Знайшлася ўдава заснавальніка TUT.by Юлія Чарняўская

За некалькі гадзінаў да гэтага родныя аднеслі заяву аб знікненні чалавека ў КДБ.

З 18 траўня не было інфармацыі пра месцазнаходжанне ўдавы заснавальніка TUT.by Юрыя Зісера Юліі Чарняўскай. Днём 20 траўня яе дачка паведаміла, што адвакат Вольга Савіч «атрымала званок ад супрацоўнікаў ДФР, што цяпер над мамай (Юліяй Чарняўскай. – Belsat.eu) будуць адбывацца следчыя дзеянні. Верагодна, допыт». Каля 16:00 адвакат зайшла ў ДФР на сустрэчу.

Нагадаем, Юлія Чарняўская знікла раніцай 18 траўня, калі ў офісах TUT.BY і Hoster.by праходзілі ператрусы, а супрацоўнікаў затрымлівалі. Гэтыя кампаніі заснаваў Юрый Зісер. Апошні раз Юлію бачылі ў першай палове дня 18 траўня ў 1 ГКБ г. Менску, дзе яна знаходзілася ў суправаджэнні канваіраў. Пасля праведзенага абследавання Юлію павезлі ў невядомым кірунку.

Як паведамілі крыніцы «Белсату», «у яе быў зрыў рытму і высокі ціск. Яе павінны былі везці на машыне для дачы паказанняў. Машына, якая яе чакала, не належала КДБ».

Сёння раніцай маці Юліі Аляксандра Чарняўская падала заяву ў Камітэт дзяржбяспекі з просьбай паведаміць, ці затрыманая дачка і ініцыяваць вышук, калі яна не затрыманая. Праз некалькі гадзін пасля падачы заявы адваката запрасілі на следчыя дзеянні.

Удава Юрыя Зісера Юлія Чарняўская. Фота: Юлія Чарняўская / Facebook

Учора, 19 траўня, адвакат Юліі спрабавала знайсці яе і прыязджала ў СІЗА КДБ. Але, паводле Яўгеніі Чарняўскай, даваць якую-небудзь інфармацыю там адмовіліся і параілі звяртацца пісьмова. Акрамя таго, 19 траўня каля 21:00 у кватэры, дзе жыве Юлія, гарэла святло. Але дзверы ніхто не адчыняў, супрацоўнікаў праваахоўных органаў суседзі не бачылі. Паводле дачкі Яўгеніі Чарняўскай, якая знаходзіцца не ў Беларусі, хутчэй за ўсё ў кватэры правялі ператрус.

На якой падставе затрыманая Чарняўская не зразумела. Як нам пракаментавалі ў ТАА «ТУТ БАЙ медыя», юрыдычна ніякага дачынення да TUT.BY яна не мае. «Юлія – удава Юрыя Зісера, спадчынніца яго долі ў кампаніі Hoster.by. Акрамя таго, яна маці яшчэ адной спадчынніцы Юрыя Зісера, яго дачкі Яўгеніі, якая валодае мажарытарнай доляй у ТАА «ТУТ БАЙ медыя».

Журналісты за кратамі. Колькі прадстаўнікоў медыяў цяпер у няволі?

Дачка Чарняўскай Яўгенія на сваёй старонцы ў Facebook пракаментавала сітуацыю так:

«Мне відавочна, што маму выкарыстоўваюць сілавыя органы, каб ціснуць на TUT.BY. Больш за тое, апошнія месяцы быў ціск на акцыянераў парталу і нашу сям’ю з мэтай атрымання кантролю над дзейнасцю TUT.BY: дзіўныя паведамленні з розных каналаў сувязі мне і маім калегам. Мама – закладнік сітуацыі».

Яўгенія Чарняўская распавядае, што пасля знікнення Юліі, беларусы праявілі велізарную салідарнасць і не толькі пісалі паведамленні з падтрымкай, але і спрабавалі знайсці Юлію Чарняўскую: абзвоньвалі больніцы, дзяжурылі ў яе каля дому.

Аб знікненні Юліі Чарняўскай паведамілі СМІ не толькі з Беларусі, але і Расеі, Польшчы, Швецыі, ЗША. Юлія Чарняўская – філолаг і культуролаг. 24 года яна выкладала ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Але ў канцы 2020 года звольнілася па ўласным жаданні.

Вечарам 20 траўня стала вядома, што Юлію дапытваюць у ДФР. Праз некалькі гадзінаў з’явілася інфармацыя, што яе адпусцілі і яна знаходзіцца пад хатнім арыштам.

АД Belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны