Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком «ДНР». Маскоўскі прымус ці прагматычны выбар?


Аляксандра Лукашэнку апусцілі да ўзроўню Дзяніса Пушыліна, кіраўніка гэтак званай Данецкай Народнай Рэспублікі. Паказалі ягонае месца, так бы мовіць. Лукашысцкая прапаганда справаздалася наконт сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з абвешчаным у вышук ва Украіне Дзянісам Пушыліным. Гэта было ўсё адно, што адрапартаваць аб публічным прыніжэнні Лукашэнкі, які лічыць сябе абраным прэзідэнтам незалежнай дзяржавы. Чаму Лукашэнка сустрэўся з адыёзнай расейскай марыянеткай, хаця раней гэтага пазбягаў – у сюжэце з праграмы «ПраСвет».

Аляксандр Лукашэнка ў Менску сустрэўся з Дзянісам Пушыліным – самаабвешчаны прэзідэнт з кіраўніком самаабвешчанай Данецкай Народнай Рэспублікі. Абодва – нелегітымныя прадстаўнікі ўлады і абодва – марыянеткі Пуціна. Толькі першы лічыць сябе прэзідэнтам незалежнай дзяржавы, у якой, сярод іншага, ёсць і амбасада Украіны. Пушылін жа застаецца адыёзным палітычным «зэро».

«Сустрэча з Пушыліным – чарговы цвік у легенду аб тым, што Лукашэнка ў нейкай стратэгічнай ступені самастойны», – мяркуе палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Стаўленік Крамля ў так званай ДНР Дзяніс Пушылін быў адным з тых, хто перад пачаткам поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны напаказ папрасіў Пуціна прызнаць незалежнасць штучных утварэнняў. СБУ абвясціла яго ў вышук. Супраць яго ўвялі ўкраінскія і міжнародныя санкцыі. На сустрэчу ў Менску Міністэрства замежных справаў Украіны адрэагавала ў той жа дзень і выпусціла заяву, дзе назвала гэтае спатканне чарговым несяброўскім учынкам.

Амбасадар Украіны ў Менску Ігар Кізім быў адкліканы для кансультацыяў.

На думку палітолага Валянціна Гладкіх, Украіна не магла не адрэагаваць на гэтую сустрэчу, бо суб’ект міжнароднага права (а Беларусь застаецца суб’ектам міжнароднага права) фактычна сустракаецца з прадстаўніком сепаратысцкага рэгіёну і дзяржаўным злачынцам.

На сустрэчы ў Менску суагрэсар у вайне Аляксандр Лукашэнка выказаў Пушыліну свой нібыта клопат пра мясцовых людзей, якія жывуць ва ўмовах ваенных дзеянняў і абстрэлаў.

«І што ў гэтай сітуацыі, што Беларусь можа зрабіць для Данецку, чым мы можам дапамагчы? Працы наперадзе вельмі шмат. Трэба адбудоўвацца. Трэба прамысловыя прадпрыемствы аднаўляць, сельскую гаспадарку», – заявіў Лукашэнка.

Яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны медыі паведамлялі, што Беларусь хоць і не прызнае прарасейскіх сепаратысцкіх рэспублік, тым не менш, масава адпраўляе туды свае тавары. Паводле некаторых ацэнак, у 2017 годзе доля беларускай прадукцыі на спажывецкім рынку так званай ДНР складала 25 %. Падчас сустрэчы ў Менску Пушылін абмяркоўваў у тым ліку і пастаўкі на Данбас беларускіх МАЗаў. Але галоўнае – «дамаўляўся на перспектыву».

Каментуе палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман:

«Я магу сабе цалкам уявіць, што эканамічныя пытанні – галоўныя, бо Лукашэнка бачыць для сябе магчымасць там, на гэтых тэрыторыях, зарабіць. Бо Расея будзе туды інвеставаць, калі будзе нешта адбудоўвацца. Для Лукашэнкі гэта можа быць з эканамічнага боку прывабна».

Зрэшты, каб будаваць планы на супрацу з Данбасам, пра які ён гэтак клапоціцца, і дамаўляцца пра гэта з марыянетачным Пушыліным, дыктатар мусіць верыць, што рэгіён у выніку вайны будзе кантралявацца Расеяй.

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў упэўнены, што на самой справе Лукашэнка не так ужо верыць у перамогу Расеі ў вайне.

«Ён баіцца яе паразы і для гэтага ўвесь час падсцілае сабе саломку, калі заяўляе, што ён за мір, за мірныя перамовы. І потым, у выпадку радыкальнай паразы Расеі, ён, канешне, усім пераможцам, ад Захаду да Украіны, будзе заяўляць, што на самой справе ўвесь час быў за мір», – мяркуе адмыслоўца.

Сустрэча з Пушыліным можа мець калі не практычнае, дык сімвалічнае значэнне – і тады яе сцэнарыстам можа быць толькі Крэмль. Гэта мэсідж, накіраваны на адрас самога Лукашэнкі, маўляў, мусіш ведаць сваё месца. А яшчэ мінулым летам, калі Пушылін наведаў Берасце, ён меў магчымасць размаўляць толькі з дробнымі мясцовымі чыноўнікамі.

«Там Лукашэнка накіраваў чыноўнікаў самага ніжняга рангу. І тады ўсе пісалі: вось як Лукашэнка адкруціўся ад загаду Крамля, не стаў сустракацца з Пушыліным – і гэта даказвае яго пэўную самастойнасць», – каментуе Віталь Цыганкоў.

Нягледзячы на абвінавачанне Украіны, нелегітымны прэзідэнт Беларусі, які застаецца ў міжнароднай ізаляцыі, наўрад ці можа легітымізаваць кіраўніка нелегітымнай ДНР. Затое Пушылін можа лёгка знізіць статус дыктатара, які называе сябе абраным прэзідэнтам незалежнай краны – перадусім у вачах Расеі.

На думку палітолага Валянціна Гладкіх, расейцы пачынаюць разглядаць Беларусь, а адпаведна, і прэзідэнта Беларусі, у тым самым статусе, у якім яны разглядаюць Пушыліна.

«Выходзіць, што ў вачах Пуціна што Лукашэнка, што Пушылін, што Беларусь, што часова акупаваная тэрыторыя – рэчы прыблізна аднаго парадку», – кажа Гладкіх.

Калі Крэмль змусіў Лукашэнку да гэтай сустрэчы, незалежнасць дыктатара Беларусі цяпер выяўляецца толькі ў тым, як шмат ён можа прасіць у Расеі наўзамен. Калі ісці за імавернасцю, што сустрэча з Пушыліным была свядомым выбарам Лукашэнкі з меркавання эканамічных інтарэсаў, ён свядома абраў і сваё публічнае прыніжэнне.

Ірэна Кацяловіч для праграмы «ПраСвет»

belsat.eu

Стужка навінаў