Новыя канстытуцыі Лукашэнкі і Ціханоўскай: якія адрозненні?


Выйсцем з сітуацыі ў Беларусі могуць стаць папраўкі ў Канстытуцыю. Такое меркаванне выказаў сталы прадстаўнік Беларусі пры Аддзяленні ААН ды іншых міжнародных арганізацыяў у Жэневе Юрый Амбразевіч у інтэрвʼю швейцарскай тэлерадыёкампаніі «RTS». Нелегітымныя ўлады выразна паказваюць шлях да пераменаў ды ініцыявалі працу над тэкстам. Праект жа новага Асноўнага закону падрыхтавалі і дэмакратычныя сілы. Чым адрозніваюцца магчымыя змены Канстытуцыі паводле Лукашэнкі і варыянт каманды Святланы Ціханоўскай?

Трэці раз у гісторыі незалежнай Беларусі могуць унесці змены ў Канстытуцыю. Пра гэтую неабходнасць Аляксандр Лукашэнка казаў не аднойчы цягам апошніх гадоў. Аднак фраза, якая ініцыявала працу ў гэтым кірунку, прагучала на Усебеларускім народным сходзе.

Аляксандр Лукашэнка:

«Цягам гэтага года праект Канстытуцыі будзе гатовы і абмеркаваны ўсенародна, а ў пачатку наступнага года як мінімум, я мяркую, мы справімся, мы ўнясём яго на разгляд на ўсенароднае галасаванне. На рэферэндум».

Аб’ектыў
Не пазней за 18 студзеня: Ярмошына анансавала рэферэндум
2021.02.13 22:30

Канстытуцыйную камісію, што мае выпрацаваць папраўкі, ухваліў Лукашэнка. У ёй 36 выключна праўладных асобаў, з якіх толькі трое – юрысты.

Андрэй Казакевіч, дырэктар інстытуту палітычных даследаванняў «Палітычная сфера»:

«Відавочна, што асноўныя рашэнні будуць прымацца на найвышэйшым палітычным узроўні. Гэта Аляксандр Лукашэнка з найбліжэйшым атачэннем. А задачаю гэтых людзей, я думаю, будзе абмяркоўваць тэхнічныя моманты».

Хто будзе мець найбольш паўнамоцтваў і якімі будуць дачыненні паміж галінамі ўлады? Гэта асноўныя канстытуцыйныя пытанні. Дакладнага адказу на іх пакуль няма. Дагэтуль гучалі здагадкі, што моцную ўладу прэзідэнта захаваюць. Старшыня Канстытуцыйнага Суда Пётр Міклашэвіч анансаваў і намер замацаваць статус найвышэйшага органу ўлады за Усебеларускім народным сходам – форумам вертыкальнікаў Лукашэнкі. Дэлегатаў на сход, які меў рэпрэзентаваць грамадства, абіралі не адкрытым галасаваннем, а шляхам вылучэння кандыдатаў кіраўніцтвам пераважна дзяржаўных установаў і прадпрыемстваў. Цалкам не дэмакратычна.

Hавiны
Лукашэнка распавёў, якой будзе новая Канстытуцыя і калі можна абраць «новага Лукашэнку»
2021.02.11 15:32

Андрэй Казакевіч, дырэктар інстытуту палітычных даследаванняў «Палітычная сфера»:

«Мне падаецца, з той рыторыкі, якую чуем, у тым ліку ад Міклашэвіча, што ёсць палітычная задача неяк улучыць гэты орган у Канстытуцыю. А навошта, ніхто дакладна не разумее. Бо даваць яму вялікія паўнамоцтвы – гэта значыць забіраць паўнамоцтвы ў таго ж прэзідэнта. А на гэта напэўна не наважацца».

Прыняты ў 1994 годзе Асноўны закон Беларусі Лукашэнка змяніў рэферэндумам ужо двойчы. Першы раз – у 1996-м. І другі – у 2004-м. Лукашэнка атрымаў права распускаць парламент і выдаваць дэкрэты, вышэйшыя за закон. І галоўнае – прэтэндаваць на пасаду прэзідэнта неабмежаваную колькасць разоў.

Андрэй Казакевіч, дырэктар інстытуту палітычных даследаванняў «Палітычная сфера»:

«Калі мы гаворым пра дзейную Канстытуцыю, то ўся паўната выканаўчай улады тут сканцэнтраваная ў руках прэзідэнта. Акрамя гэтага, фактычна ў адпаведнасці з артыкулам 137 Канстытуцыі прэзідэнт мае ўсю паўнату заканадаўчай улады. Ягоныя нарматыўныя акты маюць большую юрыдычную сілу, чым закон. І пры гэтым ён яшчэ прызначае ўсіх суддзяў».

Праект альтэрнатыўнага Асноўнага закону пазалетась пачала распрацоўваць працоўная група з прадстаўнікоў грамадскасці. Перавагу ў ёй складаюць юрысты і гісторыкі. Пад кіраўніцтвам палітыка Анатоля Лябедзькі і ў супрацы са Святланаю Ціханоўскай ужо цяпер каманда аддала на грамадскае абмеркаванне ў інтэрнэце праект новай Канстытуцыі.

Аб’ектыў
15 сакавіка – Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Якім будзе Асноўны Закон дэмакратычнай Беларусі?
2021.03.15 22:11

Анатоль Лябедзька, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у пытанні канстытуцыйнай рэформы:

«Праект Канстытуцыі новай Беларусі і Канстытуцыя 1994 года як праект транзіту ўлады – гэта абсалютна розныя рэчы. Мы перад сабою ставім задачу зрабіць якасны дакумент, які адпавядае часу, нашым сённяшнім рэаліям, які ўлічвае наш досвед, у тым ліку і негатыўны, які выкарыстоўвае пазітыўны досвед міжнароднай супольнасці».

Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай у міжнароднай палітыцы:

«Гэты праект, які прапанавалі, уключае ў сябе пункты, якія гарантуюць, што лукашызм у Беларусі больш не паўторыцца».

Гэтак, у праекце дакладна прапісаны падзел уладаў на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Абраны народам парламент мусіць набыць ролю найвышэйшага органу ўлады. Прэзідэнт будзе выконваць функцыю кіраўніка дзяржавы, а не выканаўчай улады – яна будзе канцэнтравацца ва ўрадзе. Судам будзе гарантаваная незалежнасць, а грамадзянам – свабода слова і мірных сходаў. Бел-чырвона-белы сцяг і Пагоня прапанаваныя для замацавання дзяржаўнымі сімваламі. Аднак штаб Святланы Ціханоўскай запэўнівае, што напрацоўкі – пакуль толькі аснова для ўсеагульнага абмеркавання. Час на рэформу – пасля сыходу Лукашэнкі. Прыярытэт цяпер – вярнуць законнасць і правесці новыя, сумленныя выбары.

Святлана Ціханоўская:

«Нам патрэбныя папраўкі ў Канстытуцыю, але гэта не цяперашняе пытанне. Цяперашняе пытанне – пераадоленне палітычнага і гуманітарнага крызісу ў Беларусі. Змены ў Канстытуцыі, падкрэсліваючы, пра што гаворка, мусяць мець месца падчас новых выбараў або пасля іх. Мы мусім прытрымлівацца прыярытэтаў у нашай рэвалюцыі».

Размова
Якой можа быць Канстытуцыя новай Беларусі?
2021.03.15 21:20

Досвед краінаў СНД паказаў, што пазітыўны досвед паправак у Канстытуцыю зазналі краіны, якія ўвялі папраўкі пасля наступлення дэмакратычных зменаў. Гэтак, ва Украіне, Грузіі ды Кыргызстане папраўкі абмежавалі паўнамоцтвы прэзідэнта на карысць парламенту. Затое ўлада прэзідэнта ўзмацнілася, апроч Беларусі, у Казахстане, Туркменістане, Азербайджане, Расеі… Што ж да апошняе краіны, ніводная з леташніх паправак не была неабходнаю, мяркуе экспертка ў канстытуцыйным праве Кацярына Мішына. Унесеныя і прынятыя папраўкі маюць істотныя адрозненні.

Кацярына Мішына, прафесарка Свабоднага ўніверсітэту (Масква), незалежная экспертка ў канстытуцыйным праве:

«Тое, што было анансавана Федэральнаму сходу ў плане, што было насамрэч унесена і што было прынята, – гэта зусім розныя рэчы. Асноўныя папраўкі з’явіліся ўжо пасля першага чытання. Гэта папраўка пра абнуленне і папраўка пра магчымасць развязваць пытанне пра выкананне пастановаў міжнародных і замежных судоў, міжнароднага і замежнага арбітражу, калі яны супярэчаць расейскаму публічнаму правапарадку».

Тры галіны ўлады аказаліся сканцэнтраваныя ў руках прэзідэнта Расеі, ён атрымаў паўнамоцтвы распускаць Думу ды ініцыяваць адхіленне ад паўнамоцтваў суддзяў. Самая ж працэдура галасавання адбывалася не праз рэферэндум, а праз гэтак званае агульнарасейскае галасаванне. Аддаць голас за ці супраць можна было за поўны пакет паправак.

Кацярына Мішына, прафесарка Свабоднага ўніверсітэту (Масква), незалежная экспертка ў канстытуцыйным праве:

«Грамадзяне не мелі магчымасці сказаць, што ім падабаецца папраўка пра суверэнітэт, але не падабаецца папраўка працэдуры адхілення суддзяў. Або так, або не. І прыгадайце, як на практыцы ўсё адбывалася: за выбарнікам хіба што з сачком не бегалі, падпільноўвалі іх у падваротні».

У беларускай жа мадэлі Канстытуцыі Лукашэнка вызначыў сабе татальны кантроль над уладай і магчымасць займаць пасаду неабмежаваную колькасць часу яшчэ на пачатку нулявых. Цяперашнія папраўкі рызыкуюць мець характар касметычны. Аддаць частку ўлады незалежным органам і захаваць кантроль для сябе – задача супярэчлівая. Аднак ролю прадстаўніка народнай улады можа адыграць фармальна народны, на справе ж – Усебеларускі народны сход Лукашэнкі.

Сюжэт падрыхтавала Юлія Лабанава для праграмы «Прасвет» 18 сакавіка 2021 г.

Калаж з фота: Kremlin Pool / Russian Look / Forum; Maxim Guchek / TASS / Forum

Стужка навінаў