Юлія Навальная – відавочны і тэфлонавы лідар расейскай апазіцыі, – палітолаг Галямаў


Навальная – відавочны новы лідар, з чым не будзе спрачацца ядро апазіцыі, пры гэтым яна не мае негатыўнага ў вачах расейцаў звання палітыка і яе складана дыскрэдытаваць Крамлю, тлумачыць у эфіры «Вот Так» расейскі палітолаг Абас Галямаў.

Юлия Навальная
Юлія Навальная ў відэазвароце «Я працягну справу Аляксея Навальнага». 19 лютага 2024 года. Скрыншот: Алексей Навальный / Youtube

Удава палітвязня, лідара расейскай апазіцыі Аляксея Навальнага выступіла 19 лютага з відэазваротам. Юлія Навальная паабяцала працягнуць справу мужа, забітага рэжымам Уладзіміра Пуціна ў калоніі за Палярным кругам.

Расейскі палітолаг Абас Галямаў у эфіры «Вот так» раніцай 20 лютага распавёў, што ў яе моцныя палітычныя перспектывы.

Ён нагадаў, што пісаў пра гэта яшчэ тры гады таму, калі Аляксея Навальнага толькі пасадзілі. За суткі да таго, як яна абвясціла, што ідзе ў палітыку, ён публікаваў у сваім тэлеграм-канале і стары тэкст, і новы. Галямаў адзначае, што «не выхваляецца сваёй празорлівасцю»: кажа, што рашэнне Юліі Навальнай настолькі «відавочна правільнае» і «ляжыць на паверхні», што яго было відаць любому, хто займаецца палітыкай.

Як тлумачыць Галямаў, кажучы мовай маркетолагаў, у Юліі Навальнай ёсць «унікальная гандлёвая прапанова»: прозвішча мужа, агульнавядомая гісторыя кахання. Для ядра апазіцыі гэтага дастаткова, ніхто не будзе аспрэчваць ейнага права працягнуць справу мужа.

Хоць яна ніколі не займалася палітыкай, яе сіла якраз у тым, што яна «антысістэмны чалавек», лічыць палітолаг.

«У чалавека, не абцяжаранага былымі заслугамі і памылкамі расейскай апазіцыі, у чалавека, які пачынае пісаць сваю палітычную гісторыю з чыстага аркуша, шанцы значна лепшыя», – лічыць Галямаў.

Старая класічная апазіцыя, у якую Галямаў уключае і Навальнага, была моцна дыскрэдытаваная рэжымам Уладзіміра Пуціна, што абмяжоўвала выхад за межы ядра апазіцыі, да ўстойлівай большасці.

А большасць прывучаная за амаль чвэрць стагоддзя знаходжання Пуціна ва ўладзе і за папярэднія 10 ельцынскіх гадоў, што «палітыкам верыць нельга», «у палітыкаў ёсць другое дно» – схаваныя матывы, якія прывялі іх у палітыку. Зламаць «плот скепсісу» складана. У выпадку з Юліяй Навальнай сумненняў у матывах няма.

«Крэмль будзе спрабаваць яе дыскрэдытаваць – гэта выйдзе вельмі дрэнна, таму што яе матывацыя цалкам празрыстая, – упэўнены Галямаў. – Строга кажучы, у яе нават выбару няма: яна ўсяго толькі падымае сцяг, які выпаў з рук яе каханага мужа».

Гэта, мяркуе ён, і ёсць апафеоз тых самых «традыцыйных сямейных каштоўнасцяў» – тэмы, якую доўгія-доўгія гады Крэмль спрабаваў «раскруціць».

Такія прэцэдэнты ў гісторыі ёсць. Галямаў прыводзіць у прыклад нават не абраную прэзідэнтам Беларусі Святлану Ціханоўскую, якая пайшла ў кандыдаты замест зняволенага мужа. Палітолаг нагадвае: «Жоўтую рэвалюцыю» 1986 года на Філіпінах узначаліла Карасон Акіна – удава лідара апазіцыі, забітага дыктатарам Фердынандам Маркасам.

Але Юлія Навальная знаходзіцца за мяжой, ці не перашкодзіць ёй гэта? Галямаў адказвае: тое, што яе муж вярнуўся ў Расею і быў забіты, з’яўляецца «жалезным алібі».

Крытыка за гэта да яе не прыстане, Юлія «тэфлонавая», калі толькі сама не пачне рабіць памылкі, упэўнены палітолаг. Пакуль памылак не было. Да таго ж, у Аляксея Навальнага  «вельмі сур’ёзная каманда – няма падставаў меркаваць, што яны не дапамогуць Юліі.

«Антываенны сантымент, антыпуцінскі сантымент настолькі моцны, што ад асобы ўжо не так шмат залежыць», – адзначае Галямаў.

Ён нагадвае, што ў снежні 2023 года лідарам гэтага сантыменту была журналістка Кацярына Дунцова, якая заявіла пра намер балатавацца на пасаду прэзідэнта і не была дапушчана да збору подпісаў.

У студзені 2024-га лідарам стаў Барыс Надзеждзін, якому далі сабраць подпісы, але адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатам нібыта праз несапраўдныя подпісы.

Галямаў бачыць гэта так: не дапусцілі Дунцову – людзі знайшлі Надзеждзіна, знялі з выбараў Надзеждзіна – як раз з’яўляецца Юлія Навальная.

«Людзі настолькі сумуюць па нармальным палітычным дзеянні, настолькі не хочуць вяртацца на кухні і трымцець там, што яны самі шукаюць кагосьці іншага, калі папярэдні баец з нейкіх прычынаў сыходзіць з дыстанцыі», – мяркуе суразмоўца.

Крэмль, на думку Галямава, цяпер робіць выгляд, што яму не страшна ад актыўнасці Юліі Навальнай.

Аналітыка
Юлія Навальная: «Не здавацца – галоўны ўрок 2020 году». Ці стане яна расейскай Ціханоўскай?
2024.02.19 21:21
Hавiны
Затрымліваюць, не даюць адслужыць паніхіду, выкідваюць кветкі: як перашкаджаюць ушанаваць памяць Навальнага
2024.02.17 16:18

belsat.eu

Стужка навінаў