Новая смерць палітвязня і масавая «здрада дзяржаве». Навіны рэпрэсіяў за 20 лютага


«Белсат» працягвае адсочваць факты палітычных рэпрэсіяў у дачыненні беларусаў, нязгодных з фальсіфікацыямі, гвалтам і вайной.

Ігар Леднік.
Фота: BSDP_Hramada / Telegram

У зняволенні на 64-м годзе жыцця памёр былы сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), грамадскі актывіст і журналіст Ігар Леднік. Прычынай смерці стала спыненне сэрца. Леднік памёр у Менскай раённай больніцы, куды быў дастаўлены з бабруйскай калоніі, дзе адбываў пакаранне. Ён быў затрыманы 12 красавіка 2022 года і асуджаны на тры гады зняволення за нібыта «паклёп» на Лукашэнку. У турме стан здароўя Ледніка істотна пагоршыўся, яму зрабілі аперацыю на страўнікава-кішачным тракце. Апроч гэтага, Ігар меў інваліднасць 2-й групы праз праблему з сэрцам.

Hавiны
«Быў шчырым і прынцыповым». Якім запомніцца Ігар Леднік
2024.02.20 19:27

27 лютага ў Менску працягнуць судзіць 31-гадовага мытнага інспектара Яўгена Гурыновіча. У Менскім гарадскім судзе з 10 кастрычніка 2023 года ў закрытым рэжыме судзілі яшчэ двух мытнікаў: Віктара Новіка і Уладзіміра Журомскага. Агулам іх судзілі паводле васьмі артыкулаў Крымінальнага кодэксу: «здрада дзяржаве», «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», «перавышэнне службовых паўнамоцтваў», «распальванне іншай сацыяльнай варожасці», «стварэнне ці ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні». Падрабязнасці справы і прычыны пераследу праваабаронцам невядомыя. Цяпер жа стала вядома, што працягнуць судзіць наўпрост у СІЗА толькі Гурыновіча.

Кіраўнік КДБ Іван Церцель заявіў, што за 2022–2023 гады контрразведка ведамства зафіксавала 114 спробаў вербавання беларусаў, сярод якіх – 37 вайскоўцаў. «Да крымінальнай адказнасці прыцягнута 45 асобаў, якія сталі на шлях здрады. За шпіёнскую дзейнасць затрымана 16 замежных грамадзянаў», – сказаў кіраўнік КДБ.

Між тым, у Генпракуратуры адзначылі, што пракуроры ў 2023 годзе падтрымалі дзяржабвінавачанне ў 1364 крымінальных справах «аб злачынствах экстрэмісцкай накіраванасці». Таксама летась значна вырасла колькасць пададзеных у суды заяваў аб прызнанні рэсурсаў «экстрэмісцкімі» матэрыяламі. У 2022 годзе такіх заяваў было 509, у 2023 годзе – 906.

Hавiны
Лукашэнка даручыў узброіць міліцэйскія патрулі «як мінімум пісталетамі»
2024.02.20 22:05

12 і 14 лютага Берасцейскі абласны суд разглядаў крымінальную справу супраць 39-гадовага айцішніка Аляксандра Сысоева. Мужчыну затрымалі 5 ліпеня 2023 года, з таго часу ён знаходзіцца пад вартай. Яму ў віну ставяць тое, што ён праз Facebook пералічыў палку Каліноўскага 12,91 долара. Дзяржабвінавачванне кваліфікавала гэта як «фінансаванне грамадзянаў Рэспублікі Беларусь для ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні аднаго з бакоў, што змагаюцца, ва ўзброеных канфліктах, ваенных дзеяннях». Пракурор Аляксандр Богуш запатрабаваў для Сысоева 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Следчы камітэт у парадку спецыяльнай вытворчасці скончыў папярэдняе расследаванне ў дачыненні Івана Краўцова – сакратара Каардынацыйнай рады. Пра пачатак спецвытворчасці ў дачыненні яго было абвешчана менш як месяц таму. Краўцова вінавацяць у распальванні іншай сацыяльнай варожасці або варожасці, махлярстве ў асабліва буйным памеры, змове з мэтаю захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам і ў стварэнні «экстрэмісцкага фармавання». Крымінальная справа перададзеная Генеральнаму пракурору для накіравання ў суд.

Hавiны
Дэмсілы рыхтуюць санкцыі за палітвязняў Беларусі – Франак Вячорка
2024.02.20 16:53

Для палітвязня Міколы Статкевіча не прынялі перадачу і лекі. З калоніі ў чарговы раз вярнулі сваякам рэчавую перадачу і медычную бандэроль. Статкевіч, асуджаны на 14 гадоў калоніі, за кратамі амаль чатыры гады. Але цягам года палітзняволенага і ягоных сваякоў катуюць інкамунікада – поўным пазбаўленнем любых кантактаў, не толькі праз спатканні і тэлефонныя званкі, але і праз ліставанне. 9 лютага 2023 года ягоная жонка атрымала ад мужа апошні на гэты момант ліст – з таго часу ад яго няма ніякіх вестак.

Сваякі Паліны Шарэнды-Панасюк ужо паўтара месяца таксама зусім не атрымліваюць інфармацыі пра жанчыну, якая знаходзіцца за кратамі больш за тры гады. Яе муж мяркуе, што зняволеную вырашылі цалкам, як і іншых вядомых палітвязняў, ізаляваць, уключыўшы рэжым інкамунікада.

Hавiны
Гарбунова патрабуе ад міжнароднай супольнасці накіраваць экспертаў у калоніі Беларусі
2024.02.20 21:17

Былога палітвязня Андрэя Кудзіка знайшлі «на соднях». Стала вядома, што актывіст з Вялейкі знаходзіцца ў мясцовым ІЧУ, дзе адбывае 15 содняў адміністрацыйнага арышту. Паводле якога артыкулу – пакуль не вядома. Сувязь з былым палітвязнем знікла 15 лютага.

Рэдактара «Рэгіянальнай газеты» Аляксандра Манцэвіча перавялі ў івацэвіцкую калонію. У судзе Маладзечанскага раёну 3 лістапада яму прызначылі чатыры гады калоніі, а таксама штраф у 14 800 рублёў. Журналіста абвінавацілі ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь.

Разбор
Дадатковыя тысячы «экстрэмістаў»? Сведкі Еговы могуць апынуцца пад пагрозай у Беларусі
2024.02.20 09:03

Палітвязня Дзяніса Сяргеева, які адбывае тэрмін на «хіміі», аштрафавалі за атрыманне «замежнай дапамогі» ад «INeedHelpBY». Яго затрымлівалі ў ПУАТ-36 23 студзеня падчас рэйду КДБ за прадуктовую дапамогу ад ініцыятывы «INeedHelpBY». За атрыманыя прадукты на 244 рублі яго аштрафавалі на 1000 рублёў.

САХР са зброяй і ў спартыўных касцюмах прыйшоў затрымліваць мужчыну за каментары ў інтэрнэце. Затрыманы нібыта ўдзельнічаў у акцыях пратэсту і каментаваў дзеянні сілавікоў і прадстаўнікоў улады. Мужчына кажа, што яму інкрымінавалі чатыры артыкулы Крымінальнага кодэксу.

Інтэрв’ю
Сяргей Пятрухін – пра карцар у Магілёве, зону ў Віцебску і транссексуала ў вар’ятні ПК-3
2024.02.20 07:33

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў