Улады пастанавілі не выклікаць SMS-позвамі на тэрміновую вайсковую службу


Міністр абароны Віктар Хрэнін пацвердзіў, што SMS-позвы будуць абавязковымі толькі ў ваенны час і падчас мабілізацыі. Ён заявіў пра гэта ў Савеце Рэспублікі, дзе 20 сакавіка ўхвалілі законапраект, што датычыць нацыянальнай бяспекі, перадае БелТА.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

«Уводзіцца абавязак грамадзянаў у ваенны час і ў перыяд мабілізацыі прыбыць у пункт збору пасля абвесткі пры дапамозе SMS-апавяшчэння. У мірны час SMS-паведамленне будзе дадатковай крыніцаю інфармавання грамадзянаў», – сказаў міністр абароны Віктар Хрэнін.

Законапраект, што раней ухваліла Палата прадстаўнікоў, а сёння – Савет Рэспублікі, прадугледжвае змены ў дванаццаці законах, якія датычаць нацыянальнай бяспекі.

Паводле чыноўніка, цяпер спросціцца «парадак медычнага агляду грамадзянаў пры прызыве на вайсковую службу», акрамя таго, удакладняецца пералік вайсковаабавязаных, якія могуць разлічваць на адтэрміноўку мабілізацыі. «Гэта дазволіць атрымаць адтэрміноўку найбольш сацыяльна ўразлівым катэгорыям грамадзянаў», – кажа Хрэнін.

Юнакоў будуць ставіць на вайсковы ўлік з 17 гадоў, а не з 16, як раней.

Таксама законапраект робіць больш жорсткімі санкцыі за парушэнні, звязаныя з вайсковым улікам і прызывам на службу. А ваенкаматам нададзенае права абмяжоўваць выезд за мяжу грамадзянам, якія ўхіляюцца ад прызыву або не выконваюць абавязанняў вайсковага ўліку. Раней гэтае абмежаванне не датычыла тых, каго выклікаюць на вайсковыя зборы.

Агляд
Дзеля нацыянальнай бяспекі: SMS-позвы, крымінальнікі на кантракце і вялізныя штрафы для «ўхілістаў»
2024.03.06 14:00

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў