У Магілёве вынеслі прысуд 81-гадовай пенсіянерцы за абразу Лукашэнкі. Відэа з ёй трапіла ў TikTok


У Магілёве абвясцілі прысуд 81-гадовай пенсіянерцы з інваліднасцю 2-й групы Але Няўмоевай. Яе абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі за ролік, які размясцілі ў сацыяльнай сетцы TikTok, паведамляе «Магілёўская вясна».

Ілюстрацыйны здымак. Менск, 1 чэрвеня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Паводле версіі абвінавачання, у роліку былі выразы, што «абразілі гонар і годнасць Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі з ажыццяўленнем ім сваіх паўнамоцтваў».

Сваю віну Няўмоева падчас следства і падчас судовага працэсу прызнала.

Як заявіла абвінавачваная на першым пасяджэнні 4 жніўня, усё пачалося з таго, што яна ў красавіку пайшла раніцаю выкідаць смецце. Туды ж пад’ехалі работнікі «Спецаўтапрадпрыемства», якія займаюцца ачышчэннем кантэйнераў.

«Там быў смяцяр у аўце. Здымаў мяне на камеру і задаваў пытанні. Наагул пачала размову, бо ён пастаянна ездзіць палівае вадою хлявы, разбіў гэты сметнік. Дарогу разбіў. Я не спецыяльна туды падышла, проста смецце выкідвала. Знізу быў іншы, грузчык. Ён мне пытанне: «Якая ў вас прэтэнзія?» Я: «Калі вы гэтую сметніцу зробіце? Там жа ўжо хутка канава будзе». Там так страшна ўсё зроблена, людзі пакутуюць, ямы. Асфальт не цалкам паклалі», – распавядала ў судзе жанчына.

Няўмоева падкрэсліла, што мэты абражаць Лукашэнку ў яе не было. Нават наадварот: у судзе яна паведаміла, што калісьці нават за яго агітавала, але той час мінуў.

«Чаму абразіла прэзідэнта? Я звярталася да яго, а мне адказ не прыходзіць. Адпраўлялі ў Міністэрства ЖКГ. А яны потым мае лісты адпраўляюць у Магілёў, а ў Магілёве мне ніякага адказу не даюць», – распавяла Няўмоева.

Яна прызнала, што сапраўды выкарыстала нецэнзурную лексіку на адрас Лукашэнкі, але адзначыла, што яе проста давялі:

«Усё казала нармальна спачатку, а ў канцы ў мяне нервы не вытрывалі: я б’юся, а нікому нічога не трэба. Мацюкі выкарыстала. Заўваг мне ніхто не рабіў, толькі гэтыя двое смецяроў. Я не вытрывала проста. Нікому гэта справа не трэба».

Са сведак на суд з’явіўся цяпер ужо былы працаўнік «Спэцаўтапрадпрыемства» Аляксандр Зайцаў, які засняў усю размову з Няўмоевай на камеру.

Крымінальну справу супраць Алы Няўмоевай распачалі, калі ролік размовы з ёй трапіў у TikTok. Але хто яго туды загрузіў, аўтар запісу растлумачыць не здолеў. Паводле Аляксандра Зайцава, відэа ён нікуды не адпраўляў.

Відэа ў TikTok убачыў экс-кіраўнік Кастрычніцкага раёну Магілёва Міхаіл Галушкоў. Ён перакінуў запіс намесніку кіраўніка Адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Магілёва Наталлі Халецкай, а тая напісала заяву ў міліцыю.

У выніку суд прызнаў 81-гадовую Алу Няўмоеву вінаватай і прызначыў мінімальна магчымае пакаранне – 30 базавых велічыняў штрафу (870 рублёў).

Hавiны
Абвінавачанні ў «карагоднай справе» ў Берасці выстаўленыя 108 пратэстоўцам
2021.08.19 11:55

АД, belsat.eu

Стужка навінаў