У Мазыры будуюць лядовую арэну і чакаюць, што наведнікаў будзе шмат


У Беларусі хочуць пабудаваць чарговы лядовы палац. Гэтым разам – у Мазыры са 112 тысячамі насельніцтва, піша БелТА са спасылкай на словы старшыні Гомельскага аблвыканкаму Івана Крупко.

Лядовы палац у Бабруйску.
Фота: bobruiskarena.by

У Гомельскай вобласці працуюць ужо некалькі лядовых палацаў – два ў Гомлі, два ў Жлобіне.

«Цяпер будуем арэну ў Светлагорску, наступны на чарзе – Мазыр, з якім суседнічаюць Нароўля, Калінкавічы. Ёсць упэўненасць, што ахвотных займацца спортам дастаткова шмат», – сказаў Іван Крупко на адкрыцці культурна-спартовага фестывалю «Вытокі» ў Жлобіне.

Паводле Федэрацыі хакею, у Беларусі сёння 44 лядовыя палацы. То бок на адзін палац прыпадаюць 296 тысяч чалавек.

Паводле афіцыйных звестак IIHF, у Беларусі 39 крытых і дзве адкрытыя арэны.

Большасць лядовых палацаў размяшчаецца ў Берасцейскай вобласці. На другім месцы – Менск. Неаднаразова гаварылася пра тое, што большасць гэтых аб’ектаў – стратныя.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў