Былы палітвязень Валянцін Лабачоў: «Патрэбна больш дапамогі. Некаторыя «палітычныя» пасля вызвалення проста жабруюць»


31-гадовы магілёвец Валянцін Лабачоў 16 лютага выйшаў на волю з Наваполацкай папраўчай калоніі № 1, дзе адседзеў амаль паўтара года за знявагу Лукашэнкі. Пасля вызвалення мужчына з’ехаў з Беларусі. Цяпер ён у Польшчы і шукае працу. У размове з «Белсатам» Валянцін распавёў пра жыццё ў зняволенні, працу за 6 рублёў да крывавых мазалёў, сустрэчы ў калоніі з Віктарам Бабарыкам і пра тое, што ён прасіў перадаць на волю.

Валянцін Лабачоў, былы палітычны вязень, у сваім пакоі ў шэлтары для ўцекачоў з Украіны і Беларусі, які быў створаны фондам «Краіна для жыцця». 31-гадовы магілёвец Валянцін Лабачоў 16 лютага выйшаў на волю з Наваполацкай папраўчай калоніі № 1, дзе адседзеў амаль паўтара года за знявагу Лукашэнкі. Пасля вызвалення мужчына з’ехаў з Беларусі. Цяпер ён у Польшчы і шукае працу. Варшава, Польшча. 19 красавіка 2023 года.
Фота: Настасся Красоўская / Белсат

«Мяне і раней арыштоўвалі, але цяперашняя жорсткасць сілавікоў шакавала»

Валянцін Лабачоў нарадзіўся і жыў у Магілёве. У дэмакратычным руху з 2010 года, таму мясцовыя сілавыя структуры добра яго ведаюць, зазначае мужчына. Улетку 2021 года яго затрымаў ГУБАЗіК за тое, што ў чэрвені 2020 года Валянцін нібыта размясціў у адным з тэлеграм-каналаў карцінку, якая, на думку сілавікоў, зневажала Аляксандра Лукашэнку.

«Мяне і раней арыштоўвалі, але жорсткасць, з якой я сутыкнуўся гэтым разам, мяне шакавала, – згадвае магілёвец. – Мяне не білі, але псіхалагічны ціск быў невыносны».

Валянціна прымусілі запісаць «пакаяльнае відэа».

«Пагражалі, што калі я не пагаджуся, мне арганізуюць «салодкае жыццё» ў ІЧУ, – распавядае мужчына. – Адначасова паабяцалі, што запіс нікуды не пойдзе. Мне паказалі прыклад іншага палітвязня, які казаў на камеру, сказалі зрабіць прыкладна гэтак жа – што я зняважыў Лукашэнку, прызнаю сваю віну і заклікаю ўсіх ніколі так не рабіць. Пасля мяне зачынілі на трое содняў. Калі я выйшаў пад падпіску аб нявыездзе, то ўбачыў гэтае відэа на канале ў Азаронка».

Нягледзячы на запіс «пакаяльнага відэа», умовы ў ізалятары Валянціну ўсё роўна стварылі невыносныя.

«Я бываў раней у ІЧУ, але цяпер гэта было проста пекла, – распавядае мужчына. – Мяне закінулі ў нейкі бамжатнік з клапамі і прусакамі. Я там сядзеў без нічога. На шчасце, давалі туалетную паперу, калі прасіў».

«Самымі цяжкімі былі першыя дні ў турме»

На Валянціна Лабачова завялі крымінальную справу і адпусцілі на волю пад падпіску аб нявыездзе.

«Я разумеў, што мяне пасадзяць. Пытанне было толькі ў тым, на які тэрмін, – распавядае былы палітвязень. – З’язджаць я не хацеў, ды ў мяне і грошай на гэта не было. Мне падавалася, што гэта будзе вельмі цяжка. Цяпер я разумею, што ў калоніі цяжэй».

Пакуль магілёвец чакаў суда, яго папрасілі звольніцца з інтэрнэт-крамы, дзе ён працаваў камплектоўнікам. Іншай працы Валянцін так і не змог знайсці – яму паўсюль адмаўлялі.

11 кастрычніка 2021 года на трэцім паседжанні суддзя суда Ленінскага раёну Магілёва Вікторыя Палякова пакарала Валянціна Лабачова пазбаўленнем волі на тэрмін 1,5 года паводле арт. 368 КК РБ – «Знявага прэзідэнта». Пры гэтым лінгвістычная экспертыза не дала адназначнай ацэнкі надпісу на малюнку, які Валянцін размясціў у інтэрнэце, і не палічыла, што ён непасрэдна абражае гонар і годнасць Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Настасся Красоўская / Белсат

Лабачова затрымалі ў зале суда і адвезлі ў турму № 4 Магілёва.

«Самымі цяжкімі былі першыя дні, пакуль прызвычаіўся. Потым ужо лягчэй, тым больш, што ў турме да мяне асабліва не чапляліся, – распавядае былы палітвязень. – Я вельмі ўдзячны сваёй маці, якая прыходзіла тады да мяне, перадавала перадачы. Ёй удавалася нават двойчы на тыдзень наведаць мяне, пакуль мы чакалі разгляду апеляцыйнай скаргі».

«Новенькіх адразу вярбуюць на супрацу»

Апеляцыйная калегія пакінула прысуд у сіле, але, паколькі дзень перабывання ў СІЗА залічваецца як паўтара, то агульны тэрмін Валянціна склаў адзін год, чатыры месяцы і некалькі дзён.

У ноч з 26 на 27 студзеня 2022 года магілёўца этапавалі ў наваполацкую калонію № 1.

«Гэтую калонію ўвогуле трэба зачыніць, бо яна ў месцы з жахлівай экалогіяй. Побач хімічныя заводы – «Нафтан», «Палімір». Там ніхто не павінен жыць, а вязні жывуць і дыхаюць усім гэтым», – кажа наш суразмоўца.

З Магілёва Валянціна разам з іншымі вязнямі этапавалі, як гэта і прынята, у так званым сталыпінскім вагоне, потым везлі ў аўтазаку непасрэдна ў калонію.

«Мяне этапавалі ў кайданках, знялі іх толькі ў калоніі, – згадвае былы палітвязень. – На КПП правялі агляд, выкінулі харчы, якія не дазволена з сабой мець, далі робу, матрац і завялі на каранцін».

Пакуль Валянцін быў у каранціне, пачаліся моцныя снегапады. Вязняў падымалі а 4-й гадзіне раніцы і адпраўлялі прыбіраць снег. «Даспаць» дзве гадзіны сну, якія перыядычна забіралі, магчымасці не было, зазначае Валянцін. Акрамя таго, давялося прызвычайвацца да камунікацыі з так званымі «актывістамі».

«Там адразу вярбуюць на супрацу новенькіх. І ёсць тыя, якія пагаджаюцца за пэўныя бонусы – іх клічуць «актывістамі». Яны здаюць іншых», – распавядае былы вязень.

Сярэдні заробак за месяц – крыху больш за 6 рублёў

Пасля каранціну і размеркавання ў атрад Валянціна адправілі працаваць – абрываць з ужыванай політэтыленавай плёнкі, якая потым ішла ў перапрацоўванне, этыкеткі. Потым палітвязня перакінулі разбіраць кабелі і выпальваць з іх медзь.

«Гэта чорная праца. Ты ўвесь у салідоле, – распавядае мужчына. – Калі мы выпальвалі медзь, над намі нават лётаў квадракоптар МНС, і потым гэтаму прадпрыемству, дзе мы працавалі, далі штраф».

Заробку за такую працу, лічы, няма. Валянцін перадаў нам свой разліковы лісток, з якога відаць, што за год з сакавіка 2022 года да сярэдзіны лютага 2023 года былы вязень зарабіў 75 рублёў 21 капейку. Сярэдні заробак за месяц – 6 рублёў 27 капеек. У студзені 2023 года заробак склаў 83 капейкі. І гэта «бруднымі», да выліку падаткаў, зазначае мужчына.

Некаторыя аперацыі, якія выконвалі вязні, мелі нормы, зазначае магілёвец, і калі не выканаць гэтай нормы, можна было «заехаць» у ШІЗА.

Фота: Настасся Красоўская / Белсат

«Пастаянна ўзнікаюць канфлікты паміж асуджанымі. Бо калі хтосьці не робіць, адмаўляецца, гэта павінен зрабіць іншы, бо план – на брыгаду. Такая вось калектыўная адказнасць», – распавядае Валянцін.

Праз працу Валянціну давялося звяртацца ў медпункт і нават ісці на бальнічны ў калоніі.

«У снежні 2022 года нашую брыгаду перакінулі працаваць на вуліцу. Стаялі моцныя маразы. Нам не выдалі цёплых рэчаў, нават рукавіцаў не далі. У іншай брыгады былі валёнкі, а мы працавалі ў летніх ботах, – распавядае былы палітвязень. – Зайсці пагрэцца ў цэх не дазвалялі – адразу рапарт. Тады шмат хто «заехаў» у ШІЗА, бо людзі не вытрымлівалі, ішлі ў цэх, і там іх лавілі. У мяне пачаліся праблемы з рукамі – ад холаду трэскалася скура, рукі сінелі, на іх з’яўляліся язвы. А неяк проста кроў пацякла з гэтых трэшчын і язваў, і я не вытрымаў і пайшоў да лекара. Мне далі бальнічны, хоць звычайна яго цяжка атрымаць».

«Некаторыя плацілі ў фонд медчасткі і маглі ляжаць там месяц»

Нармальнай медыцыны ў калоніі няма, кажа былы вязень. Калі тэмпература ніжэйшая за 38, – чалавека нават не глядзяць, адпраўляюць на працу. Калі адмаўляешся хворы працаваць – пішуць рапарт і адпраўляюць у ШІЗА. Вельмі складана лячыць зубы – да стаматолага чарга на некалькі месяцаў.

«Некаторыя плацілі 150–200 рублёў у фонд медчасткі і маглі ляжаць там месяц – у цяпле, з гарачай вадой, там ніхто цябе не чапае, – распавядае Валянцін. – Палітычным гэты лайфхак быў недаступны».

Палітвязні ў Наваполацку, як і ў іншых калоніях, ходзяць з жоўтымі біркамі на робах. Валянцін забраў гэтую бірку з сабой на волю, каб паказаць грамадству.

Усе палітычныя ў калоніі стаяць на так званым прафілактычным уліку. Яны абавязаныя тройчы на дзень адзначацца: а 10-й гадзіне раніцы, а 16-й і а 21-й увечары. Калі вязень не прыйшоў ці нават спазніўся, на яго могуць напісаць рапарт, пазбавіць спаткання, пасылкі ці адправіць у ШІЗА.

«Я адбываў пакаранне разам з рэдактарам радыё «Свабода» Андрэем Кузнечыкам, дык вось ён аднойчы спазніўся на адзнаку, і яго пазбавілі спаткання», – распавядае наш суразмоўца.

Віктару Бабарыку не хапае інфармацыі з волі

У калоніі Валянцін Лабачоў пазнаёміўся з яшчэ адным вядомым палітвязнем – Віктарам Бабарыкам.

Фота: Настасся Красоўская / Белсат

«Я заўсёды вітаўся з ім. Размаўляць шмат магчымасцяў не было, каб не прыцягваць увагі, – кажа мужчына. – Ён бадзёры, крыху схуднеў. Цяпер працуе на вуглях, увесь чорны. З траўня 2022 года яму забаранілі ўсю перапіску, цяпер толькі роднай сястры тэлефануе. Таксама ў траўні мінулага года ўпершыню паехаў у ШІЗА на 10 содняў. Напрыканцы 2022 года пазбавілі ўсіх спатканняў, пасылкі. На яго павесілі прафілактычны ўлік № 3 – схільны да нападу на адміністрацыю і захопу закладнікаў. Увосень яго зноў на 10 содняў адправілі ў ШІЗА».

Паводле Лабачова, Бабарыка трымаецца бадзёра, але да людзей ставіцца насцярожана, бо ў калоніі хапае стукачоў. Ён прасіў Валянціна перадаць на волю, што не валодае поўнай інфармацыяй адносна таго, што адбываецца, бо яму імкнуцца перакрыць усе магчымасці атрымання інфармацыі.

«Там сапраўды вельмі адчуваецца інфармацыйны голад. Па тэлевізары можна глядзець толькі БТ, ОНТ, расейскія тэлеканалы, ад якіх ванітуе. Адзіная крыніца інфармацыі – доўгатэрміновыя спатканні са сваякамі», – кажа Валянцін.

Для палітычных у наваполацкай калоніі праводзілі лекцыі, на якіх, паводле Валянціна, распавядалі пра калабарантаў з бчб-сцягамі падчас Другой сусветнай вайны і іншыя падобныя рэчы.

«Выказваць сваё меркаванне на гэты конт, спрачацца, штосьці даказваць там бессэнсоўна – ты ўсё роўна нікога з іх не пераканаеш, а ўвагу да сябе прыцягнеш і можаш зноў жа паехаць па вядомым маршруце – у ШІЗА», – кажа былы палітвязень.

Тых, хто піша палітвязням, «ставяць на аловак»

Валянцін не сутыкнуўся ў калоніі са збіццём, таксама не бачыў, каб іншых білі. Але калі кідалі ў ШІЗА, маглі ўдарыць па нагах.

«Палітычным» у наваполацкай калоніі забаранялі хадзіць у царкву, спортгарадок.

Фота: Настасся Красоўская / Белсат

Цяжка ў калоніі бывае не толькі палітвязням, зазначае Валянцін, і распавядае пра асуджанага, які страціў зрок у калоніі, але яму так і не далі групу інваліднасці, бо ён не мае беларускага грамадзянства.

На што з турэмнага побыту магілёвец не можа паскардзіцца – дык гэта на харчаванне. Кажа, што былі дні, калі вязням нават дранікі смажылі, пельмені давалі.

«Я размаўляў з вязнямі з іншых калоніяў – там і блізка такога няма. Магчыма, гэта звязана з тым, што ў Наваполацку – узорна-паказальная калонія», – мяркуе мужчына.

На сённяшні дзень у наваполацкай калоніі каля 100 асуджаных паводле палітычных артыкулаў, зазначае Валянцін, і далёка не ўсе яны маюць статус палітвязняў, пра некаторых праваабаронцам увогуле нічога не вядома. Пісаць лісты палітвязням цяпер амаль не мае сэнсу, лічыць Валянцін, бо іх не перадаюць. Ліставацца ўладальнікі жоўтых бірак могуць толькі з блізкімі сваякамі.

«Я хачу, каб мяне пачулі беларусы: цяпер пісаць палітвязням небяспечна перш за ўсё аўтарам лістоў – іх ставяць «на аловак». Калі хочацца штосьці перадаць вязню, лепш рабіць гэта праз сваякоў – яны на спатканні могуць сказаць. Інакш вы рызыкуеце сваёй бяспекай», – папярэджвае былы палітвязень.

Акрамя BYSOL, больш ніхто не дапамагае былым палітвязням фінансава

На волю Валянцін Лабачоў выйшаў 16 лютага 2023 года. Вызваляўся з ШІЗА, дзе агулам за ўвесь тэрмін правёў два месяцы. Мужчына зазначае, што шмат каго з «палітычных» у Наваполацкай калоніі на развітанне кідаюць у штрафны ізалятар ці памяшканне камернага тыпу.

Праз паўтара месяца пасля вызвалення Валянцін з’ехаў з Беларусі ў Польшчу. Кажа – было невыносна адчуваць сябе на ланцугу.

Фота: Настасся Красоўская / Белсат

«Ты нібы на волі, але ўвесь час сядзіш і чакаеш, што да цябе прыйдуць, правераць тэлефон. Спачатку мне сказалі раз на месяц хадзіць адзначацца і на лекцыю ў інспекцыю, потым яшчэ раз на месяц да ўчастковага. Пасля інцыдэнту ў Мачулішчах увогуле сказалі штотыдзень прыходзіць на адзнаку. Ніякага жыцця няма, – распавядае Валянцін. – А яшчэ дзве камісіі – наглядная і працаўладкавання. На адной з іх я сказаў, што не працую, бо збіраюся з’язджаць. Старшыня камісіі на гэта адказаў: у цябе месяц, каб з’ехаць ці пайсці на працу, інакш мы цябе зноў пасадзім».

Валянцін зазначае, што калі б ён вырашыў застацца ў Беларусі, працы не знайшоў бы  – палітвязняў проста ніхто не бярэ, бо не хоча праблемаў.

«У мяне знаёмы – таксама былы палітвязень, вызваліўся з калоніі – ужо паўгода сядзіць удома і не ведае, што рабіць. На працу яго не бяруць. З’ехаць у яго няма грошай», – кажа магілёвец і распавядае, што калі сам выйшаў, звярнуўся ў BYSOL і цяпер, пасля пераезду ў Польшчу, атрымаў ад фонду дапамогу памерам € 300.

«Я вельмі ўдзячны BYSOL, але, на жаль, € 300 – гэта сёння не сума для Еўропы. А больш былым палітвязням ніхто фінансава цяпер не дапамагае, – кажа Валянцін. – Я лічу, што на гэта трэба звярнуць увагу. Патрэбна больш дапамогі, увагі, бо некаторыя палітычныя пасля вызвалення проста жабруюць».

«Трэба змагацца так, каб не трапіць у турму»

Асобную падзяку магілёвец выказвае былой палітзняволенай Вользе Паўлавай і Ганне Федаронак, якія дапамаглі яму ў Польшчы.

Валянціну цяпер вельмі патрэбная праца. Мужчына цяпер у Варшаве, гатовы працаваць, у тым ліку фізічна. Мае невялікі досвед супрацы з беларускімі медыямі, праца журналіста яму вельмі цікавая. Акрамя таго, Валянцін прагне працягнуць актывісцкую дзейнасць на карысць Беларусі, каб прыспешыць дэмакратычныя змяненні ў краіне.

Наш суразмоўца кажа, што не шкадуе ні пра што ў сваім жыцці, сярод іншага, яму не шкада часу, які давялося правесці за кратамі.

«Гэта досвед. Я на свае вочы ўбачыў, як там што. Акрамя таго, я пачаў разбірацца ў людзях – там гэтаму вельмі проста навучыцца», – кажа былы вязень.

Валянцін перакананы, што трэба спадзявацца на лепшае і верыць у перамогу, бо ў бліжэйшыя два-тры гады наступяць перамены. Калі гэта здарыцца, былы палітвязень збіраецца вярнуцца ў Беларусь, а пакуль што заклікае ўсіх беларусаў змагацца там, дзе яны ёсць, і рабіць гэта асцярожна, каб не трапіць у турму.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў