У «справе расейскіх шпіёнаў у Польшчы» могуць быць новыя арышты


У справе аб расейскай сетцы шпіёнаў у Польшчы могуць быць новыя арышты. Як перадае PAP, пра гэта расказаў дзяржаўны сакратар канцылярыі польскага прэмʼер-міністра Станіслаў Жарын. А беларуская прапаганда актыўна дэананімізуе затрыманых.

Станіслаў Жарын.
Фота: PAP / Albert Zawada

20 сакавіка стала вядома, што ў справе супраць сеткі расейскіх шпіёнаў можа быць працяг. Дзяржаўны сакратар канцылярыі прэмʼер-міністра Польшчы Станіслаў Жарын паведаміў, што дзейнасць дзевяці асобаў, затрыманых па падазрэнні ў шпіянажы на карысць Расеі, цяпер аналізуецца, і кола арыштаваных можа быць пашырана:

«Мы не выключаем, што спатрэбяцца дадатковыя арышты, бо мы ўсведамляем: доказы ў гэтай справе велізарныя, іх трэба яшчэ ўсе прааналізаваць, і мы ўбачым, да чаго прыйдуць службы, калі яны расследуюць гэтае пытанне. Вядома, мы не разглядаем гэтага расследавання як закрытага».

Жарын пры гэтым падкрэсліў, што меркаваныя шпіёны дзеялі не працяглы час і не паспелі нанесці вымяральнай шкоды Польшчы, бо польскія спеслужбы зрэагавалі досыць хутка. Удзельнікі затрыманай групы спрабавалі збіраць інфармацыю пра транспарт са зброяй для Украіны і маглі рыхтаваць дыверсію на чыгунцы.

У выніку арышту былі сканфіскаваныя электроннае абсталяванне для назірання за чыгуначнымі маршрутамі, у тым ліку камеры, GPS-перадатчыкі і мапы памяці. Аднак Станіслаў Жарын зняпраўдзіў раней распаўсюджаную медыямі інфармацыю пра тое, што знойдзена не менш за 50 электронных прыладаў, сказаўшы, што гэтая лічба моцна завышаная.

Тым часам, паводле інфармацыі прапагандысцкага тэлеканалу «Беларусь 1», трое беларусаў, затрыманых у Польшчы па падазрэнні ў шпіянажы, арыштаваныя на 3 і 1 месяц. У сюжэце тэлеканалу прагучала інфармацыя, што падазраваныя ў шпіянажы ў Польшчы беларусы Мікалай Маскаленка і Уладзіслаў Пасміцюха арыштаваныя на 3 месяцы, а Марыя Мядзведзева – на 1. Тэлеканал сцвярджае, што адпаведныя дакументы паступілі ад польскіх праваахоўнікаў у консульства Беларусі ў Польшчы.

Паводле прадэманстраваных у сюжэце здымкаў дакументаў, дзеянні затрыманых добра вядомыя польскім спецслужбам. Паведамляюць, што Маскаленка супрацоўнічаў з КДБ, яго арыштавалі за выведку на тэрыторыі вайсковага аэрадрому ў Белай Падляскай і абʼектах службы ўнутранай бяспекі Польшчы, а таксама за арганізацыю каналу сувязі з супрацоўнікамі КДБ. Пра дзейнасць Пасміцюхі і Мядзведзевай БТ паведаміла менш дэталяў, сказаўшы толькі, што мужчыну арыштавалі па абвінавачанні ў зборы інфармацыі пра абʼекты крытычнай інфраструктуры Польшчы з 5 студзеня да 6 сакавіка 2023 года ў Варшаве і яшчэ адным польскім горадзе, а жанчына гэтаму спрыяла. Пасміцюха і Мядзведзева падарожнічалі разам. Пры гэтым польскі бок імёнаў і прозвішчаў затрыманых афіцыйна не раскрываў.

16 сакавіка стала вядома, што Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы затрымала 9 асобаў, якіх падазраюць у супрацы з расейскімі спецслужбамі. Падазраваныя вялі выведную дзейнасць супраць Польшчы і рыхтавалі дыверсіі на замову расейскай выведкі. 17 сакавіка ўдакладнілі, што сярод затрыманых расейцаў няма, а ёсць шасцёра ўкраінцаў і трое беларусаў.

Разбор
Сярод затрыманых у Польшчы тры беларусы. Адзін дакладна звязаны з КДБ. Што пра іх вядома
2023.03.16 15:47

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў