Апошні ліст Вітольда Ашурка да маці: «Мама! Ты выхавала мяне правільна!»


Вітольд Ашурак.
Фота: Facebook

Трыццаць дзён таму стала вядома, што ў шклоўскай калоніі пайшоў з жыцця палітвязень Вітольд Ашурак. Акалічнасці ягонай смерці дагэтуль застаюцца нявысветленымі. Радыё «Свабода» апублікавала апошні ліст Вітольда да маці, спадарыні Алены:

«Мая любая мама!

Атрымаў учора перад адбоем Твой ліст і доўга чытаў і перачытваў яго! Ён маленькі – усяго некалькі словаў, але такі эмацыйны і пранізлівы, што аж сэрца сціскаецца!

Я таксама сумую па табе, мама! Тыя людзі, што гавораць, маўляў, дарослым не патрэбная мама, памыляюцца! Я памятаю ўсё, як ты адна гадавала нас з Андрэем, як табе хацелася, каб мы выраслі прыстойнымі людзьмі!

І цяпер мне вельмі важна, каб Ты была здаровенькая і радавалася за сваіх дзяцей і ўнукаў! А яно так і атрымалася! Ты добра выхавала нас з Андрэем! Ніхто не будзе пароць Табе вочы, што Твае сыны злодзеі ці аферысты! Наадварот, мяне пасадзілі менавіта таму, што я казаў праўду, і заклікаў не мірыцца з жулікамі.

Каб я, мама, не ўзначаліў нашую Рэвалюцыю ў Лідзе, то, пэўна, што я сам сябе не паважаў бы! А калі ты ўжо сам сябе не паважаеш, то ці варта чакаць павагі ад другіх людзей? Калі на 135 тысяч людзей Лідчыны ў нас не знайшлося хаця б аднаго, хто ўзяў бы на сябе адказнасць падняць Паўстанне за Праўду, то хто тады будзе нас, беларусаў, паважаць?»

Мама! Людзі паважаюць мяне! Ты выхавала мяне правільна!»

«На шчасце, у нас цудоўныя людзі, і яны мяне падтрымалі ўсёй душой! А цяпер, калі я часова патрапіў у турму, людзі яшчэ больш падтрымліваюць мяне, дасылаюць лісты і паштоўкі, перадаюць перадачы і перасылаюць грошы, выпісваюць мне газеты і моляцца па ўсёй Беларусі ў цэрквах і касцёлах!

Hавiны
Адвакат: Зняволены Анішчук глытаў металічныя прадметы, каб спыніць катаванні ў калоніі
2021.06.09 14:03

Лістоў столькі, што я ледзь паспяваю адказваць! Я нават пакуль што прыпыніў вывучэнне ангельскай мовы, каб было болей часу на пісанне адказаў. Пішуць з Бярозаўкі і Ліды, Горадні і Менску, Берасця і Віцебску, Магілёва і Гомлю! Пішуць з Брытаніі нашыя беларусы, якія з’ехалі за мяжу, але перажываюць за сваю Айчыну! Пішуць беларусы з Бельгіі, Фінляндыі, ЗША і нават беларусы Бразіліі!

Учора за адзін вечар мне прыйшло 17 лістоў! Ідуць тэлеграмы са словамі падтрымкі! Увесь свет ганарыцца і падтрымлівае нас! Мне пішуць беларускія ксяндзы з Менску і Віцебску, каб павіншаваць з Вялікаднем і выказаць словы падтрымкі і захаплення тым, што мы не мірымся з няпраўдай!

Мама! Людзі паважаюць мяне! Ты выхавала мяне правільна! Упэўнены, што табе гавораць на вуліцы ў Бярозаўцы часта гэтыя словы!»

Памятай, мама, што я абавязкова вярнуся дадому!»

«А за мой побыт у турме не пераймайся, калі ласачка! Усё, што трэба, я маю! Тым больш, што Ты ж ведаеш, што я чалавек даволі сціплы!))) Дзяўчаты-валянцёры рэгулярна робяць перадачы, так што ежы хапае, ды я яшчэ дапамагаю тым, каму перадач няма.

Людзі ў камеры ўсе прыстойныя. Прыкладна аднаго са мной узросту. Са шпаной мяне не садзяць! У камеры цёпла. Кожны дзень шпацыры на свежым паветры цягам гадзіны. Людзі ў камеры неканфліктныя. Большая частка – «палітычныя». Мяне паважаюць. Так што падстаў для клопату няма!

Учора прыязджала на «сьвіданку» Вольга (жонка – РС). Дзеве гадзіны гаварылі з ёй. Казалі мне, што Ты вельмі сумуеш, але трымаешся малайцом! Трымайся, мама!

Вер, што 5 год я сядзець не буду! Ідуць перамены, і яны прынясуць мне свабоду і сустрэчу з Табой! Памятай, мама, што я абавязкова вярнуся дадому! Моцна-моцна цябе абдымаю!

Твой сын Вітольд.

14.04.2021».

Вітольду Ашурку было 50 гадоў. Ён жыў у Бярозаўцы Лідскага раёну. Быў сябрам партыі БНФ і каардынатарам руху «За Свабоду». Змагаўся за вырашэнне экалагічных праблемы рэгіёну, займаўся ўшанаваннем паўстанцаў 1863 году, не раз безвынікова балатаваўся ў дэпутаты.

20 чэрвеня а 13-й гадзіне ў Бярозаўскім касцёле памоляцца на Імшы аб душы спачылага Вітольда Ашурка ў 30-ы дзень пасля ягонай смерці.

Hавiны
Вітольда Ашурка пахавалі пад бел-чырвона-белым сцягам. Відэа
2021.05.26 21:12

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў