«New York Times» апублікавала новае расследаванне аб ваенных злачынствах у Бучы


Газэта The New York Times апублікавала падрабязнае расследаванне аб забойствах расейскімі вайскоўцамі жыхароў гораду Буча. Журналісты выдання здабылі запісы мясцовых відэакамер і падзяліліся расказамі непасрэдных сведак падзей.

Відэа: The New York Times

Аўтары публікацыі пішуць, што ім удалося даказаць расстрэл васьмі мужчын, большасць з якіх служылі ў мясцовай тэрытарыяльнай абароне, але былі захопленыя войскам РФ без зброі і забітыя. Газета здабыла кадры з камеры знешняга назірання, на якіх бачна, як расейскія вайскоўцы 4 сакавіка вядуць дзевяць чалавек ланцужком. Пасля гэтага відэа абрываецца.

Пра расстрэл мясцовых жыхароў «New York Times» распавялі восем сведкаў, у тым ліку адзін з мужчын, якіх павялі і расстралялі расейцы. Нейкім цудам яму ўдалося выжыць, паколькі куля не закранула яго жыццёва важныя органы, ён прыкінуўся мёртвым і ўцёк пасля таго, як вайскоўцы сышлі.

«Расейскія жаўнеры, якія рабілі ператрусы, знайшлі мужчын і прымусілі ўсіх дзевяцёх, у тым ліку гаспадара дома, выйсці на вуліцу. Жаўнеры шукалі на мужчынах татуіроўкі, якія маглі б сведчыць аб іх прыналежнасці да войска і прымусілі некаторых зняць зімовыя курткі і абутак. Потым іх даставілі на расейскую базу па вуліцы Яблунскай, 144», – паведамляе выданне.

Відэа: The New York Times

Выданне таксама апублікавала відэа з дрона, знятае праз дзень, 5 сакавіка. Яно з’яўляецца доказам, які пацвярджае сведчанні відавочцаў. На ім бачныя трупы, якія ляжаць на зямлі каля адміністрацыйнага будынку па вуліцы Яблунскай, 144, а побач стаяць два расейскія жаўнеры.

Відэа: The New York Times

Войскі РФ займалі некаторыя раёны Кіеўскай вобласці на працягу месяца – з канца лютага па канец сакавіка. Паводле папярэдніх дадзеных украінскіх праваахоўных органаў, за гэты час у раёне былі забітыя больш за 1200 мірных жыхароў.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў