Міжкантынентальны аргумент – Пуцін дэманструе сілы саюзнікам


Уладзімір Пуцін публічна прадэманстраваў свае баявыя магчымасці перад калегамі з Арменіі, Таджыкістану, Кыргызстану і… Беларусі. Перад тым, як правесці са сваймі гасцямі сур’ёзную размову на ўкраінскую тэму, расейскі прэзідэнт паказаў ім планавае трэнаванне ў кіраванні Узброенымі сіламі.

{movie}Міжкантынентальны аргумент – Пуцін дэманструе сілы саюзнікам|right|16332{/movie}

Яшчэ нядаўна Пуцін запэўніваў Захад у адводзе войскаў ад украінскае мяжы. А сёння прэзідэнт Расеі сабраў сваіх калегаў, каб паказаць ім, як адным загадам з кабінету можа запусціць міжкантынентальныя ракеты “Топаль” праз усю Расею, здзейсніць запускі комплексаў “Іскандэр”, зрабіць масавы ўдар “Ураганамі”, “Градамі” і падняць у паветра стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі. Усё чыста для трэніроўкі.

УЛАДЗІМІР ПУЦІН, ПРЭЗІДЭНТ РАСЕІ:
“Сёння падчас запланаваных мерапрыемстваў будуць задзеяныя ўсе віды і роды Узброеных сілаў РФ на ўсёй тэрыторыі краіны, улучна з сіламі ядравага стрымлівання”.

Падчас штабных вучэнняў вайскоўцы адпрацавалі і прэвентыўныя ядравыя ўдары па імаверным праціўніку, і адбіццё ядравага ўдару па Маскве. Праўда, не ўся трэніроўка прайшла прыгожа: напрыклад, цяжкая агнямётная сістэма “Бураціна” паказальна не выстраліла. Загадаўшы разабрацца з “Бурацінам”, Пуцін нефармальна пагутарыў з прэзідэнтамі пра мацаванне бяспекі ў межах Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы ў сувязі з падзеямі ва Украіне.

УЛАДЗІМІР ПУЦІН, ПРЭЗІДЭНТ РАСЕІ:
“Прыклад нашага суседа, брацкай для нас Украіны, паказвае, што безадказная палітыка прыносіць шмат бедаў і стратаў. Сотні тысячаў людзей пазбаўленыя магчымасці жыць мірна і заможна”.

Станоўчы водгук Пуцін знайшоў у асобе Аляксандра Лукашэнкі, які чарговы раз запэўніў, што падтрымае Расею ва ўкраінскім пытанні.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, ПРЭЗІДЭНТ БЕЛАРУСІ:
“Будзе непрымальна, калі мы спакойна будзем глядзець на тое, што адбываецца. Гэта найперш датычыць Расейскай Федэрацыі ды Беларусі. Мы, натуральна, не можам на гэта глядзець, бо там нашыя людзі і яны просяць дапамагчы”.

Лукашэнка таксама заклікаў разам дапамагчы Маскве пераадолець санкцыі Захаду ўсіх прысутных на сустрэчы калегаў з АДКБ.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў