Брытанія не збіраецца адклікаць амбасадара з Беларусі. А Беларусь адклікала свайго тры тыдні таму


«Сіметрычнага адказу» не будзе, бо Аб’яднанае каралеўства хоча працягнуць дыялог з Беларуссю.

Амбасадар Беларусі ў Аб’яднаным каралеўстве Вялікай Брытаніі і Паўночнай Ірландыі Максім Ермаловіч 29 ліпеня быў адкліканы дамоў. Міністэрства замежных справаў Беларусі адзначыла, што гэта не разрыў дыпламатычных стасункаў – каналы камунікацыі застаюцца. Новага не прызначаюць. Казалі, прызначаць «пасля заканчэння сёлетняга ўнутрыпалітычнага шоу і з’яўлення ў брытанскім урадзе адказных палітыкаў».

Звычайна паніжэнне ўзроўню дыпламатычнай прысутнасці адбываецца сіметрычна: раз адзін бок адклікаў амбасадара, адклікае і другі. А ў Менску дагэтуль працуе брытанская амбасадарка Джаклін Пэркінз (Jacqueline Perkins). Ці будуць яе адклікаць?

Амбасадарка Вялікай Брытаніі ў Менску Джаклін Пэркінз.
Фота: belarusfeed.com

Амбасада Аб’яднанага каралеўства адказала «Белсату»: на гэты час Вялікая Брытанія «не мае намеру» адклікаць амбасадарку.

«Падтрыманне адносінаў на амбасадарскім узроўні мае важнае значэнне для адкрытага дыялогу падчас складанай сітуацыі ў міжнародных адносінах, – тлумачаць у амбасадзе. – Вялікая Брытанія працягне актыўна прызываць да адказнасці ў Беларусі».

Чаму адкліканне беларускага амбасадара не перарасло ў нешта большае, невядома. Як няма і пэўнасці, чаму адклікалі Ермаловіча. Фармальныя прычыны, паводле прэс-сакратара МЗС, такія: санкцыі, абмежаванне працы дзяржаўных медыяў, «беспадстаўная» забарона на палёты «Белавіі», нявыдача беларускім дэпутатам візаў для наведвання паседжання Парламенцкай асамблеі АБСЕ.

Максім Ермаловіч.
Фота: Белсат

На думку аналітыка Арцёма Шрайбмана, Ермаловіча адклікалі толькі каб прызначыць на месца, якое вызвалілася ў адміністрацыі Лукашэнкі, а новага амбасадара Брытанія ўсё роўна б не прыняла, бо тады трэба было б прызнаць Лукашэнку прэзідэнтам Беларусі.

Шрайбман бачыць такую схему. Амбасадар у Расеі Уладзімір Сямашка «даўно прасіўся на пенсію». Яго адправілі ў адстаўку, вырашылі замяніць Дзмітрыем Крутым, які ў апошнія гады быў адказным за «паглыбленне інтэграцыі». Крутой жа быў намеснікам старшыні адміністрацыі Лукашэнкі – і быў там «рыначнікам» у процівагу намеснікам з «прасавецкімі поглядамі». Таму на вольнае месца Крутога паставілі Ермаловіча, бо ён якраз «рыначнік», у вернасці якога можна не сумнявацца.

Hавiны
Амбасадарка Швецыі з’ехала з Беларусі, напісала мілы развітальны ліст
2022.08.18 17:38

belsat.eu

 

Стужка навінаў