«Рэжыму я не дадаў больш як 4 тысячы еўраў». Паэт і блогер – пра жыццё ў літоўскім лагеры для ўцекачоў


У лагеры для ўцекачоў. Фота з асабістага архіву

Пра грамадска-палітычную дзейнасць мінулых гадоў, жнівеньскія падзеі 2020-га і побыт у літоўскім лагеры для ўцекачоў Алесь Круткін распавёў belsat.eu падрабязна і вельмі шчыра.

«У сярэдзіне студзеня 2021 года я выехаў у Літву, дзе папрасіў палітычнага прытулку»

На пытанне, чаму абраў Літву, Алесь адказвае, што меў двухгадовую гуманітарную літоўскую візу. З Коўна Алеся перавялі ў лагер для мігрантаў у Рукле.

«Кожны, хто трапляе ў гэты лагер, павінен прайсці своеасаблівы працэс інтэграцыі, не менш за 96 дзён. Асабіста для мяне ўсё, як падаецца, канчаецца добра. 22 ліпеня я атрымаў станоўчы адказ на атрыманне палітычнага прытулку на 5 гадоў», – тлумачыць наш герой.

Алесь распавядае пра лагер і яго насельнікаў:

«Лагер мае два трохпавярховыя корпусы. Ёсць бібліятэка, навучальны клас, футбольнае поле, альтанкі, невялікі гай, дзе можна адпачываць. Спачатку мігрантаў у лагеры было зусім няшмат, але за апошнія тыдні іх паболела: блізу 220 асобаў. З панядзелка 2 жніўня адбыліся істотныя змены. Лагер перайшоў пад ахову службы грамадскай бяспекі і вайскоўцаў. У лагеры з’явілася шмат мігрантаў з Афрыкі і асабліва Іраку ды Турцыі. Насельнікі лагеру маюць спецыяльныя карткі-пропускі. Зялёную картку даюць тым, хто даўно прабывае ў лагеры, яе ўладальнік мае права пакідаць тэрыторыю на пэўны час. Тыя ж, у каго чырвоныя карткі, такога права не маюць».

Даведка
Алесь каля беларуска-літоўскай мяжы. Фота з асабістага архіву

Пра рэакцыю на Беларусь і падыход адміністрацыі да ўцекачоў з нашай краіны Алесь адказвае коратка:

«За апошнія месяцы стаўленне да беларусаў у лагеры не мянялася. Адзіныя перамены ў стасунку да ўсіх – гэта ўзмацненне кантрольна-прапускнога рэжыму».

Чаму грамадзянін Беларусі апынуўся за мяжою, каб змагацца за ўласныя правы поруч з нерэгулярнымі мігрантамі? Адказ – у мінулым нашага героя.

«У 2008 годзе мяне затрымлівалі 18 разоў»

Хоць у пашпарце Круткіна запісанае імя Аляксандр, з 2006 года ён стаў падпісвацца і называцца Алесем. У свой час скончыў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Навуковым кіраўніком дыплому быў Уладзімір Лобач, вядомы беларускі этнограф і навуковец. Спадара Лобача ў красавіку гэтага года звольнілі з універсітэту, у якім ён адпрацаваў 27 гадоў. Адною з магчымых прычынаў магла стацца тая акалічнасць, што менавіта Уладзімір Лобач быў экспертам, які аналізаваў YouTube-казанні ксяндза Вячаслава Барка на прадмет экстрэмісцкага зместу. Нічога крамольнага навуковец не знайшоў.

З лютага 2007 года Алесь стаў актыўна займацца грамадска-палітычнаю дзейнасцю. Будучы сябрам «Маладога фронту», узначальваў гарадскія філіялы полацкага, а затым і віцебскага аддзяленняў. Менавіта на гэтыя гады прыпадаюць першыя затрыманні. Толькі ў 2008 годзе такіх арыштаў было ажно 18. Пасля была дзейнасць у арганізацыі «Маладая Беларусь», а з 2016 года Алесь – сябра партыі «Народная грамада».

Выпрабаванні асабіста для Алеся пачаліся задоўга да 9 жніўня 2020 года. З 2019-га Алесь з сябрамі-аднапартыйцамі ладзіў пікеты ў Менску. І з сумнавядомым артыкулам 23.34 КаАП Круткіну давялося сустрэцца нашмат раней, чым сотням і тысячам іншых суайчыннікаў. З лістапада 2019 года да чэрвеня 2020-га (за 8 месяцаў) на хлопца склалі 10 пратаколаў. Агулам за гэты перыяд яму прысудзілі 90 содняў арышту.

Ішоў пешшу больш за 20 кіламетраў, начаваў у лесе

З ліпеня 2020-га Алесь быў вымушаны сысці ў падполле, бо напярэдадні жнівеньскіх выбараў актывістаў сталі зачышчаць і саджаць на содні. «Хаваўся ў Смалявіцкім раёне, але ў дзень Х я не мог болей адседжвацца, таму рушыў на Менск. Маючы немалы досвед «партызаншчыны», ведаў, што з маршрутак, аўтобусаў ды іншых відаў транспарту сілавікі здымуць і затрымаюць. Ішоў пешшу больш за 20 кіламетраў», – успамінае Алесь.

Фота з асабістага архіву

На метро ён даехаў да цэнтру Менску і ноч правёў на праспекце Пераможцаў. Блізу трэцяй гадзіны ўначы выйшаў наўпрост да аўтазакаў. Павярнуць назад і бегчы было запозна, таму нечакана і смела пайшоў наперад.

«Мяне не затрымалі, толькі суправаджалі позіркамі. Дасюль не разумею чаму. Але адна версія ёсць. Я быў «пры касцюме», у пінжаку. І амапаўцы, мажліва, падумалі, што гэта нейкая важная птушка ў цывільным, можа, пракурор які», – распавядае Алесь.

Так для нашага героя скончылася першая ноч пратэстаў.

З 10 на 11 жніўня Алесь начаваў у лесе. А на наступны дзень яго схапілі і пасадзілі, сядзеў ён да 15 жніўня. Пасля вызвалення Круткін арганізоўваў пікеты і мітынгі на плошчы Незалежнасці ў Менску, але 29 жніўня зноўку трапіў на содні. Менавіта з гэтага дня былі адноўленыя актыўныя рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў. Тым разам пасля дзесяці дзён у жодзінскім ізалятары Алесь трапіў у шпіталь са страсеннем мозга. Сябры-актывісты адвезлі яго ў Полацк на лячэнне. У ізалятары, відаць, падхапіў COVID-19, бо на працяглы час страціў нюх. Восень ізноў правёў у гэтак званым падполлі, але ў лістападзе яго арыштавалі пры правяранні дакументаў. У віцебскім следчым ізалятары пасадзілі пад чырвона-зялёны сцяг і прымусілі прамаўляць пад камеру «пакаянне».

У сярэдзіне лістапада Алесь пакінуў Беларусь.

Уцекачы спадзяваліся, што за мяжою ім дадуць усё

Алесь распавядае пра мігрантаў, якія прыбываюць да Руклы апошнімі днямі:

«Яны не маюць аніякага панятку, дзе яны яны і што такое Літва. Усе хацелі і чакалі, што апынуцца адразу ў Нямеччыне. Літва абсалютна не ўваходзіла ў іхныя планы».

У лагеры для ўцекачоў. Фота з асабістага архіву

Згадвае смешны, але шматзначны выпадак. Пайшоў дождж, і адзін з мігрантаў звярнуўся да аховы, каб яму далі парасон. Парасона, ясна, ён не атрымаў, але па ўсім відаць, што іракскія агенцтвы падманваюць тых, каго перавозяць у Беларусь, што тут, за мяжою, ім усё дадуць. Больш жорсткія правілы пражывання з’явіліся толькі цяпер, са з’яўленнем мігрантаў з Іраку. Агулам жа ўмовы пражывання досыць добрыя. Ёсць курсы літоўскай мовы, прапануюць бясплатную вакцынацыю, раз на тыдзень можна сустрэцца з псіхатэрапеўтам. Існуе нават нешта кшталту дзіцячага садка, бо ў лагеры жывуць і сем’і з дзецьмі: нядаўна прыехаў цэлы аўтобус выключна з такім сацыяльным складам. Усім насельнікам выдаюцца 44 еўры кожныя два тыдні. Таму харчаванне трэба арганізоўваць сваймі сіламі. Раз на месяц Чырвоны Крыж перадае ў лагер скрыні з алеем, бульбай і некаторымі крупамі.

Фота
У Літве пачала працу мабільная каманда рэгістрацыі мігрантаў
2021.08.18 13:22

«Жыллёвыя пакоі тут шасцімесныя, але ў маім пакоі нас чацвёра: тры беларусы і адзін армянін з Карабаху. Сем’і жывуць асобна. Рэшту стараюцца рассяляць паводле нацыянальнай прыкметы, каб не было моўнага бар’еру. Мова камунікацыі з адміністрацыяй – расейская або англійская. У лагеры ёсць чачэнцы, таджыкі, армяне, між сабой яны гавораць па-расейску. Асобна трымаюцца афрыканцы, якія паходзяць з Камеруну, Конга, Малі і камунікуюць па-французску. На момант майго перабывання ў лагеры з Беларусі заставаліся 7 асобаў», – распавядае Алесь.

У лагеры для ўцекачоў. Фота з асабістага архіву

Не плаціў рэжыму

На мінулым тыдні Алесь атрымаў свой літоўскі «пашпарт» – картку з відам на жыхарства. Наперадзе першая афіцыйная праца па-за межамі лагеру. Далёка не кожнаму ўцекачу спрыяе лёс.

«Некаторым беларусам далі негатыўны адказ, нават тым, хто браў удзел у пратэстах. Цяпер яны вымушаныя цягам двух тыдняў пакінуць Літву, але маюць права абскардзіць пастанову і паўторна падацца на часовы ці сталы від на жыхарства», – тлумачыць наш герой.

Напрыканцы размовы Алесь прыгадаў цікавую дэталь з беларускага мінулага: ён не заплаціў ніводнага рубля за прысуджаныя штрафы і не аплаціў тых содняў, што сядзеў у ІЧУ.

«Калі падлічыць усе тыя базавыя, што я вінен лукашысцкаму рэжыму, і тыя «сутачныя», якія налічваюць вязням за нібыта санаторныя ўмовы ўтрымання, то набягае блізу 4 тысяч еўраў. Гэта не запазычанасць рэжыму, гэта тое, што я яму не дадаў», – эмацыйна канчае размову Алесь.

Гісторыі
«Патэлефанавалі з новазеландскага Інтэрполу»: гісторыя беларускі, якую спрабавалі дастаць на іншым канцы свету
2021.08.14 09:30

Стэфан Глушакоў belsat.eu

Стужка навінаў