У Мінэканомікі Беларусі заявілі пра рост у самых правальных галінах: IT і грузаперавозках


Намеснік міністра эканомікі Беларусі Андрэй Картун заявіў пра рост у самых правальных галінах апошняга часу: грузаперавозках і IT. Агулам, паводле чыноўніка, «эканоміка выходзіць на мэтавую траекторыю росту».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Валавы ўнутраны прадукт у студзені – ліпені сёлета вырас год да года на 2,9%, паведаміў раней Белстат. Намеснік кіраўніка Мінэканомікі Андрэй Картун пракаментаваў гэтыя вынікі і раскрыў крыху падрабязнасцяў.

«У прамысловай вытворчасці тэмпы росту паскорыліся да 7,1%. Асноўная прыбаўка атрыманая за кошт машына- і прыборабудавання, а таксама нафтаперапрацоўчай і хімічнай галінаў. Добрыя паказнікі захоўваюцца таксама ў металургіі, вытворчасці бытавой тэхнікі і харчовай прамысловасці. Пры гэтым прадукцыя ідзе на прылаўкі, а не на склады: за ліпень узровень складскіх запасаў знізіўся на 2%», – цытуе чыноўніка сайт міністэрства эканомікі.

Картун пахваліўся «станоўчай дынамікаю» у жывёлагадоўлі (+4,1%), будаўніцтве (+7,2%) і гандлі (+6,6%).

«Актывізацыі спажывецкага попыту садзейнічалі тры асноўныя чыннікі: рэкордна нізкі ўзровень інфляцыі (2,7% у гадавым выражэнні), рост у рэальным выражэнні прыбыткаў насельніцтва (пенсіяў – на 15%, заробкаў – на 7,4%), выгадныя ўмовы спажывецкага крэдытавання», – заявіў намеснік міністра.

Hавiны
«Страты супермаштабныя». Эканаміст ацаніў, колькі Беларусь губляе грошай ад рэпрэсіяў
2023.07.29 13:18

Асобна Картун вылучыў грузаперавозкі і IT-сферу – галіны, што найбольш пацярпелі пасля пачатку вайны ад санкцыяў і закрыцця межаў, а таксама ад рэпрэсіяў у Беларусі:

«Аб’ёмы грузавых перавозак устойліва аднаўляюцца, пры тым, што пасажыразварот даўно знаходзіцца ў «зялёнай зоне». Намеціліся паляпшэнні і ў IT-галіне: плюс 1,3% да чэрвеньскіх паказнікаў».

Таксама павялічваюцца інвестыцыі ў асноўны капітал: плюс 8,6% за сем месяцаў. Грошы ідуць на тэхналагічнае абнаўленне прадпрыемстваў: набыццё машынаў ды абсталявання.

«У кароткатэрміновай перспектыве гэты імпарт пагаршае цяперашнія вынікі вонкавага гандлю, але на доўгатэрміновым трэку зʼяўляецца фактарам павышэння канкурэнтаздольнасці рэальнага сектару, павелічэння продажаў і ўстойлівага росту эканомікі», – запэўніў чыноўнік.

Разбор
«Пагроза ценявой эканомікі». Ад пачатку года гатоўкі ў Беларусі паболела на 28 %
2023.08.15 17:26

Паскарэнне інвестыцыйнага імпарту кампенсуецца ростам экспарту тавараў і паслугаў (на 8,6%). Паводле Картуна, вытворцы «ва ўмовах не самай спрыяльнай цэнавай канʼюнктуры здолелі на чвэрць павялічыць фізічныя абʼёмы паставак».

«Такім чынам, эканоміка ўшчыльную наблізілася да мэтавай траекторыі росту», – заявіў Андрэй Картун.

Паводле ягонага прагнозу, у студзені – верасні сёлета ВУП павялічыцца на 3% год да года.

Агляд
Звышзадача – разагнаць ВУП, астатняе другасна: да чаго гэта можа прывесці
2023.08.14 08:50

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў