Дабрачыннасць па-беларуску. Як кампанія «Про100 дапамагаем!» ператвараецца ў вымаганне грошай


Здымае мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ГА «Беларускі чырвоны крыж» / Facebook

Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа распачало ў лістападзе дабрачынную кампанію для збору сродкаў мігрантам, якія цярпяць на мяжы з Польшчаю: «Про100 дапамагаем!». Але не ўсё так проста. Нашыя чытачы паведамляць, што «проста дапамога» ператвараецца на некаторых прадпрыемствах у настойлівае вымаганне грошай. А за просьбаю дапамагчы крыецца загад начальства, невыкананне якога можа пацягнуць адпаведныя наступствы.

«У філіяле «Менскія цеплавыя сеткі» адбываецца наступная сітуацыя: вымагаюць грошы з працаўнікоў», – паведамляе «Белсату» чытач і прыкладае дакумент.

Фота прадстаўлена чытачамі «Белсату»

Як вынікае з «інфармацыі для начальнікаў структурных падраздзяленняў», іх просяць узяць удзел у «зборы грошай мігрантам у цяжкай жыццёвай сітуацыі». На гэтыя сродкі ў буфеце філіялу маюць закупіць харчы для мігрантаў. Сродкі збіраюцца праз ведамасць, дакладную суму не ўстанаўліваюць. Усё проста.

Але працаўнікі паведамляюць, што паперка са спісам ахвярадаўцаў, хутчэй за ўсё, ляжа на стол намесніка дырэктара прадпрыемства, каб ён пабачыў, хто здаў, а хто не.

Працаўнікі здзіўленыя, чаму сродкі збірае Чырвоны Крыж, бо і так штомесяц пералічваюць туды грошы.

Старшыня першаснай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа на прадпрыемстве «Менскія цеплавыя сеткі» Валянціна Шавель размаўляць з намі адмовілася: «Я не ўпаўнаважаная нешта расказваць». І накіравала да работніцы, адказнай за сувязі з грамадствам. Але і тая не дапамагла высветліць сітуацыю: «Не ў курсе, я гэтым не займаюся. Вам трэба напісаць афіцыйны ліст нашаму прадпрыемству на імя дырэктара Алега Жура, і толькі тады мы зможам вам даць каментар».

Сітуацыя, калі дабрачыннасць ператвараецца ў вымаганне, назіраецца не толькі ў «Менскіх цеплавых сетках». Чытачы паведамляць, што агракамбінату «Дзяржынскі» загадалі аддаваць сваю прадукцыю мігрантам у гатэльным комплексе «Веста» каля Дзяржынску.

Збірае сродкі для ўцекачоў і Беларускі саюз жанчын. Але вось, напрыклад, жыхароў Драгічына «папрасілі» напісаць заявы з просьбаю штомесяц пералічваць грошы на рахунак раённай арганізацыі «Беларускага саюзу жанчын». Гэтак выглядае дабрачыннасць па-беларуску.

Фота прадстаўлена чытачамі «Белсату»

Да збору гуманітарнай дапамогі далучыліся БРСМ, сацыяльныя службы абслугоўвання насельніцтва, навучальныя ўстановы ды іншыя арганізацыі па ўсёй краіне. Амаль усюды дабрачыннасць падмацоўваецца і рэгламентуецца лістамі ды інструкцыямі з аддзелаў ідэалогіі.

Дарэчы, Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа заклікае ахвяраваць грошы на дапамогу людзям на мяжы, робячы просты – без пасярэднікаў – перавод на рахунак БТЧК.

«Пацікавіліся б лепш, у якіх умовах утрымліваюць палітычных вязняў у Рэспубліцы Беларусь і ці не трэба дапамога ім», – адказвае на заклік Чырвонага Крыжа адзін з карыстальнікаў «Фэйсбуку».

Як паведамляе афіцыйны сайт Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, з 9 да 15 лістапада арганізацыя перадала мігрантам 34 тоны харчоў, 7 тонаў вады, 1520 коўдраў і 4450 адзінак цёплага адзення.

Чытайце таксама:

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў