду ды экстраныя паведамленні пра тых, хто захварэў у 2020 годзе. Гэтыя матэрыялы супярэчаць афіцыйным лічбам, сцвярджае Глеб Ляпейка, журналіст выдання «Медиазона. Беларусь»:

Глеб Ляпейка. Журналіст «Медиазона. Беларусь». Стоп-кадр з праграмы «Давайце разбірацца»

«За лістапад – снежань у нас атрымалася 700 памерлых ад COVID-19 у Менску. Калі ў Міністэрства аховы здароўя было 415 ува ўсёй краіне за той самы перыяд. Дзень у дзень. Што да хворых, то было па-рознаму. У перыяды піку эпідэміі розніца была ў два разы. Атрымлівалася, што ў Менску 2000–2200 хворых за дзень рэгістравалі. Калі Міністэрства аховы здароўя давала 1000 ува ўсёй краіне, напрыклад».

Такім чынам, лічбы Мінздароўя па ўсёй краіне ўдвая меншыя за лічбы загсаў ды эпідэміёлагаў аднаго толькі Менску! Але наколькі надзейны гэты зліў?

Каб гэта спраўдзіць, журналісты сабралі фокус-групу з 75 мінакоў, якія перахварэлі на ковід і маюць лісты непрацаздольнасці. Аднак у базе было толькі 25 асобаў з 75. У беларусаў, якія там аказаліся, цалкам супаў час хваробы і нумары лякарняў.

«Фальсіфікацыя адназначна ёсць. Але не ясна, на якім узроўні яна адбываецца: на ўзроўні дактароў, шпіталяў, патолагаанатамічных бюро ці на ўзроўні Міністэрства аховы здароўя? Мы не ведаем», – паціскае плячыма журналіст Глеб Ляпейка.

А як з матэматыкай у рэгіёнах?

З мінулага года Міністэрства аховы здароўя засакрэціла і гэтыя звесткі. Але былы работнік Бабруйскага цэнтру гігіены даслаў журналістам справаздачу экстранных паведамленняў. І калі па краіне, як кажуць чыноўнікі, летась перахварэла ўсяго 2 % насельніцтва, то звесткі па Бабруйску дэманструюць значна вышэйшы паказнік: 10 %, то бок кожны дзясяты. З архіву па выпісках з Бабруйскай больніцы вынікае, што толькі 3 чэрвеня ва ўстанове памерлі 8 асобаў, тады як Мінздароўя па ўсёй краіне давала 11 смерцяў.

Крэматорыі працуюць у звычайным рэжыме?

Каб спраўдзіць колькасць памерлых, аўтары расследавання адправіліся ў крэматорый.

Фота: Белсат

«У нас усё планава. У рэжыме працы нагрузкі ніякай няма. Як раней працаваў крэматорый, 5–10 гадоў таму, так ён і цяпер працуе. На дзень прымаем 15–25 памерлых на крэмацыю», – сцвярджае намеснік дырэктара ў ідэалагічнай працы Спецкамбінату КБА Менскага гарвыканкаму Сяргей Тур.

Аднак журналісты налічылі ў сярэднім амаль 45 трунаў за дзень, што сведчыць пра перагружанасць крэматорыю прыблізна ўдвая.

Яшчэ адзін нетыповы спосаб праверыць смяротнасць

Каб праверыць цверджанне пра рэзкае павелічэнне смяротнасці, журналісты супаставілі пахавальныя плацяжы. У першым квартале сёлета арганізатары пахаванняў і звязаных з гэтым паслуг у 1,5 разу павялічылі выплаты ў бюджэт. І тое, што беларусы звярталіся да рытуальшчыкау ў 1,5 разу часцей, можа сведчыць пра шматразовае заніжэнне афіцыйнай колькасці смерцяў ад каронавіруса.

У выніку расследавання нашыя журналісты прыйшлі да высновы: звесткі па менскіх загсах сведчаць пра тое, што афіцыйныя лічбы смяротнасці ад COVID-19 заніжаныя ў 5 разоў, прыкладна такая ж карціна вымалёўваецца ў Бабруйску. Пры гэтым моргі загружаныя ўдвая больш, чымся кажуць улады, а рытуальныя бюро зарабілі толькі ў першым квартале сёлета ў 1,5 разу больш як летась.

Глядзіце таксама ў праграме «Давайце разбірацца»: колькі і як бізнесоўцы, набліжаныя да ўладаў, зарабілі на леках і медычным абсталяванні для лячэння каронавіруса; эксклюзіўныя злівы размоваў ад кіберпартызанаў, у якіх дактарам сорамна за лекі, якія яны даюць хворым, а чыноўнікі ўладкоўваюць сваіх пратэжэ ў шпіталі праз блат і размяркоўваюць дэфіцытную вакцыну.

Фота на прэв’ю: Белсат

belsat.eu

Стужка навінаў