Салідарнасць наша зброя. І ў нас яе хопіць надоўга

Дзень салідарнасці з палітвязнямі ў Беларусі сёлета будуць адзначаць на двух кантынентах. А хацелася б па шчырасці, каб на ўсіх, якія ёсць, і нават на Антарктыдзе. 21 траўня людзі выйдуць у Нью-Ёрку, Рыме, Познані, Сан-Францыска, Фларэнцыі, Мюнхене, Штутгарце, Булонь-Біянкуры, Бруселі, Антвэрпэне, Вільні, Гамбургу, Кракаве, Лондане, Мічыгане, Беластоку, Брэмэне і Варшаве.

Менавіта ў гэты дзень два гады таму ў шклоўскай калоніі загінуў палітвязень Вітольд Ашурак. Яго смерць выклікала хвалю абурэння ў грамадстве. Ці паверыў хто ў афіцыйную версію – спыненне сэрца? Здаецца такіх набярэцца няшмат. Тым больш, што ўжо з’явіліся дзясяткі сведчанняў былых вязняў гэтай калоніі пра здзекі і жорсткія ўмовы. Але хіба толькі ў гэтай калоніі адбываецца такое бязмежжа? Ці можна назваць хоць адну пенітэнцыярную ўстанову ў краіне, дзе б не адбываліся такія грубыя парушэнні правоў чалавека, дзе б не тое, што прыніжалі чалавечую годнасць, але ставілі б самыя жыцці пад пагрозу фізічнага знішчэння?

Анонс
Якія акцыі і дзе пройдуць у Дзень салідарнасці з палітвязнямі Беларусі?
2023.05.18 16:23

Сёлета акцыя прысвечана праву на ліставанне. Усе ведаюць, што апроч жудасных умоваў утрымання вязняў пазбаўляюць спатканняў з адвакатамі і сваякамі. Да таго ж, звычайную вестачку з волі сотні і сотні палітвязняў не атрымліваюць месяцамі. Толькі ўявіць сабе: з волі ім пішуць і пішуць, але тыя нічога не атрымліваюць. Ці можна нечым патлумачыць такое дзікунства і варварства з боку супрацоўнікаў калоніяў у ХXІ стагоддзі? Цяпер, ведаючы, што робяць расейскія акупанты на тэрыторыі Украіны, можна. Усё становіцца зразумела, калі ўспомніць, што так званыя «беларускія сілавікі» трымаюць у сваіх кабінетах расейскія трыкалоры і партрэты Пуціна, а пры затрыманні сваіх суайчыннікаў кажуць: «За намі Расея». Што гэта азначае, сёння ведае ўвесь свет.

Агляд
Іх смерці – на руках рэжыму: успамінаем загінулых з 2020 году
2023.05.08 19:44

Дзе ж трымаюць тыя сотні тысяч лістоў і паштовак з цёплымі словамі падтрымкі і дзіцячымі малюнкамі? Адзін з палітвязняў, наваполацкай калоніі, які нядаўна выйшаў на волю, распавёў «Вясне»: «Усе цудоўна разумеюць, што дагэтуль гэтыя лісты ідуць, проста нам іх не аддаюць. У чэрвені мы бачылі, як лісты пакетамі насілі ў кацельную спальваць. Мы бачылі з іншымі палітзняволенымі, як два вялікіх пакеты опер панёс туды. То бок, ён туды, на кацельную, пайшоў з гэтымі пакетамі, а назад вярнуўся без пакетаў. Зразумела, што іх спальвалі. Пакеты былі празрыстыя, таму былі бачныя капэрты»…

Але гэта не значыць, што пісаць лісты няма ніякага сэнсу. Гэтыя паперкі ў капэртах з цёплымі словамі нават, калі мы ведаем, што не дойдуць да адрасата, пісаць трэба. Гэта мусяць бачыць тыя людзі ў форме, якія хаваюць свае твары пад маскамі. Няхай бачаць і ведаюць, што ніхто не забыты, пра кожнага памятаюць і здзекі не даруюць. Гэтыя лісты патрэбныя і нам самім. Бо хоць такім чынам мы можам выказаць сваю павагу і салідарнасць, калі пакуль нічога большага для вызвалення народу зрабіць не можам.

Андрэй Ашурак, брат загінулага палітвязня Вітольда Ашурка, выступае з прамовай падчас акцыі беларусаў у Варшаве, прысвечанай дню палітвязня і гадавіны гібелі Вітольда Ашурка. Варшава, Польшча. 22 траўня 2022 года.
Фота: ВО / Белсат

Безліч людзей сядзяць за лайкі, эмодзі ў сацсетках, за падпіску на telegram-канал, за інфармацыю ў бот… Трэба падтрымаць яшчэ й іх сваякоў матэрыяльна, бо ім трэба аплаціць паслугі адваката і перадачу сабраць. А ўжо не сакрэт, што шмат хто з іх пазбавіўся працы толькі за тое, што нехта з родных трапіў у палон. І з’ехаць у пошуках працы не могуць, бо трэба ж падтрымліваць таго, хто за кратамі. І заставацца гэта выжываць у літаральным сэнсе гэтага слова.

