У ЗША арыштавалі беларуса. Яго падазраюць у дапамозе расейскаму алігарху абыходзіць санкцыі


Міністэрства юстыцыі ЗША паведамляе, што быў затрыманы 46-гадовы грамадзянін Беларусі Сяргей Карпушкін, які пражываў у Маямі. Ён нібыта дапамагаў расейскаму алігарху Сяргею Курчанку абыходзіць антырасейскія санкцыі.

Міністэрства юстыцыі ЗША.
Фота: mriya.news

Сяргей Карпушкін разам з 41-гадовым жыхаром штату Флорыда, грамадзянінам ЗША, Джонам Унсаланам на працягу трох гадоў спрыяў набыццю кампаніямі Сяргея Курчанкі матэрыялаў для вытворчасці сталі на суму больш за $150 мільёнаў у абыход накладзеных ЗША санкцыяў.

Калі віна затрыманага беларуса будзе даказаная, яму можа пагражаць да 20 гадоў зняволення.

Сяргей Курчанка быў украінскім алігархам падчас прэзідэнцтва Віктара Януковіча. У 2014 годзе ўвайшоў у сотню самых багатых украінцаў. Потым пэўны час жыў у Беларусі, цяпер знаходзіцца ў Маскве.

У 2015 годзе Курчанка трапіў пад санкцыі Упраўлення па кантролі за замежнымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША (OFAC) за ўдзел у незаконным прысваенні ўкраінскіх дзяржаўных актываў ці эканамічна значных арганізацыяў. У 2018 годзе дзве кампаніі, якія належаць Курчанку, былі ўключаныя ў санкцыйны спіс праз аказанне матэрыяльнай падтрымкі самаабвешчаным ДНР і ЛНР.

З 21 красавіка 2022 года Курчанка знаходзіцца пад персанальнымі санкцыямі Еўразвязу «за ролю ў падрыве тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў