«Плошча-2010», якая не стала лёсавызначальнай

Ёсць рэчы, якія не маюць тэрміну даўніны. Нават, калі ўлічваць юрыдычныя абмежаванні. Іншая справа, што, як кажуць, час лекуе. А як быць з тым, калі гады ідуць, а той боль, праз які прайшоў ты, працягвае мучыць ужо іншых? І тыя ж каты на сваіх месцах. І яны па-ранейшаму пры ўладзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. АМАП блакуе дэманстрантаў, якія спрабуюць штурмаваць будынак ураду ў беларускай сталіцы пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбарах. Менск, Беларусь. 19 снежня 2010 года.
Фота: Sergei Grits / AP Photo / East News

Калі параўнаць з 2020 годам, то людзей, якія ішлі да волі тады, у 2010-м, было ў дзесяць разоў меней – каля 50 тысяч. І выступілі яны адзіным парывам толькі ў Менску. Кадры натхнёнага поступу па галоўным праспекце беларускай сталіцы вольналюбівых, прыгожых у сваім памкненні і перакананнях разняволеных людзей, якія пажадалі скінуць ярмо пастаяннага падману і рабалепства, абляцелі ўвесь свет. «І гэты супраціў абсалютна натуральны для чалавека, таму што асоба жадае быць вольнай», – падзялілася сваймі ўспамінамі журналістка Наталля Радзіна.

Мне не хацелася закранаць самыя балючыя моманты таго і наступных дзён для самой Наталлі, калі яе, паваліўшы на заледзянелаю і заснежаную зямлю моцна збівалі нагамі і дубінкамі наўпрост на плошчы. І толькі дзякуючы нейкаму чалавеку, які выцягнуў яе з-пад міліцэйскіх ног, яна, па ўласным прызнанні, магчыма і засталася жывая ды больш-менш здаровая. Але гэта не быў канец пакутаў. Пасля таго, як Наталля Радзіна прыехала ў рэдакцыю «Хартыі-97» аператыўна пісаць начны матэрыял пра наступствы прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, яе выцягнулі і адтуль і яна апынулася ў СІЗА КДБ. Там галоўная рэдактарка папулярнага рэсурсу была «прынята» іншым нелюдзем, начальнікам турмы КДБ Аляксеем Арловым. Ён наўпрост сказаў, што калі яна адмаўляецца ісці на супрацоўніцтва са следствам, то сілавікі зробяць усё, каб яна страціла здароўе канчаткова і ў яе ніколі не было дзяцей. Дзе зараз той Арлоў – невядома. Сама Наталля кажа, што ён неяк знік з публічнай прасторы гады праз два пасля выбараў-2010, якія сама журналістка называе «крывавымі».

Міністр унутраных справаў у 2010-м – Анатоль Куляшоў – таксама выйшаў з актыўнага жыцця ў 2012-м. Прайшла інфармацыя, што ў яго выявілі анкалагічнае захворванне, прычым, на далёка не ранняй стадыі. «Народная воля» пісала тады, скарыстаўшыся крыніцамі, блізкімі да атачэння былога шэфа МУС, што ён даўно паставіў у вядомасць кіраўніцтва краіны пра сурёзныя праблемы са здароўем і вымушаны быў напісаць рапарт аб сыходзе. На ягонае месца Лукашэнка прызначыў Анатоля Шуневіча. «І тым больш дзіўна было сустрэць Куляшова пасля ўсёй гэтай інфармацыі ўлетку 2019 года», – распавядае журналіст Алесь Карніенка. – Я ўбачыў яго ў Менску на вуліцы Карла Маркса. Ён шпацыраваў адзін. Але ад таго, што яго пазналі, як мне падаецца, крыху сумеўся, разгубіўся. Асабліва, пасля майго звычайнага чалавечага пытання: «Як Вам спіцца, Анатоль Нілавіч, пасля ўсяго, што вы нарабілі?» Гісторыя праўдзівая, але і вельмі паказальная, паводле Алеся Карніенкі. Каб нам удавалася наўпрост сустракаць карнікаў на вуліцах і нагадваць ім пра тое, што зробленае імі не паддаецца аніякаму разуменню маралі і чалавечнасці, можа быць і не было б такой звярынай жорсткасці і дзёрзкасці, якая сыходзіла ад супрацоўнікаў сілавых структураў ужо ў 2020-м.

Але вось старшыня КДБ у той час, Вадзім Зайцаў, які быў уключаны Еўразвязам у спіс беларускіх чыноўнікаў, што нясуць адказнасць за палітычныя рэпрэсіі, падтасоўку вынікаў галасавання і прапаганду, дзесяць гадоў таму ўзначаліў расейска-беларускую кампанію «Космас ТВ». І, мяркуючы з усяго, жыве, не пакутуючы. Прынамсі, карма яго яшчэ не спасцігла. Пры тым, што менавіта Зайцаў з’яўляецца асноўным ініцыятарам загадаў аб незаконным пераследзе апазіцыі, катаваннях палітычных апанентаў і вельмі жорсткім абыходжаннем са зняволенымі. У лістападзе 2012 года Зайцаў быў адпраўлены ў адстаўку ў сувязі з тым, што пры ім склалася нездаровая, маральна-псіхалагічная абстаноўка ў асобных падраздзяленнях КДБ. Але ён не змяніўся і не прыпыніўся. Амаль тры гады таму ў Бельгіі была абнародаваная размова з двума людзьмі, якая вялася ў красавіку 2012 года, дзе гутарка ішла пра забойства былога начальніка СІЗА № 1 і аўтара кнігі «Расстрэльная каманда» Алега Алкаева (памёр у верасні 2022 года ў Нямеччыне), а таксама палкоўніка спецназа ГРУ Уладзіміра Барадача (жыве ў эміграцыі ў Нямеччыне, вёў свой YouTube-канал «За Беларусь», але ўжо год як там нічога не абнаўляецца) і журналіста Паўла Шарамета (забіты ў аўтамабілі шляхам выбуху бомбы ў Кіеве ў 2016 годзе). Крыважэрнасць, як бачым, рэч непераадольная. Дарэчы Зайцаў ініцыяваў пераслед прадстаўнікоў апазіцыі і асабіста пагражаў жыццю і здароўю журналісткі Ірыне Халіп.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларусы праходзяць каля Кастрычніцкай плошчы падчас акцыі пратэсту ў цэнтры Менску, Беларусь. 19 снежня 2010 года.
Фота: Photoshot / Reporter / East News

«Адзіная стратэгія барацьбы з Лукашэнкам – гэта пратэсты. Намётавы гарадок у 2006 годзе знішчылі, калі зразумелі, што ніхто не збіраецца разыходзіцца. Плошчу-2010 пачалі атакаваць, калі кандыдаты заклікалі не разыходзіцца. Менавіта гэтага баялася ўлада: калі сёння дзясяткі тысяч, раптам заўтра новыя пачнуць далучацца? А калі яшчэ з рэгіёнаў паедуць падтрымаць, то і ўвогуле можа стварыцца крытычная маса. Кожны год 19 снежня я ўзгадваю той 2010 год і кажу сабе адну і тую ж фразу: усё было недарэмна», – кажа Ірына Халіп.

Адзін з кандыдатаў на пасаду прэзідэнта ў 2010 годзе – Яраслаў Раманчук – быў таксама затрыманы. Дакладней яму ў ноч з 19 на 20 снежня патэлефанавалі з органаў і прапанавалі лепей самому з’явіцца куды след, каб не было наступстваў для яго і ягонай сям‘і. Абсалютна незагартаваны ў падобных палітычных гульнях, эканаміст па прафесіі і прызванню, мяккі і дабразычлівы спадар Яраслаў, быў, зразумела, не гатовы да супраціву грубай сіле. І на раніцу з’явіўся ягоны тэлевізійны зварот, у якім падняволены, не адрываючы вачэй ад напісанай для яго паперкі, вымушаны быў асудзіць ініцыятараў маршу па праспекце Незалежнасці ад Кастрычніцкай плошчы да Дому ўрада, адразу стаўшы ў вачах грамадства антытыпажам. «Але не гэта клапаціла мяне, – прызнаецца Яраслаў Раманчук. Мяне больш непакоіла тое, што з-за мяне могуць загінуць людзі. І гэтага я сабе ніколі не дараваў бы».

«Я ішоў на выбары з праграмаю нашай Аб’яднанай грамадскай партыі «Мільён працоўных месцаў». Лукашэнку гэта вельмі злавала. Мы зайшлі на поле ягоных абавязкаў: на поле сацыяльных гарантыяў, працоўнай занятасці. Гэта тое, з чым Лукашэнка не даваў і не дае рады. Але гэта проста неабходна было рабіць. Толькі, на жаль, у кожнага з маіх калегаў па выбарчай кампаніі былі свае амбіцыі. І я проста застаўся ў адзіноце. Гэта быў велічэзны стрэс. Калі табе наўпрост кажуць: альбо ты не выступіш – і тваіх сяброў пачнуць забіваць (старшыня АГП Анатоль Лябедзька ўжо тады быў у закладніках) і ты будзеш вінаваты да канца жыцця, альбо ты пакаешся перад уладаю і Лукашэнка можа прабачыць… Калі такі выбар стаяў, то я ўпэўнены, што зрабіў абсалютна правільна».

Дзе зараз тыя міліцыянты, супрацоўнікі ДАІ, якія трапілі ў кадры дакументальных здымак падчас затрымання кандыдата ў прэзідэнты ад кампаніі «Гавары праўду» Уладзіміра Някляева? Альбо тыя, хто зрабіў шумавую заслону для таго, каб паэта няшчадна збілі. Ці, выканаўшы загады, яны працягваюць служыць. А можа, усё ж, адумаліся, і назаўсёды вырашылі пазбавіцца заплямленага скасаваннем афіцэрскага гонару і чалавечага сумлення мундзіру.

Уладзімір Някляеў на маю просьбу ўзгадаць тыя падзеі 19 снежня 2010 года параіў звярнуцца да кнігі журналіста Уладзіміра Хільмановіча, выдадзенай дзесяць год таму, у лістападзе, 2013-га. Яна распачынаецца артыкулам «Крыж Еўфрасінні Полацкай» і заканчваецца «Плошчай 2010». У першым матэрыяле аўтар мяркуе, што «пакуль арыгінал крыжа Еўфрасінні Полацкай не вернецца на Беларусь, ні даравання, ні любові, ні вольнасці нам не дачакацца… Калі крыж вернецца на радзіму, беларуская гісторыя пойдзе зусім іншым шляхам». Таксама там гучыць думка, што «пройдзе час і дата 19.12.2010 стане ў адным шэрагу з 25 сакавіка, з 27 ліпеня, стане важнай датай у змаганні за нашу дзяржаўнасць, волю, праўду, справядлівасць, адвечнае права людзьмі звацца. А на Плошчы імя Каліноўскага будзе стаяць Стэла Годнасці».

А эпілог ад Уладзіміра Някляева для нашых чытачоў такі:

«Наш рух на гэтым шляху не скончаны. А толькі перарваны»…

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў