Афіцэр КДБ, што ўцёк з Беларусі, можа далучыцца да «BYPOL»


Кіраўнік «BYPOL» Аляксандр Азараў заявіў «Белсату», што афіцэр КДБ, які ўцёк з Беларусі, можа далучыцца да аб’яднання былых супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Але будзе сурʼёзная праверка.

Будынак КДБ у Менску.
Фота: БелТА / belta.by

Аляксандр Азараў не выключыў далучэнне да «BYPOL» капітана КДБ, што ўцёк з Беларусі. Што праўда, пакуль пэўна невядома, ці сапраўды гэты афіцэр існуе і ці збег ён за мяжу. Уся гэтая гісторыя можа быць аперацыяй спецслужбаў, сказаў «Белсату» кіраўнік «BYPOL».

«Тое, што КДБ пацвердзіў уцёкі, – гэта падазрона, будзем разбірацца. Гэта можа быць усё што заўгодна, можа быць аперацыя спецслужбаў», – адзначыў Азараў.

Ён дапусціў, што, калі ў афіцэра будзе жаданне далучыцца да «BYPOL», то пасля адмысловай праверкі гэта цалкам магчыма. Але пакуль пра гэтага сілавіка нічога не вядома.

«Падрабязнасці невядомыя, мы чулі інфармацыю, што нібыта хтосьці ўцёк, і ўсё на гэтым. Калі ён зʼявіцца, будзем разбірацца. Калі ён ёсць на самай справе і ўсплыве дзе-небудзь, натуральна, будзем з ім размаўляць. У нас ёсць свае метады праверкі, ёсць паліграф – паглядзім. Але мы яшчэ не ведаем, ці ўцёк ён на самай справе. Пацвярджэння ў нас няма», – сказаў Аляксандр Азараў.

«Наша Нiва» раней напісала, што капітан спецпадраздзялення КДБ «Альфа» збег за мяжу ў канцы верасня і цяпер яго нібыта правяраюць контртэрарыстычныя службы адной з сумежных дзяржаваў. Ягонае імя, пасада, а таксама ўзровень допуску да інфармацыі пакуль не вядомыя.

У КДБ прызналі, што афіцэр зʼехаў, але адзначылі, што гэта былы супрацоўнік, яго звольнілі сёлета ў жніўні «на дыскрэдытоўных падставах». Вайсковец нібыта здзейсніў шэраг ашуканскіх дзеянняў у дачыненні грамадзян, у выніку чаго завалодаў грашовымі сродкамі на суму звыш 30 тысяч долараў у эквіваленце. На яго завялі крымінальную справу. «Жадаючы схавацца ад пераследу, ён незаконна адбыў за межы Беларусі і аб’яўлены ў вышук», – паведамляе «БелТА».

Hавiны
У КДБ прызналі ўцёкі былога супрацоўніка за мяжу
2022.10.19 09:23

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў