«Пра інтэлігенцыю, якая ратуе свае душы пры дыктатуры». Сёння ў Кіеве адбудзецца прэм’ера спектаклю «Былы сын»


Каманда Сучаснага мастацкага тэатру атрымала ў існасці забарону на прафесію. Пасля таго як яе выціснулі з усіх магчымых пляцовак і перасталі выдаваць гастрольныя пасведчанні, стала ясна, што ў Менску паказаць спектакль «Былы сын» не ўдасца. Праца над пастаноўкаю паводле кнігі Сашы Філіпенкі ўжо вялася, яе прэм’еру запланавалі на сакавік. У выніку ж, каб яна ажыццявілася, давялося змяніць краіну.

Уладзімір Ушакоў.
Фота: dobpo / Facebook

Рэжысёр і кіраўнік СМТ Уладзімір Ушакоў паехаў у Кіеў і зрабіў спектакль з цалкам новаю камандаю. Прэм’ера адбудзецца сёння, 20 траўня, у Нацыянальным цэнтры імя Даўжэнкі, а заўтра таксама на YouTube-канале СМТ. Пра акалічнасці пастаноўкі беларускага спектаклю за мяжою «Белсат» размаўляў з спадаром Уладзімірам.

– Калі вы запланавалі прэм’еру «Былога сына» ў Менску, гэта выглядала саманадзейна. Чаму вы меркавалі, што зможаце яе зладзіць?

– Яшчэ ў снежні мы паказвалі спектаклі, а на студзень мелі гастрольныя пасведчанні, таму спадзяваліся, што рэдка, але метка зможам працаваць. У студзені за паўгадзіны да пачатку МНС адмяніла наш спектакль #Гэтадэмакрэйшэн. Мы працягвалі, як у кастрычніку і лістападзе, займацца бюракратыяй і пісаць лісты, але ў сакавіку зразумелі, што надзеі на тое, што мы паставім «Былога сына» ў Менску, ужо няма. Я люблю заканчваць справу, якую пачаў, таму вырашыў давесці спектакль да гледача пры любых абставінах.

– Чаму для гэтага вы абралі Кіеў?

– З Кіевам у нас яшчэ з мінулага года былі дамовы на гастролі, і я некалькі разоў туды прыязджаў. Ідэя зрабіць спектакль менавіта там нарадзілася сама сабою.

– У «Фэйсбуку» ў вас быў даволі меланхалічны допіс, пасля якога мне падалося, што гэтую пастаноўку вы несяце ледзь не як крыж.

– Ёсць такое, я не хаваю. Недзе ў канцы сакавіка нам нават у рэпетыцыях адмовілі ўсе менскія пляцоўкі, таму больш за два тыдні я рэпетаваў у сябе ў кватэры і ўсё рабіў у даволі абмежаваных умовах.

Гэты спектакль для мяне – болевая кропка, адказ на пытанні пра тое, што адбываецца ў нашай краіне, таму мне важна яго дарабіць. У Кіеве мы маем паўнавартасную тэатральную пляцоўку. Калі пасля локдаўну яна стала адпрацоўваць свае спектаклі, сцэну даў іншы тэатр. Падтрымка натхняе, але падымаць усё гэта ў іншым горадзе цяжка: калі ў Сучасным мастацкім тэатры ў мяне сфармаваная каманда, як акторская, так і рабоча-пастановачная, то ў Кіеве гэтага няма. Фізічна я, вядома, вельмі стаміўся, я ніколі так доўга не выпускаў спектаклю, тым больш я набраў артыстаў, з якімі ніколі не працаваў, і, каб зрабіць іх камандаю, патрэбны час. Але за гэты перыяд я знайшоў шмат сяброў, зазнаў салідарнасць тэатраў, да таго ж для творчых людзей у Кіеве добрая атмасфера.

– Значыць, у Кіеве вы цалкам абнавілі трупу?

– Я не мог прымушаць кагосьці паехаць са мною, нават прапаноўваць такое не мог: уся рызыка ляжыць на мне, таму я паехаў адзін, да таго ж у нас абмежаваныя сродкі.

– А на якія сродкі вы ставіце «Былога сына»?

– На асабістыя.

– Ці задзеяныя ў вас беларускія акторы, якія жывуць у Кіеве?

– Так. Праўда, іх аказалася недастаткова, таму запрасілі некалькі ўкраінскіх артыстаў. Ролю Францыска выконвае былы купалавец, які цяпер шмат здымаецца ў Кіеве, Аляксей Яравенка. Задзеяныя блогер Таня Мартынава, вядомы нам актор і радыёвядоўца Яўген Казакевіч, былая артыстка Расейскага тэатру Наста Шпакоўская, актор і рэжысёр Свабоднага тэатру Павел Гарадніцкі. Спектакль якраз пра гэта, пра былых сыноў і дачок, тых, хто быў вымушаны з’ехаць з краіны, але ёсць надзея, што вернецца.

– А вы вернецеся ў Беларусь?

– Я спадзяюся, гэта адбудзецца, усё залежыць ад магчымасці працаваць у Беларусі. Калі яна будзе – натуральна, я ў кароткі тэрмін вярнуся, а калі не, у мяне ўжо ёсць прапановы ў Кіеве.

– У бліжэйшай будучыні вы бачыце перспектывы для Сучаснага мастацкага тэатру ў Беларусі?

– Яны такія ж, як і ў нашай краіны. Калі будзе вырашаная праблема ў грамадстве, у той жа момант яна будзе вырашаная і для тэатру. Нельга на нешта спадзявацца ў дачыненні аднаго калектыву, пакуль краіна займаецца рэгрэсам і спыненнем усяго, што звязана з пераменамі.

– Чаму спектакль «Былы сын» варта паглядзець кожнаму беларусу?

– Бо гэта адказ на галоўныя пытанні: пра нашу ментальнасць і ідэнтычнасць, чаму ўсё гэта адбывалася да 9 жніўня, чаму ўсё гэта адбылося пасля 9 жніўня, чаму мы дапусцілі ўладу гвалту, якая сёння пануе ў краіне і дазваляе сабе такія паводзіны. Гэта гісторыя пра інтэлігенцыю, якая ратуе свае душы пры дыктатуры. У цэлым спектакль мае пазітыўны момант, ён пастаўлены з надзеяй на будучыню і людзей, якія перажываюць за краіну.

ІК, belsat.eu

Стужка навінаў