Можна сабе ўявіць што адчуваюць сваякі і сябры, калі ведаюць, што трымаюць людзей у штрафных ізалятарах месяцамі. А, калі больш за 100 дзён наагул аніякіх звестак? Дык гэта мы самі якія на волі. А што ж казаць пра тых, якія знаходзяцца ў тых умовах за кратамі? Ні адваката не пускаюць, ні спаткання, ніякай інфармацыі… Застаюцца лісты, але і тут вядомы вынік. Замкнёнае кола.

Ёсць такое паняцце – інкамунікад. Гэта, калі чалавека пазбаўляюць сувязі са знешнім светам. Гэта лічыцца адным з відаў цяжкіх катаванняў. У такіх умовах цяпер знаходзяцца Ігар Лосік, Максім Знак, Марыя Калеснікава, Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі, Аляксандр Францкевіч ды дзясяткі і дзясяткі чалавек… Пра іх цяперашні стан нічога не вядома.

Што мы самі можам зрабіць? Зразумела, што ідзе вайна і ўвага ўсяго свету сканцэнтраваная на ёй. У нас, канешне, гарады не ў руінах і будынкі стаяць цэлыя, але краіна пераўтварылася ў агульную зону нейкага жудаснага рэжыму. З чым можна параўнаць тое, што адбываецца цяпер у нашай краіне? Нават украінскія ваеннапалонныя маюць магчымасць ліставацца са сваякамі, а ў нашых суайчыннікаў такой магчымасці няма. Як можна расцаніць, што людзей скалечылі і кінулі за краты толькі за тое, што знялі на фота перамяшчэнне расейскай тэхнікі ва Украіну? Ці журналісты за кратамі таму што яны беларускія незалежныя журналісты? Дык пра які тады «беларускі рэжым» можна ўвогуле казаць? Як нам дакрычацца да ўсяго сусвету, што нам патрэбна дапамога? Што трэба зрабіць, каб увесь свет ведаў, што ў Еўропе ў адной краіне нармальныя годныя людзі знаходзяцца ў турмах і штодня яны рызыкуюць памерці без медычнай дапамогі, без нармальнага паветра, без нармальнай ежы, без сонечнага святла, без падтрымкі звонку.

Акцыя падтрымкі беларускіх жанчын-палітвязняў у Варшаве. У Беларусі на сёння іх больш за 190, а за перыяд з 2020 да 2023 года паводле палітычных справаў былі асуджаныя 560 жанчын – гэта і тыя, што паспелі з’ехаць, і тыя, што ўжо выйшлі на волю. Варшава, Польшча. 12 сакавіка 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Як вызваліць усіх палітвязняў? Як патлумачыць, што, калі не бамбяць, то гэта не значыць, што можна яшчэ пачакаць? Беларусы, якіх раскідала па ўсяму свету, выйдуць паказаць урадам краінаў, проста мінакам на вуліцах, што ёсць такая Беларусь з прыстойным народам, які трапіў у бяду. І вельмі хочацца верыць, што нас пачуюць і зразумеюць. І, што не будуць казаць у вочы, што з нашай тэрыторыі ляцяць ракеты і самалёты бамбіць Украіну. Яны ляцяць, як і з акупаваных тэрыторый Украіны. Нашы мужныя беларусы ваююць і гінуць за незалежнасць Украіны, бо спадзяюцца, што ў выпадку перамогі з’явіцца шанец вызваліць сваю Бацькаўшчыну.

Папросту не чакаюць, а самі набліжаюць перамогу і ўсё часцей цаной свайго жыцця. Лепшыя мужчыны нашай краіны…

Маглі выехаць за мяжу і жыць сабе ў бяспецы, але абралі такі шлях. Мне адна ўкраінка сказала: «Чаму вашых так шмат ваюе ў нас? У мяне такое ўражанне апошнім часам, што ў Варшаве мужчын-украінцаў больш, чым мужчын-беларусаў». А я чамусьці прыгадала, як напрыканцы жніўня 20-га прыехала ў Жодзіна да СІЗА. Ноч. Натоўп. Ужо вядома, што ў камерах набіта народу, як селядца ў бочках. А аўтазакі едуць і едуць. Людзей ставяць на расцяжку ўздоўж сцяны ў калідоры. Сесці нельга нават на тую цэментную падлогу. Толькі стаяць, тварам да сцяны. Зацякаюць ногі. Некаторыя моцна збітыя ў парванай вопратцы, без абутку. Размаўляць нельга. Папрасіць вады нельга. Адразу новае збіццё. А на вуліцы стаіць натоўп.

Спытала ў адной пары хто ў іх там і пачула ў адказ, што знаёмых там нікога няма. Высветлілася, што людзі прыехалі сюды з Менску. Праз рыэлтарскія канторы за свае грошы знялі жытло, каб чалавек, які выйдзе за турэмную браму, мог бы прыняць душ, паесці і легчы спаць у ложак з чыстай бялізнай. А потым яго адвязуць туды, куды ён скажа. Незнаёмыя людзі… Такія мы беларусы. Не можа быць, каб мы не выстаялі. І тое, што ў нас з’явіўся гэты Дзень салідарнасці, сведчыць пра тое, што мы можам падтрымліваць адзін аднаго. Салідарнасць гэта наша сіла і ў нас яе адняць не змогуць. Няхай спаляць тонны нашых лістоў. Мы напішам новыя, бо мы салідарныя.

Любоў Лунёва belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў