«Амерыка мяне кідала і разносіла». Сяргей Доўгушаў расказаў, чаму збег з ЗША і што будзе рабіць у Варшаве


Спявак і музыка Сяргей Доўгушаў 16 лістапада прыляцеў з Чыкага ў Варшаву і напісаў: «Я ўдома». Заснавальнік «Спеўнага сходу» і арт-рэзідэнцыі «Дом творцаў» пражыў у ЗША год. Працаваў там з мексіканцамі грузчыкам, скручваў мэблю, развозіў тавары на «Убэры». На сустрэчы ён стомлены, нявыспаны, без жонкі. Але – з ветлівай (амерыканскай?) усмешкай. Частуе нас гарбатай і штатаўскімі цукеркамі ў «Доме творцаў» праз некалькі гадзінаў па прылёце. Расказвае, што Амерыка яго прызямліла і дала зразумець, адкуль бяруцца грошы, але амерыканцам не зрабіла. Не здолела – збег…

Музыка Сяржук Доўгушаў у арт-рэзідэнцыі «Дом творцаў». Варшава, Польшча. 16 лістапада 2022 года.
Фота: Цімур Котаў / Белсат

«Белсат»: Сяржук Доўгушаў год таму, да Амерыкі, і Доўгушаў, які сёння прызямліўся ў Варшаве, – чым яны розняцца?

– Той, што прызямліўся сёння, – больш «пракачаны». «Пракачаны» ў плане жыцця. Калі да Амерыкі я баяўся за стырно аўтамабіля сесці, то цяпер не. Больш смеласці ў розных рэчах з’явілася. І, я б сказаў, нейкая прыземленасць большая. Быў раней пастаянна ў сваіх творчых палётах, а цяпер глядзіш: трэба тут палічку нейкую прыкруціць, тут яшчэ нешта…

Год таму не звяртаў увагі на такія рэчы. Не мог прызямліцца. Амерыка мяне троху матэрыяльна «пракачала». У тым ліку і ў разуменні таго, што і грошы не проста так даюцца. Ну я проста не ведаў, адкуль яны бяруцца: там нешта заплацілі, там яшчэ прыляцела. А тут, калі сам цэлы дзень адбамбіў і атрымаў за гэта, – тады разумееш.

– Ну, гэта ж плюс? Добрая навука?

– Ну так. Пачынаеш больш цаніць сябе сапраўднага. Вось у апошнія месяцы ў мяне такі заклік гучаў: вярнуцца да сябе! Вярнуцца да сябе, які ты ёсць. Таму што пайшоў нейкі адчай і пытанні: што я тут раблю, якую ролю граю? І разумееш, што свой шлях і кірунак, на якім у мяне найлепш атрымлівалася – тая ж праектная дзейнасць, музычная, культурніцкая, – што я гэта проста выкінуў са свайго жыцця.

Хто я без яе? Нейкі чалавек у адчаі…

«Тут больш адчуваецца радзіма»

– Дык вяртанне ў Варшаву – гэта вяртанне да сябе?

– Да сябе, так. Канкрэтна ехаў па рэсурсы і пабачыцца з усімі. Першае, што ў мяне спыталі, калі прыляцеў у Варшаву: «Якія ў цябе адчуванні? Ты ж год тут не быў».  Першае маё адчуванне такое: я ўдома! Дамоў прыехаў! (Смяецца). Вельмі файна тое, што ёсць куды прыехаць – гэты дом, гэтая рэзідэнцыя, супер.

Музыка Сяржук Доўгушаў у арт-рэзідэнцыі «Дом творцаў». Варшава, Польшча. 16 лістапада 2022 года.
Фота: Цімур Котаў / Белсат

Плюс, наколькі ведаю, сябры мае і знаёмыя – яны амаль усе тут, у Варшаве. Варшава становіцца Менскам. Менскам нумар два. Мне ўжо пішуць: давай там сустрэнемся, давай зробім тое і тое, нейкія праекты паляцелі…

– Я правільна разумею: ты вярнуўся назусім?

– Не-не, не ведаю… Тут складана. Я магу толькі напэўна сказаць, што там асабліва нічога мяне не трымае, а тут быццам бы ядро ёсць. І дзейнасць. Я хацеў бы знайсці пастаяннае месца. Мне падаецца, яно больш тут, чым там.

Тут больш радзіма адчуваецца. Там буду проста бываць, бо маю грын-кард, і трэба наведваць Амерыку, канцэрты даваць. Таму што там таксама мяне ўжо палюбілі і сябры зʼявіліся, там заснаваў мужчынскі ансамбль, пачалі спяваць…

«У Амерыцы зусім няма жанчын…»

– Не дзіўна – ты ўсюды засноўваеш ансамблі, не?

– Ну так (смяецца). Але там было складаней, бо людзі былі не музыкі зусім, у кожнага свой бізнес. Але панядзелкамі пачалі спяваць. А ў мяне ж была даўняя мара – зрабіць мужчынскія спевы. Бо на «Спеўныя сходы» звычайна прыходзіла 80 адсоткаў дзяўчат і толькі 20 – хлопцаў. 

 Калі казаць пра Мінэсоту, хоць гэта можна казаць і агулам пра Амерыку, то там зусім няма жанчын (смяецца). Усе – мужчыны. Усе такія кажуць, маўляў, трэба ажаніцца. Такая гендарная нераўнавага.

– Але ж ты жанаты. Дзе жонка?

– Там засталася.

– Вяртаешся да сябе без жонкі?

– Ну так. Выбіраю сябе. На сёння…

– Па прылёце сюды якая музыка ў галаве гучала?

– Ат, не гучала музыкі… Я нават адвык ад інструментаў. Нейкі пратэст у мяне быў. Я пайграў там на фестывалі. Дзевяць выступаў у мяне было. Неяк усё ператварылася ў яшчэ адзін амерыканскі карпаратыў, а ў мяне з гэтым ніколі не складвалася. Калі і запрашалі ў які кавэр-бэнд, то не ішло. Не ідзе, калі сябе не праяўляеш, не робіш таго, што з цябе льецца.

Музыка Сяржук Доўгушаў у масцы Вольнага хору. Варшава, Польшча. 16 лістапада 2022 года.
Фота: Цімур Котаў / Белсат

Там ты павінен забаўляць. Вось яны прыйшлі з півам, а ты пачынаеш распавядаць ім нейкую гісторыю пра лірніцтва, граць нейкую духоўную песню – так не закоціць. Патрабуецца шоу. Шоу! Амерыка – гэта рэальна шоу. На суседняй сцэне проста круцяць фаеры, падкідваюць палачкі з агнём – дык там крыкі і апладысменты. Таму не трэба граць на ліры. Можна проста падкідваць яе і круціць у паветры – будзе дастаткова.

«Дым з машыны валіць, а я сяджу і слухаю «The Doors»

– У «Фэйсбуку» ты паспеў напісаць пра пачатак новага этапу ў сваім жыцці і пра тое, што пра амерыканскі перыяд можна ўжо пісаць кнігу…

– Ох, можна было б і кіно здымаць. Амерыка мяне тузала, кідала і разносіла. Там кожны дзень назіраеш такое «амэрыкан муві», нейкае кіно, якое ты калісь глядзеў у дзяцінстве. І вось ты ў гэтым кіно жывеш і думаеш: так, а што я тут раблю, якую ролю граю?

У нейкі момант я падумаў, што гэта нейкая гульня, кўэст, і я павінен яго прайсці. Вось я працую на цяслярні, габлюю, нейкую мэблю раблю, скручваю, іду такі ўвесь у пыле… А праз месяц – выступаю на фэсце, дзе ўсе ходзяць у сярэднявечным адзенні. І кожны дзень нешта новае і новае. Ці там з суполкай беларусаў мы ладзім Купалле. І тут жа я еду на машыне, развожу замовы на «Убэры» па Чыкага і думаю, каб не трапіць у закрытыя, «чорныя» раёны. Потым гляджу: пустыя вуліцы, на святлафорах няма машынаў, кампаніі нейкія – сапраўды трапіў у гэтыя стромныя раёны. І ўжо бяжыць за мной нейкі дзяцюк, і я – па газах. Думаў, страляць пачне… Ці заходзіш у паб, дзе грае нейкі кантры-музыка ў капелюшы, яшчэ нейкія персанажы, хоць малюй усё гэта. Так гэта было.

Ці аварыі гэтыя дурныя, незразумела з якіх прычынаў. Проста памянялі колы на машыне, еду – і колы загараюцца, а ты ляціш пад 80 і разумееш, што маеш літаральна некалькі секундаў, каб паспець нешта зрабіць. Гадзіна-пік, паток машынаў, зварочваю ўніз, стаю на трасе і не магу выйсці з машыны, таму што проста немагчыма. Потым паліцэйскі мне нешта сам мяняе. Проста экшн: еду, гарыць кола, дым ідзе з машыны – а я сяджу і слухаю «The Doors»…

Музыка Сяржук Доўгушаў у арт-рэзідэнцыі «Дом творцаў». Варшава, Польшча. 16 лістапада 2022 года.
Фота: Цімур Котаў / Белсат

Так, новая мая машына. Паставіў новыя колы сабе зімовыя, яны сказалі там, што зіма ўжо хутка ў Мінэсоце настане. Паставіў і паехаў. Потым толькі дазнаўся, што яны нешта там няправільна зрабілі. Кажуць: у іх упершыню за 12 гадоў такі выпадак. Тая аўтакампанія, што прадала мне машыну, яны з імі сапраўды працуюць ужо 12 гадоў, і ніякіх не было праблемаў. Ага, не было, пакуль Доўгушаў не зʼявіўся (смяецца).

– Зарабіў троху амерыканскіх грошай?

– Ды я ўсе патраціў там! Там немагчыма зарабіць. Каб адкладаць, трэба больш за 5 тысяч баксаў зарабляць. Таму што ўсё ідзе на нейкія крэдыты, на аплату таго ці іншага, а каб трымаць дом, трэба зарабляць 10 тысяч.

На «Убэры», пры добрым раскладзе, зарабляеш 250-300 долараў за дзень… Але я – усё. За два дні да адʼезду сказаў сабе: саскокваю з «Убэру».

Многія так працуюць і саскочыць ужо не могуць. Мой сябра пайшоў працаваць на тракі, ездзіць у далёкія рэйсы. Цяпер ён не можа з гэтага злезці, таму што, калі злезе, не будзе чым плаціць за крэдыты на дом і машыну.

Таму… у гэтым ёсць нейкае рабства, я не ведаю, але людзям падабаецца. Папрацавалі, зарабілі грошы, зрабілі закупы, такое жыццё…

Для мяне Амерыка – гэта такі вялікі працоўны дзень, цягам якога напружана зарабляюць долары, а ў канцы тыдня ладзяць карпаратыў. Карпаратыў на выходныя. Амерыка – гэта такі вялікі карпаратыў. Сама энергетыка там такая. Усе працуюць. Вось рэальна – праца, праца, праца. Пайсці адпачыць кудысьці – не: толькі на выходныя. Ні канцэртаў, ні імпрэзаў якіх.  Тут я такі шчаслівы, што ў мяне ў панядзелак будзе канцэрт, напрыклад, ці ў аўторак, можа быць.

– З Доўгушава амерыканца не атрымалася? Ці можна казаць, што ты збег адтуль?

– На сённяшні дзень так – я збег. Можна так сказаць (смяецца). Але паеду туды ў гастрольны тур. Мне там падабаецца быць на гастролях, а жыць – пакуль не зраслося. А гастролі – Тэхас, Мінэсота, Каліфорнія і г. д. Калядная праграма, тусоўкі беларусаў, цябе вельмі добра ўсюды прымаюць. Ты там такі ўнікальны, бо не так часта прыязджаюць беларусы.

Музыка Сяржук Доўгушаў у арт-рэзідэнцыі «Дом творцаў». Варшава, Польшча. 16 лістапада 2022 года.
Фота: Цімур Котаў / Белсат

Так жыццё там зладжанае, што калі працуеш на будоўлі, у цябе будзе страхоўка, але калі ты музыка, то ты як афіцыянт. Нейкія табе пакідалі чаявыя – і ўсё. Мяне гэта ўводзіла ў дысананс…

«Хачу, каб «Дом творцаў» ізноў пачаў ствараць»

– Былы палітвязень Ігар Банцэр у інтэрвʼю «Белсату» наракаў на загалоўкі накшталт «Банцэр зʼехаў з Беларусі» і прапаноўваў такі варыянт: «Банцэра няма ў Беларусі». Ты збег з Амерыкі, прыляцеў «не назаўсёды» ў Польшчу, цябе няма ў Беларусі. Як акрэсліш статус сваёй прысутнасці?

– Я зʼехаў з Беларусі, але, пакуль самалёты ляталі, лятаў туды. Цяпер разумею, наколькі гэта было небяспечна. Бо ведаю, што тэчачка на мяне ўжо там ляжала. Проста чакалі нейкага моманту. Добра. Я зʼехаў на тры месяцы. Прычым і кватэру тут зняў на тры месяцы, таму што думаў, што больш за тры месяцы я не прабуду за мяжой. Размеркаванне прыйшло з Акадэміі навук. У мяне ж была магістратура, здаў усе іспыты, засталася толькі абарона магістарскай. Але я не паляцеў, бо былі ўжо званочкі: па таго прыйшлі, па таго, па таго…

– Дык ты не магістр?

– Не магістр. А праца была пра ліру. Лірніцтва на тэрыторыі Беларусі. Вельмі глыбока вывучаў, знайшоў унікальныя матэрыялы.  Усё напісана – ляжыць у мяне цяпер.

Дык вось, праз тры месяцы ты разумееш, што асабліва нічога не мяняецца і не зменіцца. Пачынаю посціць, што «я тут», а адтуль пішуць: «О, і Сяржук зʼехаў».  Мне не падабалася гэта чуць: ага, вось і ён зʼехаў, артыст, вакаліст… Але калі падумаць нармальна – і добра, што зʼехаў. Каму Сяржук дапаможа з турмы ці адкуль там?

Мне цяпер сапраўды важная ідэя «Дому творцаў», падтрыманне нашых людзей культуры – іх і ў Беларусі ніколі не падтрымлівалі.  Я рады, што ёсць гэты праект. Таму першае, што хачу, гэта каб «Дом творцаў» ізноў пачаў актыўна існаваць і жыць. І каб пачаліся рэзідэнцыі. Бо я ўжо забыў троху, як і што тут працуе, бо пад Амерыку стаў падладжвацца. Цяпер хачу зразумець, каму гэта можа быць цікава, хто можа быць партнёрамі і так далей. 

Арт-рэзідэнцыя «Дом творцаў». Варшава, Польшча. 16 лістапада 2022 года.
Фота: Цімур Котаў / Белсат

Карацей, вельмі спадзяюся, што з маім прыездам сюды я больш актыўна гэтым займуся, бо троху мы праселі. Каб ізноў «Дом творцаў» пачаў ствараць. Ужо заўтра сустракаю першыя семʼі з Беларусі, каб сюды засяліць…

– Нейкае фінансаванне знайшлося?

– Цяпер я запусціў на «GoFundMe» збор, і мы сабралі за першы месяц грошы, што дазволіць запрасіць 10 чалавек з Беларусі, хто вызваліўся з турмаў і г. д. На старонцы «Дому творцаў» можна данаціць. Збор працягваецца.

Увогуле ж, гэты праект мы прыдумалі яшчэ да майго адʼезду ў Амерыку.  Потым, калі зʼехаў у ЗША, я онлайн каардынаваў рэзідэнцыі, што тут праходзілі. Агулам тут пажылі больш за сотню чалавек. Мы дапамагалі і візы адкрыць, і выехаць з Беларусі. Хтосьці вярнуўся, хтосьці застаўся тут, у Польшчы. Мастакі, тэатралы, рэжысёры, акторы, драматургі. 

У кожнай рэзідэнцыі былі свае мастацкія кіраўнікі. У музычнай – Віталь Эпаў і Вольга Падгайская, яны вялі групы, рэпетавалі, таксама Аляксей Варсоба займаўся імправізацыяй з удзельнікамі. Тэатральнай – Юрый Дзівакоў, фальклорнай – Наста Някрасава і г. д. У нас тут зала вялікая, у ёй рэпетаваць можна.  Калі быў аркестр, яны ўсе сядалі і гралі, мастакі – малявалі. У пакоях чалавек 10-12 можна размясціць. Вельмі яскрава ўсё адбывалася: я сядзеў там у Амерыцы і цешыўся, што такое адбываецца. Бо там мне такое і не снілася.

– А што снілася там?

– Мне часта радзіма сніцца. Вельмі. Вельмі часта былі сны пра тое, што трапляеш у Беларусь, ідзеш, нейкае сонца, класна, і ў нейкі момант разумееш, што цябе зараз хтосьці пазнае і адразу здасць. Ці я іду, сустракаюся з кімсьці, так файна, а потым адчуваю, што хтосьці ўжо за мной сочыць. Потым было такое, што збягаў ад кагосьці, беглі за мной…

Музыка Сяржук Доўгушаў у арт-рэзідэнцыі «Дом творцаў». Варшава, Польшча. 16 лістапада 2022 года.
Фота: Цімур Котаў / Белсат

Вось такія сны. Менскія. Хоць родная вёска Тарчылава на Аршаншчыне таксама снілася. А вось сон пра Варшаву быў, што я прыехаў і зямлю цалаваў (гучна смяецца).

– Дык пацалаваў ужо?

– Не, не яшчэ!

«Не хацеў бы ў такую Беларусь вяртацца»

– Ты ў адным з інтэрвʼю вельмі трапную аналогію з Шагалам прыводзіў, які не вярнуўся ў савецкі Віцебск, хоць яго і запрашалі…

– Шмат пра гэта думаў. Я не хацеў бы ў такую Беларусь вяртацца, якая яна цяпер. Гэта праўда. Нават калі, уявім сабе, там бяспечна. Бачыць гэтыя савецкія вуліцы, гэтых незадаволеных цётак, расейскіх салдатаў. Адчуваць, што на цябе аглядаюцца, калі ты размаўляеш па-беларуску. Не…

А тут… Я толькі збіраўся ехаць, а мне піша ўжо мой сябар Аляксандр Ясінскі: «А давай са мной у тур» з 1 снежня. Польшча, Чэхія. Я кажу: «Давай, клас!» У Вільню яшчэ запрасілі на тры дні правесці майстар-класы і канцэрты. Так што музыка ўжо вяртаецца да мяне. 

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў