Юрый Рававы, кіраўнік стачкаму ААТ «Горадня Азот»: Тэлефануюць выпівохам і запрашаюць іх на працу


Летась пасля абвяшчэння страйкаў на беларускіх прадпрыемствах пачалі павышаць заробкі. Юрый Рававы, былы працаўнік «Горадня Азоту», звольніўся адтуль яшчэ ў жніўні мінулага года, але ён і цяпер сочыць за падзеямі на прадпрыемстве. Рававы кажа, што заробак там вырас ажно на 34 %.

З Юрыем Рававым размаўляла Арына Маліноўская.

Юры Рававы. 19 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

– Усе прадпрыемствы, якія страйкавалі, маюць цяпер павышаныя заробкі. Прадпрыемства, на якім працаваў я, на 34 % зарабляе больш з таго моманту, як я з’ехаў. І, вядома, гэта змушае людзей сумнявацца: ці трэба мне страйкаваць, а можа і не? Горшая сітуацыя ў астатніх прадпрыемстваў, якія штогод датаваліся з бюджэту, трымаліся неяк. А цяпер амаль дзвесце такіх прадпрыемстваў у бліжэйшыя гады будуць ліквідаваныя. Гэта тысячы людзей без працы. Вось тады з’яўляецца ў людзей настрой страйкаваць, і праходзіць страх, бо губляць ужо няма чаго. А калі цяпер усе чакаюць страйкаў ад прадпрыемстваў, што моцна гучалі год таму, – не варта спадзявацца, што гэта будзе. І праблемы будуць з іншага боку вылазіць, з рэгіёнаў, а не з буйных гігантаў, якія мы бачылі ўвосень і ўлетку 2020 года.

– Чым не задаволеныя працоўныя?

– Ціск на працоўных месцах. Затыкаюць рот усім, хто патрабуе нават таго, што ім павінны даць паводле закону. І гэта датычыць сродкаў, адзення. Людзі нават не хочуць падыходзіць, калі рукавіцы не тыя далі, працаваць у іх нязручна, яны для іншых працаў прызначаныя. Нават не могуць падысці паразмаўляць, бо запужаныя, застрашаныя, што згубяць працу. Цяпер ніякім перадстрайкавым станам не пахне. Гэта калі падымецца агульнанацыянальны рух, зноў тыя ж самыя заводы і працоўныя пабачаць у вачах астатніх, што вось прыйшоў час. Тады яны ўздымуцца.

17 жніўня 2020 года было першае павышэнне, калі быў створаны страйкам, калі людзі хадзілі маршамі ў горад штодзень. Другое павышэнне – 2 лістапада 2020 года. Наконт падзеяў з ультыматумам і ўсяго, што адбывалася на «Горадня Азоце», калі людзі адмаўляліся ад працы і людзей звальнялі з палітычных матываў. Калі мы кажам пра масы людзей, то варта ўлічваць, што ўлада мае ўплывовыя рычагі – грошы. На «Горадня Азоце» дагэтуль плацяць заробкі павышаныя.

Звальненні на прадпрыемстве

– Звальняюць менавіта такім чынам: не працягваюць кантрактаў. Бо гэтая кабала, якая вісіць на працоўных Беларусі, з кароткатэрміновымі кантрактамі, яна дае працадаўцу волю такую, што цяжка ўявіць. Людзі таму і баяцца – баяцца страціць працу. Звальняюць тых, хто ў мінулым годзе выказваўся. А калі гэта нехта з вышэйшых працоўных пасадаў, людзі з адміністрацыі, то яны таксама робяць ціха. Яны ў газеце карпаратыўнай з кветкамі, пашанаю праводзяць чалавека, але да гэтага маглі яго пужаць, што яму пагражае крымінальная кара, калі ён не сыдзе сам. Яны з імі прыгожа развітваюцца. І гэта напружвае. Напружвае менеджараў сярэдняга ўзроўню. Калі ты начальнік цэху і бачыш, што рабочыя з’язджаюць, альбо што звальняюць тых, хто хоча застацца, ты губляеш спецыялістаў, ты не можаш своечасова зрабіць рамонт у сваім цэху, а потым за гэта адказваеш, – гэта напружвае ўсіх. Бо на такіх прадпрыемствах людзі працуюць з не самай дрэннай кваліфікацыяй. Яны сябе знойдуць недзе, яны не прымаюць гэтага ціску. І што застанецца, калі людзі працаўладкуюцца, уладкуюць жыццё за мяжою – вось гэта вялікае пытанне.

– Ці можа адбыцца забастоўка?

– Ёсць падполле, і ёсць людзі на заводах, якія сядзяць там, хочуць пераменаў, разумеюць, што не варта цяпер выказвацца на гэтую тэму і казаць усім: хадзем пікетаваць да заводакіравання. Але яны там застаюцца, толькі рыхтуюцца да пэўнага моманту. Не буду вам тлумачыць, якім чынам яны рыхтуюцца. Людзі чакаюць нейкага трыгера.

Працоўныя ААТ «Горадня Азот» страйкуюць на прадпрыемстве. Горадня, Беларусь. 19 жніўня 2020 года. Кіраўнік страйкаму «Горадня Азоту» запэўнівае, што праз недахоп кваліфікаваных кадраў на прадпрыемстве ёсць праблемы з рамонтам абсталявання.
Фота: Белсат

– Не хапае спецыялістаў. Нават цяпер рамонт у трэцім цэху. Была ўстаноўка, звязаная з тым, што такая самая труба, толькі ў іншым месцы, парвалася, і трэба выразаць кавалак, паставіць, зварыць гэта ўсё і пусціць у працу. Але такіх трубаў дванаццаць. І людзей няма, каб гэта зрабіць. Няма спецыялістаў, каб зрабіць за кароткі тэрмін, які ставіць канцэрн «Белнафтахім». І гэта сведчыць пра тое, што людзі проста не хочуць, з’язджаюць, сыходзяць з такіх прадпрыемстваў, дзе на іх ціснуць.

– Каго бяруць на працу?

– Ёсць людзі, якія раней працавалі на гэтых заводах, але былі звольненыя за алкаголь ці праз іншыя абставіны. Іхныя нумары маюць у аддзелах кадраў. І калі ты вымушаны знайсці спецыяліста, то будзеш карыстацца кантактамі, якія маеш. Тэлефануюць пенсіянерам, якія яшчэ трошкі могуць папрацаваць. Мелі вялікія надзеі на выпускнікоў, якія маглі б працаўладкавацца пасля тэхналагічнага каледжу ў Горадні альбо пасля БДТЭУ. Але гэтыя людзі не прыйшлі. І калі ты бачыш спіс людзей звольненых – і на ўласнае жаданне, і пасля завяршэня кантракту, і пенсіянераў, – ты глядзіш: сышло больш за 600 чалавек. Бачыш, колькі яны гадоў працавалі, з якіх яны пасадаў сыходзяць, і не толькі простыя працоўныя, але і працоўныя высокага разраду, якія добра зарабляюць і маюць шматгадовы досвед у гэтай працы, ён таксама каштуе дорага. Калі ты бачыш, як гэтыя людзі проста сыходзяць адтуль, і каго вы бераце на працу на «Горадня Азот» цяпер, – ну, гэта неба і зямля. І нават у такіх абставінах, калі тэлефануюць выпівохам і запрашаюць іх на працу, вось вісяць гэтыя 300 вакансіяў, гэта аб нечым ды сведчыць. Цяпер ужо ніхто не можа дазволіць сабе на заводзе казаць пра тое, што вось там калейка стаіць да Скідзелю.

Аналітыка
Гаворка пра мільярды долараў. Колькі можа страціць Беларусь ад закрыцця мяжы з Польшчай
2021.11.19 09:00

– Якія захады цяпер робяцца на прадпрыемстве, каб перадухіліць дыверсіі, пра якія казаў Лукашэнка?

– На іншых прадпрыемствах кэдэбэшныя штучкі, размовы з людзьмі, спробы з кімсьці выйсці на кантакт, свае людзі ў цэхах. І ахова на прадпрыемстве ўзмацнілася. Але шукаюць пэўна не бомбы, а агіткі, улёткі. І залежыць ад ахоўніка, які знойдзе штосьці ў кагосьці. Прапусціць ці не. Заплюшчыць вочы альбо пачнуцца нейкія праблемы. Ціск велізарны на людзей. Кантралююць кожны крок. Але цікавая ім больш за ўсё менавіта палітычная актыўнасць, аб’яднанні людзей, якія адно з адным з розных цэхаў трымаюць сувязь. Неяк стараюцца папрэсаваць.

Ціск на працоўных

– Актывісты – частка з іх была вымушаная з’ехаць. І на іх ціснулі падобным чынам, як ціснулі на вас [Арыну Маліноўскую, журналістку тэлеканалу «Белсат»]. І вымушаюць іхных блізкіх тэлефанаваць з пагрозамі, што паедуць іхныя жонкі ў турму замест іх. Ну як гэта людзям перажываць? Я мяркую, што ніхто не можа спакойна перажыць, каб не страціць нерваў і часткі свайго жыцця вось на такія пакуты ад рэжыму.

– Калі будзе забастоўка?

– Забастоўка можа адбыцца тады, калі людзі зразумеюць, што іншага шляху ў іх няма. Калі мы будзем калбасіцца ў такіх абставінах, жыць на крэдыты ад Расеі, а потым, падобна, аплачваць іх стратаю свайго суверэнітэту, то гэта можа яшчэ працягвацца доўга. Заўсёды людзей падымалі на страйкі эканамічныя прычыны. Калі людзі разумелі, што так больш нельга. Іншай зброі ў працоўных няма, толькі страйк.

Чытайце таксама:

АМ belsat.eu

Стужка навінаў