Святлана Ціханоўская выступіла перад дэлегацыямі 40 краінаў у Радзе Еўропы


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская 20 чэрвеня прыняла ўдзел у сустрэчы, якая прайшла ў прадстаўніцтве ЕЗ у Страсбуры, і выступіла перад дэлегацыямі 40 краінаў у Радзе Еўропы. У прамове Ціханоўская заўважыла, што супраца з Радай Еўропы становіцца ўсё больш трывалай праз беларускую Кантактную групу, а таксама нагадала пра пагрозу незалежнасці для Беларусі з боку Расеі.

Святлана Ціханоўская выступіла перад дэлегацыямі 40 дзяржаваў у Радзе Еўропы ў Страсбуры. 20 чэрвеня 2023 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

«Мы фармалізавалі нашыя дачыненні, стварыўшы Кантактную групу, у якую ўвайшлі прадстаўнікі палітычных структураў і грамадзянскай супольнасці Беларусі. Учора Кантактная група правяла трэцяе паседжанне і запланавала дзейнасць на год наперад. Мы таксама дамовіліся, што прадстаўнікі палітычных партыяў Беларусі будуць рэгулярна ўдзельнічаць у паседжаннях Палітычнага камітэту ПАРЕ. У мінулым месяцы я прыняла ўдзел у саміце ў Рэйк’явіку. Хоць Беларусь пакуль не чалец Рады Еўропы, да нас ставяцца як да роўных партнёраў», – заявіла Святлана Ціханоўская.

Ціханоўская дадала, што чалецтва ў Радзе Еўропы ёсць прыярытэтам і мэтай. «У той час як рэжым Лукашэнкі спрабуе ізаляваць краіну і зрабіць яе сатэлітам Расеі, мы адкрываем дзверы для беларусаў. І мы будуем трывалыя сувязі, якія дапамогуць нашай краіне на нялёгкім шляху дэмакратыі», – дадала яна.

Таксама беларуская лідарка расказала пра пагрозы для незалежнасці нашай краіны з боку Расеі:

«Расея адкрыта ўмешваецца ва ўнутраныя справы Беларусі. Яна хоча падпарадкаваць сабе нашую краіну, паставіць нас на шлях сутыкнення з суседзямі і зрабіць яе інструментам у сваіх злачынных праектах. Гаворка ідзе не аб двухбаковых дачыненнях дзвюх дзяржаваў. Гаворка ідзе аб наступе з мэтаю знішчэння Беларусі як незалежнай дзяржавы. І гэта павінна хваляваць усіх у міжнароднай супольнасці. Расея павінна атрымаць просты і дакладны адказ, што тое, што яна робіць супраць Беларусі, –  незаконнае. Што беларусы не самотныя ў барацьбе за свабоду сваёй радзімы».

Была закранутая і тэма размяшчэння расейскай ядравай зброі ў Беларусі, якая адбываецца насуперак беларускай Канстытуцыі, міжнародным пагадненням аб нераспаўсюджанні ядравай зброі і волі беларускага народу.

Падчас сустрэчы Ціханоўская падкрэсліла, што Беларусі патрэбная еўрапейская перспектыва: «Мы павінны вярнуць Беларусь у Еўропу, а Еўропу – у Беларусь. Беларусы павінны адчуць, што іх чакаюць у Еўропе».

Святлана Ціханоўская выступіла перад дэлегацыямі 40 краінаў у Радзе Еўропы ў Страсбуры. 20 чэрвеня 2023 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

У канцы прамовы Ціханоўская згадала пра рэпрэсіі і беларускіх палітвязняў, асаблівую ўвагу надаўшы палітзняволеным, пра якіх доўгі час нічога не вядома.

Удзел у сустрэчы бралі амбасадары, якія прадстаўляюць свае краіны ў Радзе Еўропы, у тым ліку прадстаўнікі краінаў Еўразвязу, Ватыкану, ЗША, Украіны і іншых дзяржаваў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў