«Маем ужо ключы ў кішэні». Дзе размесціцца Музей Вольнай Беларусі і калі адкрыццё


Пачатак стварэння Музею Вольнай Беларусі ў Варшаве абвясцілі яшчэ ў чэрвені 2021 году. Нядаўна стала вядома, што для музею ў цэнтры польскай сталіцы знайшлося памяшканне – ужо падпісаная дамова аб арэндзе. Што гэта за памяшканне і калі чакаць запрашэння на адкрыццё экспазіцыі, «Белсату» распавяла адказная за культуру і нацыянальную спадчыну ў Народным антыкрызісным упраўленні (НАУ) Наталля Задзяркоўская.

Унутраны дворык камяніцы, у якой размесціцца Музей Вольнай Беларусі. Фота Белсат.

«Цягам году ўсё працягвалася. І былі моманты, калі здавалася, што нічога ўжо не атрымаецца. Але вось: працэс пайшоў! І кожная падтрымка словам ці справай, шчыра вам кажу, вельмі нас матывуе», – прызнаецца Наталля Задзяркоўская.

На месцы «Прапаганды»

Яна расказала, што памяшканне для будучага Музею Вольнай Беларусі знялі ў цэнтры Варшавы – на вуліцы Фоксаль (Foksal, 11) у гістарычным і вельмі прыгожым будынку. Плошча памяшкання складае больш за 367 квадратных метраў. Маецца вялікая зала з калонамі і некалькі меншых памяшканняў. Плюс – два ўнутраныя дворыкі, якія з дазволу ўласніка можна будзе выкарыстоўваць для правядзення культурніцкіх імпрэзаў.

Па словах, Наталлі Задзяркоўскай, памяшканне цэлы год пуставала. Але да гэтага там знаходзілася ўстанова пад назвай «Propaganda».

«Калі мы там былі заўчора з камандай, нас гэта так добра павесяліла. Бо заязджае зараз «Антыпрапаганда», мы так пажартавалі», – кажа Задзяркоўская.

Шыльдачка на доме, дзе размесціцца Музей Вольнай Беларусі.
Фота: Белсат.

«Белсат» высветліў, што дом на Фоксаль, 11, у які «заедзе» Музей Вольнай Беларусі, называецца «Мастацкай камяніцай» («Kamienica Artystyczna»). Музей будзе суседзіць, прыкладам, з Цэнтрам думкі Яна-Паўла II, таварыствам польскіх графікаў, інстытутам мастацтвазнаўства. А згаданая вышэй «Propaganda» займалася не палітыкай, а прамоцыяй і прапагандай сучаснага мастацтва.

Пляцоўка адкрыецца ўжо летам

«Дамоўленасць была дасягнутая яшчэ год таму дзякуючы намаганням Паўла Латушкі, які кантактаваў з мэрыяй. У выніку мы вельмі ўдзячныя мясцовым уладам, бо атрымалі ўсе магчымыя льготы. Калі пра цану, то выйшла 10 злотых за квадратны метр. Для памяшкання ў цэнтры Варшавы – гэта вельмі добрая цана. І мы лічым, што яе пацягнем», – расказала спадарыня Наталля.

Адказная за культуру і нацыянальную спадчыну ў Народным антыкрызісным упраўленні (НАУ) Наталля Задзяркоўская.
Фота: belarus-nau.org

Стваральнікі музею пакуль не плануюць звяртацца па фінансавую дапамогу да грамадства, але не выключаюць такой магчымасці. Не адмовіліся б таксама ад дапамогі ў правядзенні касметычнага рамонту ў памяшканні.

Наталля Задзяркоўская кажа, што стварэнне сапраўднага музею – доўгатэрміновы працэс, таму казаць пра адкрыццё ўласна музею пакуль рана. Але культурніцкую пляцоўку на базе будучага музею мяркуюць афіцыйна адкрыць ужо гэтым летам.

«Наконт яе адкрыцця ёсць два варыянты. Або імпрэзу прымяркуем да Міжнароднага тыдня беларускай культуры, які пройдзе з 4 да 10 ліпеня. Або – да 9 жніўня. Гэта будзе вельмі сімвалічна», – паведаміла Наталля Задзяркоўская.

«Трэба абмяркоўваць і вызначыцца з храналогія»

У прасторы будучага музею мяркуецца ладзіць выставы, канцэрты і кінапаказы.

«Наагул, маем ужо ў кішэні ключы, таму плануем запрасіць той жа самы «Інбелкульт 2.0», іншых культурных дзеячаў на сустрэчу, каб самі паглядзелі і падзяліліся творчымі ідэямі», – кажа Задзяркоўская.

Па яе словах, ужо маецца і канцэпцыя будучага музею, але патрабуе абмеркавання і дапрацоўвання. Якім быць Музею Вольнай Беларусі – гэта мусіць быць супольнае рашэнне, кажа. Таму, магчыма, пазней будзе абвешчанае адкрытае абмеркаванне.

«Ужо збіраюцца прадметы, асноўная тэма вызначаная: пратэсты 2020 году і да сёння. Але маем прапановы людзей далучыць да будучай экспазіцыі і дакументы, якія тычыцца і перадгісторыі Беларусі-2020, бо барацьба ішла не адно дзесяцігоддзе. Так што і гэта трэба абмяркоўваць і вызначыцца з храналогія», – удакладняе суразмоўца «Белсату».

Гумовая куля і ліст ад Ашурка

Шырокі і актыўны збор экспанатаў пакуль не абвяшчалі, бо не было дзе іх захоўваць. Але ўсё наперадзе. Сярод прадметаў, якія чакаюць сваё месца ў музеі, ужо ёсць справаздача, якую рабіла па выбарах платформа «Голас» з жывымі подпісамі, бюлетэні, пасведчанні назіральнікаў («невялічкая калекцыя, звязаная з перадвыбарнай кампаніяй»).

Маюцца таксама колькі прадметаў з падзеяў 9-12 жніўня 2020 году: гумовая куля, якую дасталі з нагі чалавека, нататкі з Акрэсціна, лісты палітвязняў, малюнкі. Знойдуць сваё месца ў экспазіцыі і мастацкія творы – прыкладам малюнак Вольгі Якубоўскай, набыты на аўкцыёне беларусам і перададзены ў музей, славутыя вышыванкі Руфіны Базловай.

Артыкулы
Бабруец, які ўсталяваў помнік Алесю Адамовічу, з’ехаў у Польшчу і дапамагае стварыць Музей вольнай Беларусі
2021.07.10 15:44

«Ёсць таксама адзенне з плямамі крыві пасля затрымання. То бок пэўная калекцыя ў нас ужо намалёўваецца. І будзем працягваць збіраць», – кажа Наталля Задзяркоўская.

На пытанне, які прадмет ці твор мог бы заняць цэнтральнае месца экспазіцыі, прадстаўніца НАУ прызнаецца, што сказаць цяжка, але, магчыма, гэта можа быць бел-чырвона-белы сцяг – як адзін з галоўных сімвалаў пратэсту ў Беларусі. Напрыклад, БЧБ-сцяг з прозвішчамі палітвязняў, які стварыла журналістка Марыя Грыц.

Бела-чырвона-белы сцяг з прозвішчамі беларускіх палітвязняў, які зрабіла журналістка «Белсату» Марыя Грыц.
Фота: асабісты архіў Марыі Грыц

«Але цяжка пакуль сказаць, што будзе ў цэнтры і што самае каштоўнае. Мяне вельмі ўразіла гумовая куля. Калі першы раз пабачыла, была здзіўленая, якога яна памеру. Вельмі таксама каштоўныя невялічкія нататкі і лісты, якія пішуць на волю палітвязні. У нас ёсць ліст і ад Вітольда Ашурка. Ліставанне – вельмі характэрная вельмі з’ява для нашага беларускага пратэсту», – мяркуе Задзяркоўская.

Дзённік вязня, які адседзеў 15 содняў у жніўні-2020 – будучы экспанат Музею вольнай Беларусі.
Фота: асабісты архіў Андруся Архіпенкі

Ці будзе там Оруэл?..

На пытанне, ці знойдзе ў экспазіцыі пачэснае месца асобнік раману Оруэла «1984», пасміхаецца.

«Гэта, канечне, не артэфакт. Але… з улікам апошніх навінаў можа стаць асобным экспанатам. І тады экскурсавод раскажа гісторыю пра Оруэла і Беларусь. Ці будуць верыць еўрапейцы, што такое можа быць?.». – пытаецца нашая суразмоўца.

Наталля Задзяркоўская мяркуе, што тады, калі настануць «лепшыя часы», Музей Вольнай Беларусі вернецца на радзіму – у Менску з’явіцца велізарная экспазіцыя. Раней паведамлялася, што НАУ накіроўвала запыт аб падтрыманні свайго праекту ў Міжнародны камітэт мемарыяльных музеяў памяці ахвяраў публічных злачынстваў Міжнароднай рады музеяў (International Council of Museums (ICOM). Стварэнне Музею Вольнай Беларусі падтрымалі Беларуская Рада культуры, Беларускі фонд спартовай салідарнасці, іншыя арганізацыі.

Рэпартаж
«Будзем спяваць да перамогі!» У Варшаве адкрылі «ІнБелКульт 2.0»
2022.05.16 23:12

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў