«Мы цяпер закладнікі». Што кажуць гарадзенцы пасля ліквідацыі «замежнага агента-тэрарыста»


У нядзелю 19 сакавіка гарадзенцы паведамілі журналістам, што каля аднаго з дамоў на вуліцы Курчатава чуваць выбухі і стрэлы. Пазней дзяржаўныя інфармацыйныя рэсурсы пацвердзілі, што падчас узброенага супраціву спецпадраздзяленню КДБ забілі замежнага грамадзяніна, які нібыта рыхтаваў тэракт. Увечары таго ж дня да рэзідэнцыі старшыні гарадзенскага аблвыканкаму Уладзіміра Караніка прыехала міліцыя. Каля службовага дому чыноўніка на вуліцы Свярдлова назіралася вялікая колькасць сілавікоў, прыехала міліцыя, службы размінавання з сабакамі.

Пакуль афіцыйныя структуры ніяк не каментуюць гэтых падзеяў, паслухалі, што пра гэта кажуць звычайныя гарадзенцы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Панядзелак 20 сакавіка, наступны дзень пасля падзеяў, пачаўся звычайна: людзі зранку спяшаюцца на працу, на лавачках каля пад’ездаў грэюцца на вясновым сонцы жанчыны сталага веку.

«Я чула нешта краем вуха, у нашым раёне паўсюль стаялі патрулі міліцыі. У мяне моцна падняўся ціск. Ясна было толькі, што штосьці адбываецца. Але што? І каму верыць? Пастаянна ў тэлебачанні кажуць адно, у інтэрнэце чытаеш яшчэ 10 версіяў. Складана арыентавацца. Таму проста ўжо нікому не верыш. А сваім дзецям я апошнім часам кажу: з’язджайце, калі маеце магчымасць. Страшныя рэчы адбываюцца вакол, а трэба жыць, а не выжываць. Зараз жа і па вуліцах будзе страшна хадзіць», – кажа жанчына пенсійнага ўзросту.

На прадпрыемствах, у навучальных установах, крамах ніхто апошніх падзеяў не абмяркоўвае.

«А што тут абмяркоўваць. На маёй працы ўсё ціха. Мяне, відаць, ужо нічым не здзівіць і не ўразіць. Я ўжо даўно не даю рады з гэтымі ўсімі навінамі і стараюся ў іх не занурацца, не разбірацца. Як расліна цяпер: проста жывеш з думкаю, каб захавацца», – кажа гарадзенка 40 гадоў.

Людзі, якія ўсё ж сочаць за навінамі, прыгнечаныя і настроеныя дэпрэсіўна.

«Выглядае ўсё як інсцэнізацыя і нейкая правакацыя. Не разумею, што адбываецца, маю толькі здагадкі. Магчыма, гэта вагнэраўцы якія, у каго яшчэ можа быць тут, у Беларусі, зброя, і адкуль яе маглі прывезці, як не з Расеі? Кажуць, што зліквідавалі нейкага замежніка, і гэта таксама дзіўна гучыць. Чаму не назваць, што за замежнік? Каб быў які паляк ці ўкраінец, то раструбілі б ужо па ўсіх каналах. Усё шукаюць схаваныя ячэйкі, кожны дзень затрыманні. Што яшчэ нафантазіююць? Адзінае, што можна сказаць дакладна, – мы цяпер закладнікі, пешкі ў нейкай вялікай гульні», – кажа гарадзенец 45 гадоў.

Блокпост на выездзе з Горадні.
Фота: Беларусь головного мозга / Telegram

Тым часам медыі паведамляюць, што 19 сакавіка вайскоўцы з аўтаматамі стаялі на ўсіх выездах з Горадні і правяралі кожны аўтамабіль. 20 сакавіка на беларуска-польскай мяжы ў пункце пропуску «Казловічы» старанна правяраюць кожны аўтамабіль на выезд з краіны, падарожнікаў выклікаюць на размову ў кабінет, правяраюць тэлефоны і рэчы. Магчыма, працуе КДБ.

belsat.eu

Стужка навінаў