Сяргей Гайдай: «Расейцы кінулі ў бой усе рэзервы на Луганшчыне»


У Севераданецку працягваюцца баі. Кіраўнік Луганскай абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай паведаміў, што расейцы кінулі ў атаку на Луганшчыне вялізныя сілы і сцягнулі рэзервы. Агенцтва «Уніан» паведамляе, што баі трываюць у севераданецкай прамзоне.

Сяргей Гайдай.
Фота: 24tv.ua

Сяргей Гайдай паведамляе, што расейцы распачалі шырокамаштабны наступ у Луганскай вобласці. Войскі РФ назапасілі для гэтага дастатковую колькасць рэзерваў.

«Вельмі цяжкая сітуацыя па ўсёй лініі Луганскага фронту. Канстатуем, што расейцы пачынаюць шырокамаштабны наступ у нашай вобласці, яны назапасілі дастатковую колькасць рэзерваў і сёння ў агні ўсе свабодныя населеныя пункты вобласці», – гаворыцца ў паведамленні Гайдая.

Hавiны
Загінулі, калі гатавалі на паверхні ежу. Як пад абстрэламі жывуць людзі на тэрыторыі севераданецкага «Азоту»
2022.06.20 13:36

Паводле яго дадзеных, у Севераданецку баі ідуць ужо ў прамзоне, украінскія войскі кантралююць тэрыторыю заводу «Азот».

«Расейцы наступаюць уздоўж трасы Лісічанск-Бахмут, блізкія да яе населеныя пункты пад пастаяннымі абстрэламі. Цэлы дзень пакутуе ад масіраваных расейскіх абстрэлаў Лісічанск», – паведаміў Гайдай.

Ён адзначыў, што цяпер колькасць ахвяр у горадзе высветліць немагчыма.

«Украінскія абаронцы не знаходзяцца ў аблозе, больш за тое – наносяць істотныя страты ў стане ворагаў. Шпіталі і моргі на акупаваных тэрыторыях перапоўнены вайскоўцамі РФ», – падкрэсліў ён

Hавiны
Сяргей Гайдай: Наступны тыдзень будзе вызначальны для Луганшчыны
2022.05.25 15:50

Нагадаем, што раней кіраўнік прэс-службы заводу «Азот» Сяргей Гарэлаў адзначыў, што людзі, якія застаюцца на прадпрыемстве, не могуць эвакуявацца з гораду і застаюцца пад абстрэламі. Некаторыя з іх загінулі ад абстрэлаў, калі выйшлі на паверхню, каб прыгатаваць ежу. Эвакуявацца на тэрыторыю Украіны людзі не маюць магчымасці, бо разбураныя ўсе масты. Пакінуць горад можна фактычна толькі ўплаў праз раку Северскі Данец, але гэта было цяжка і небяспечна нават да абстрэлаў.

Раман Лугоўскі belsat.eu

 

Стужка навінаў