Спецдакладчыца ААН выказалася наконт ціску на беларускіх праваабаронцаў


Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы праваабаронцаў Мэры Лолар заявіла аб сваёй занепакоенасці, выкліканай узмацненнем ціску на праваабаронцаў у Беларусі. Пра гэта паведамляе spring96.org.

Як адзначае Лолар, ператрусы ў офісах, арышты праваабаронцаў і перашкода працы адвакатаў сталі агульнай практыкай. «Некаторыя прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці за супрацу з ААН і падвяргаюцца жорсткаму абыходжанню падчас утрымання пад вартай», – кажа спецдакладчыца.

Лолар згадала Сяргея Драздоўскага і Алега Граблеўскага, супрацоўнікаў Офіса па правах людзей з інваліднасцю, якія супрацоўнічалі з офісам ААН па правах чалавека.

«Яны пазбаўленыя волі ў сувязі з праваабарончай дзейнасцю. Драздоўскі, дырэктар арганізацыі і інвалід-вазочнік, быў вымушаны перанесці знясільваючы сямігадзінны допыт, а юрысконсультанта Граблеўскага прымусілі распрануцца дагала падчас допыту. Гэтыя выпадкі паказваюць, што сітуацыя, якая пачалася падчас прэзідэнцкіх выбараў у жніўні мінулага года, працягваецца і пагаршаецца», – адзначыла Лолар.

Прадстаўніца ААН распавяла пра тое, што Марыі Рабковай, каардынатарцы валанцёрскай службы Праваабарончага цэнтра «Вясна», дзе вялася праца па дакументаванні катаванняў, маніторынгу сітуацыі па захаванні свабоды сходаў і іншых правоў чалавека, пасля яе арышту ў верасні 2020 года выстаўленыя новыя абвінавачванні. Чацвёра супрацоўнікаў Прэс-клуба Беларусь, якія ўдзельнічалі ў працы па дакументаванні выпадкаў рэпрэсіі ў дачыненні да журналістаў, таксама былі затрыманыя па абвінавачванні ва «ўхіленні ад выплаты падаткаў». Пяты супрацоўнік дэпартаваны ў Расейскую Федэрацыю.

«Калі праваабаронцаў, супрацоўнікаў СМІ і адвакатаў прымушаюць маўчаць, меркаваныя парушэнні правоў застаюцца бескантрольнымі і нерасследаванымі», – заявіла яна.

Hавiны
Следчы камітэт расследуе справу аб факце дзейнасці праваабарончага цэнтру «Вясна»
2021.03.05 14:40

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў