Альгерд Бахарэвіч выпусціў адразу дзве новыя кнігі ў электронным фармаце


Беларускі пісьменнік Альгерд Бахарэвіч выпусціў адразу дзве новыя кнігі: «Тэатр шчаслівых дзяцей» і «Плошча Перамогі».

Альгерд Бахарэвіч.
Фота: Alhierd Bacharevič / Facebook

Упершыню кнігі пісьменніка выйшлі толькі ў электронным выглядзе.

«У іншыя часы гэтыя дзве кнігі выйшлі б на паперы, у найлепшым выдавецтве. Прадаваліся б у добрых кнігарнях. Але я вырашыў, што ў цяперашніх умовах лепш за ўсё закінуць іх у бязмежнае вольнае сеціва.

Увогуле, для мяне гэта штосьці зусім новае – выступаць у ролі электроннага аўтара. Таму хвалююся – і спадзяюся, што рашэнне маё было правільнае. У іншай Беларусі ў гэтых кніг будзе іншы фармат», – распавёў пісьменнік на сваёй старонцы ў Facebook.

Як кажа сам аўтар, «Тэатр шчаслівых дзяцей» – гэта беларускае фэнтэзі з элементамі палітычнага трылеру. Дзіцячая кніга, якую, спадзяецца аўтар, будзе цікава прачытаць і дарослым.

Кніга Альгерда Бахарэвіча «Тэатр шчаслівых дзяцей».
Фота: Alhierd Bacharevič / Facebook

«Плошча Перамогі» – раман-прыпавесць, і, па словах пісьменніка, «толькі прыкідваецца гістарычным – а насамрэч выводзіць чытача са свайго «ніколі і нідзе» наўпрост у ХХІ стагоддзе з ягоным новым успрыманнем праўды, хлусні, інфармацыі і ўлады. А адначасова – у тую Беларусь, што адчула нарэшце подых Вялікай Гісторыі».

Кніга Альгерда Бахарэвіча «Плошча Перамогі».
Фота: Alhierd Bacharevič / Facebook

Нагадаем, што раней, 8 красавіка, Менская рэгіянальная мытня забрала на экспертызу наклад раману Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы», які дагэтуль не аддалі.

Сам жа пісьменнік у снежні 2020 года быў вымушаны з’ехаць з Беларусі.

Hавiны
Казкі падчас чумы. Альгерд Бахарэвіч правёў прэзентацыю сваёй новай кнігі
2020.06.18 23:26

АД, belsat.eu

Стужка навінаў