Адзіная мама на свеце

Жудасны напад на журналістку «Новой газеты» Алену Мілашыну і адваката Аляксандра Немава здарыўся, нагадаю, два тыдні таму, раніцою 4 ліпеня.

Журналістка «Новой газеты» Алена Мілашына ў больніцы падчас лячэння ў Маскве, Расея. 5 ліпеня 2023 года.
Фота: Anna Artemyeva / Nonaya Gazeta / AP / Eats News

Яны кіраваліся ў Ахматаўскі суд Грознага на абвяшчэнне выраку Зарэме Мусаевай, жонцы былога суддзі чачэнскага Вярхоўнага Суда Сайдзі Янгулбаева і маці апазіцыянераў кадыраўскай улады – малодшага Ібрагіма (менавіта яго, адміністратара апазіцыйнага Telegram-каналу «1ADAT», як прызнаўся маладзён, асабіста катаваў Рамзан Кадыраў) і старэйшага Абубакара. Мяркуюць, што з дзейнасці Ібрагіма і пачаўся канфлікт паміж сям’ёй Янгулбаевых і ўладамі Чачэніі. Старшыня Следчага камітэту Расейскай Федэрацыі Аляксандр Бастрыкін даручыў кіраўніку следчага ўпраўлення Віталію Волкаву падаць даклад па факце нападу на журналістку і адваката, омбудсман Чачэніі Мансур Салтаеў назваў выпадак бруднаю правакацыяй з мэтаю нашкодзіць іміджу Чачэнскай Рэспублікі, а сам кіраўнік Рэспублікі Рамзан Кадыраў напісаў у сваім Telegram-канале: «Разбяромся. Даў даручэнне кампетэнтным органам прыкласці ўсе намаганні, каб вызначыць тых, хто нападаў. Органы прыступілі да працы адразу пасля паведамлення пра тое, што адбылося». Не зважаючы ні на якія даручэнні, мясцовыя ці федэральныя, за ўсе два тыдні не знайшлі ніводнага нападніка ці «правакатара», адбылося толькі адное працэсуальнае дзеянне: некалькі дзён таму следчы з Чачэніі дапытаў Алену Мілашыну. І ўсё.

Для сучасных Расеі і Беларусі – звычайная справа. Але сёння хацелася б згадаць іншы, больш тонкі момант гэтай гісторыі, які выклікаў магутнае адчуванне дэжа-вю. Траўмаваная і аблітая зялёнкаю Мілашына ўжо ў бесланскім шпіталі зазначыла: «Так ці інакш, калі не хітраваць, зразумела, што здарылася з Наташай Істэміравай (забітая 15 ліпеня 2009 года), што адбылося з Аняю Паліткоўскаю (забітая 7 кастрычніка 2006 года), чачэнскімі жанчынамі-праваабаронцамі, што ў мяне ўвесь час здараецца, у гэтым можа быць логіка: мы ўсё-ткі крытыкуем чачэнскія ўлады, і на гэта яны гэтак рэагуюць. А вось Зарэма застанецца ў гісторыі Чачэніі Рамзана Кадырава і жанчын унікальным прыкладам. Яе караюць за тое, што яна маці. Яна не была апазіцыянеркаю, яна не крытыкавала. Яна нарадзіла дзяцей, якія паводзяць сябе так, як лічаць патрэбным».

Пакаранні сваякоў супраціўнікаў дыктатараў, найперш бацькоў за дзеянні іхных дзяцей – гэта традыцыйны, бяссільны і адчайны крок тыранаў пасля таго, як аўтакраты не даюць рады змагацца з іхнымі вольнымі, правільна выхаванымі дзецьмі. І гэта было і ёсць не толькі на Паўночным Каўказе. А, на жаль, і ў нашай «мірнай і квітучай» (са словаў прапагандыстаў) Беларусі. Хаця тут і не так пакуль распаўсюджана, калі ўлады, не даючы рады дацягнуцца да дзяцей, «закрываюць» дзеля помсты за сваё бяссілле іхных родных.

Суд Грознага прыгаварыў да 5 гадоў і 6 месяцаў калоніі Зарэму Мусаеву, маці двух чаченскіх актывістаў, паводле двух крымінальных артыкулащ: махлярства і выкарыстанне небяспечнага для жыцця або здароўя гвалту ў дачыненні прадстаўніка ўлады. Грозны, Чачэнская Рэспубліка, Расея. 4 ліпеня 2023 года.
Фота: AP Photo / East News

І адразу на думку прыходзіць выпадак, які эмацыйна апісала на сваёй старонцы ў Facebook мая калега, былая журналістка «Свабоды» Галіна Абакунчык 17 кастрычніка мінулага года.

