Рэжым супраць музыкаў, журналістаў і ўсіх іншадумцаў. Хроніка рэпрэсіяў 20 студзеня


«Белсат» працягвае адсочваць рэпрэсіі беларусаў рэжымам Лукашэнкі і расказваць аб звязаных з гэтым падзеямі.

Расейскую праваабаронцу Кацярыну Яньшыну дэпартавалі 20 студзеня з Беларусі ў Расею прама з ізалятару на Акрэсціна, дзе яна адбыла 15 сутак. Дзяўчына прыязджала ў Беларусь назіральніцай, каб асвятляць ход суда над Алесем Бяляцкім і іншымі вясноўцамі.

На прысудзе па справе спявачкі Мэрыем Герасіменка агучылі вырак. За выкананне песні на ўкраінскай мове дзяўчыне прызначылі пакаранне — тры гады «хатняй хіміі».

Міністэрства ўнутраных справаў 20 студзеня чарговы раз абнавіла «Пералік грамадзянаў Беларусі, замежных грамадзянаў або асобаў без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці» – у яго дадалі 39 чалавек. Цяпер у ім 2350 асобаў. У тым ліку ў «Спіс экстрэмістаў» дадалі грамадзяніна Латвіі Дзмітрыйса Міхайлаўса, краязнаўца Ігара Хмару, а таксама фігурантаў «справы БелаПАН» Андрэя АляксандраваДзмітрыя Наважылава, Ірыну Злобіну і Ірыну Леўшыну.

У Менскім гарадскім судзе 20 студзеня вынеслі прысуд працаўніцам «МТБанку» Іне і Валерыі Глінскім – 7 і 6,5 года калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму адпаведна. Маці і дачку судзілі за перадаванне ў 2020 годзе звестак сілавікоў у «Чорную кнігу Беларусі».

Музычны гурт «Tor Band» з Рагачова прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем». 20 студзеня стала вядома, што яшчэ 16 студзеня такое рашэнне прыняў КДБ. Музыкаў разам з жонкамі затрымалі 28 кастрычніка ў Рагачове нібыта за падпіску на «экстрэмісцкія» каналы і перасыланне паведамленняў з іх, а потым некалькі разоў арыштоўвалі на 15 содняў. Праваабаронцы пазней паведамлялі, што рагачоўскіх музыкаў судзілі асобна за кожную песню, на канец снежня яны так і не выйшлі на волю, правёўшы за кратамі два месяцы. У лістападзе іхныя песні прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

20 студзеня стала вядома, што у кастрычніку 2022-га сілавікі затрымалі ўсю сям’ю музыкаў з гурта «Litesound»: братоў-музыкаў Дзмітрыя і Уладзіміра Каракіных, маці Вольгу і бацьку Юрыя. Сям’ю падазраюць паводле артыкулу 342 КК («Арганізацыя ці рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). У Каракіных знайшлі сямейнае фота на праезнай частцы падчас аднаго з мірных нядзельных маршаў 2020 года.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў