Руйнаванне гістарычных будынкаў у Горадні пад выглядам рэстаўрацыі – банальнае невуцтва ці мэтанакіраваная палітыка вынішчэння нацыянальнай ідэнтычнасці ды гістарычнай памяці? Гарадзенскія гісторыкі ды адмыслоўцы падлічваюць страты гораду і думаюць, як ратаваць спадчыну.
Ці гэта слушная практыка – замест аўтэнтычных будынкаў ставіць муляжы, ці можна супрацьстаяць вось такому знішчэнню гістарычных будынкаў? Гэтыя пытанні гарадзенскія гісторыкі, грамадскія дзеячы і проста неабыякавыя гараджане абмяркоўвалі 13 красавіка падчас дыскусіі, арганізаванай аб’яднаннем “Трэці сектар” і Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам.
Іна Соркіна: Масавае знішчэнне Горадні пачалося яшчэ ў ХVІІ стагоддзі
Гісторык і былая выкладчыца Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту ім. Янкі Купалы Іна Соркіна лічыць, што акрамя банальнага невуцтва ў сённяшняй палітыцы гарадзенскіх уладаў адносна спадчыны яскрава прагледжваецца мэтанакіраванае знішчэнне нацыянальнай ідэнтычнасці, якое пачалося яшчэ тры стагоддзі таму.
“Бо вядома, што прасцей кіраваць тымі, хто не мае гістарычнай памяці, а ў будынках у тым ліку гэтая памяць і ўвасабляецца”, – зазначыла гісторык.
Спадарыня Соркіна згадвае, што яшчэ падчас вайны, якую Маскоўскае княства вяло на беларускай тэрыторыі ў сярэдзіне XVII стагоддзя, была знішчаная значная частка гарадзенскай традыцыйнай забудовы. Наступным крокам стала палітыка Расейскай імперыі, якая праз руйнаванне і перабудову архітэктурных помнікаў імкнулася змяніць мясцовую ідэнтычнасць. Менавіта тады былы езуіцкі ансамбль у цэнтры Горадні стаў турмою, а на культавых будынках пачалі з’яўляцца псеўдарасейскія цыбуліны.
Знішчэнне Горадні працягвалася за савецкім часам і з новай сілаю распачалося каля дзесяці гадоў таму, калі стартавала праграма добраўпарадкавання Горадні. З таго часу Горадня штогод губляе некалькі каштоўных будынкаў.
“Праблема страты спадчыны стаіць для ўсёй Беларусі, але ў Горадні яна падаецца найбольш востраю, найбольш аголенаю – магчыма, таму, што знішчаецца самы каштоўны горад краіны, – кажа Іна Соркіна. – Кіраўнікі Горадні, мясцовыя ўрадоўцы не нарадзіліся тут, яны не гарадзенцы, гэты горад для іх чужы і не выклікае ніякіх сантыментаў, як калі б быў родным. І гэта ўплывае на лёсы нашай спадчыны, бо ім усё роўна збольшага, што тут застанецца пасля іх”.
“Беларускае грамадства недастаткова свядомае, каб бараніць спадчыну”
У той жа час Сцяпан Стурэйка мяркуе, што ў Беларусі немагчыма перадаць ахову спадчыны ў рукі грамадства, бо “грамадства не маё сёння патрэбнага ўзроўню свядомасці, не ўсведамляе часта каштоўнасці таго ці іншага помніка”.
Дзейнасць жа адзінага ў Беларусі грамадскага Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры пад кіраўніцтвам Антона Астаповіча спадар Стурэйка лічыць неэфектыўнаю: “Дзейнасць Таварыства не вельмі эфектыўная, бо яго кіраўнік спрабуе гуляць паводле правілаў дзяржавы. Так, маюць эфект тыя ж скаргі, звароты, тое, што спадар Астаповіч робіць прафесійна, але гэтага недастаткова”.
Чакае зносу чарговы помнік драўлянай архітэктуры ХІХ стагоддзя
Гісторык і краязнаўца Таццяна Касатая лічыць, што драўляную архітэктуру ўвогуле абараніць практычна немагчыма.
“Колькі разоў мы падавалі заяўкі – заўсёды адмовы, драўляныя будынкі проста не ўносяць у спіс, – кажа Таццяна, і сумна дадае: – Кожны раз, як вяртаюся з якой паездкі ў Горадню, аб’язджаю яе на ровары, і гляджу, ці яшчэ які будынак не знік…”
Марына Маўчанава, belsat.eu