«Сёння два гады, як не стала маёй мамы: памерла пасля «лячэння», а дакладней – катаванняў у менскай дзясятцы, якая ў Чыжоўцы.

Тыя жахлівыя дні кастрычніка 2020 года сталіся для нас новым жудасным адкрыццём бутафорыі ўсёй убогай саўковай ідэалогіі ды абсалютнай антычалавечнасці сістэмы і яе халуёў.

1 кастрычніка – у так званы Дзень пажылых людзей – маму прынялі ў ГКБ № 10 з болем у сэрцы. А напісалі дыягназ COVID-19, якога і ў паміне не было. Гэта азначае, што ёй выпісалі «суправаджальную бірку» на той свет – ад паступлення вызначылі, што яна мусіць памерці ад «каронавіруса».

14 кастрычніка, калі прапаганда захлынаецца ў віншаваннях «жэншчын-маці», маю маму збівалі ў рэанімацыі № 2, зламалі бядро, пампавалі псіхатропамі і прывязвалі.

Калі пасля раскрытых насцеж вокнаў і накрывання мокрымі прасцінкамі двухбаковая пнеўманія была забяспечаная, выкінулі ў інфекцыйнае аддзяленне, каб там апраўдаць смерць «пандэміяй каронавіруса» і аддаць у чорным пакеце.

І па гэтай схеме на той свет адправілі не адну яе. Але я забрала маму жывой, і нават з «каронай», якой гэтыя людаеды заразілі наўмысна, і яна мне шмат што паспела расказаць.

Як аказалася, гэтае дзікунства сталася трагічным адкрыццём і смяротным досведам не толькі для мяне і маёй мамы.

Два гады дамагаюся, каб супраць той «банды белых халатаў» у менскай дзясятцы распачалі крымінальную справу. Але хто ж яе распачне, калі выйсці давядзецца калі не на саміх сябе, то на ўсю адміністрацыю і самых вышэйшых камандзіраў «аховы здароўя», якія ўсё гэта крышуюць.

Але вечнага не бывае нічога ды ніколі нічога не праходзіць бясследна і задарма – няхай рыхтуюцца.

А сёння – памалюся за маму і ўсіх, хто загінуў, прайшоўшы праз «Акрэсціна» ў рэанімацыі № 2 ГКБ № 10 у Менску і ў іншых «далінах смерці».

Але і маці бываюць розныя. Моцныя і неадступныя ад веры ў сваіх дзяцей, у той шлях, які яны абралі, як мама Галіны Абакунчык, як мама Іллі Міронава альбо Ігара Аліневіча, якія маюць аднолькавае імя Валянціна, як самы родны і блізкі чалавек для Паўла Севярынца – спадарыня Таццяна… Іх, тых, хто адкрыў гэты свет і даў годнае выхаванне крывіначкам-дзеткам, усё роўна значна больш, чымся тых, хто не даў рады і мусіў пайсці з жыцця з цяжкім болем ды вялікім сорамам за дзяцей альбо цяпер пры жыцці яшчэ пераймаецца, што дзесьці штосьці ўпусцілі. Несумненна, ёсць тыя, якія ганарацца сваймі нелюдзямі, адпраўляючы іх на вайну «біць нацыстаў-бандэраўцаў», апраўдваючы катаванне і збіццё імі мірных людзей, альбо выхаваўшы нялюдскіх медыкаў ці баязлівых і бязвольных настаўнікаў ды выхавальнікаў. Мяркуюць, сэрца маці павінна вельмі адчувальна рэагаваць, калі з сынам ці дачкою адбываецца нешта няладнае. Але, відаць, не заўсёды. Не магу вызначыцца, ці падтрымваць такі крок, на які не так даўно пайшлі ў адным расейскім горадзе, калі для маці ўдзельніка вайны ва Украіне пад дзвярыма пакінулі запіску: «Ваш сын бярэ ўдзел у СВА і забівае мірных украінцаў: жанчын, дзяцей, пажылых». Часам здараецца, што такія рэчы адкрываюць вочы сталаму чалавеку і робяцца для яго вялізным стрэсам. Вось толькі як далей жыць, калі бацькам трэба хаваць вочы, апавядаючы пра сваіх дзяцей. Затое іншым, хто шмат перажыў праз сумленныя ды адкрытыя думкі і дзеянні сваіх сыноў і дачок, наадварот, лягчэй. Боль цела – нішто. Душа – вечная!

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў