Чаму Лукашэнка захапляецца прэзідэнтам Нікарагуа


19 траўня Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з міністрам замежных справаў Нікарагуа Дэнісам Манкада, на якой рассыпаўся ў кампліментах у адрас дзейснага прэзідэнта гэтай краіны. Мы вырашылі ўзгадаць пра тое, чым вызначаўся Даніэль Артэга на пасадзе кіраўніка Нікарагуа і чаму яго персона выклікае такія захапленні ў чалавека, які ўжо амаль 30 гадоў з’яўляецца кіраўніком Беларусі.

Прэзідэнт Нікарагуа Даніэль Артэга. 10 студзеня 2012 года.
Фота: Cancillería del Ecuador

Падчас сустрэчы з міністрам замежных справаў Нікарагуа Аляксандр Лукашэнка назваў Даніэля Артэгу «легендарным кіраўніком, якога мы ўсе любім і паважаем у Беларусі», і дадаў, што «мы ў захапленні ад яго палітычнай дзейнасці». Што канкрэтна з біяграфіі палітыка выклікае такія пачуцці ў Лукашэнкі, мы не ведаем. Але вырашылі прасачыць, што легендарнага ў сваім палітычным жыцці зрабіў лідар Нікарагуа.

Прафесійны рэвалюцыянер

Даніэль Артэга нарадзіўся ў 1945 годзе ў сям’і настаўніка. Маці і бацька былі рэвалюцыянерамі, змагаліся з рэжымам Анастасіа Самосы. Сам жа Артэга пачаў займацца рэвалюцыйнай дзейнасцю ўжо з 15 гадоў. Першы раз быў арыштаваны за рабаўніцтва «Банка Амерыкі», на які напаў сумесна з таварышамі, каб разжыцца грашыма на справы рэвалюцыі. Але справа скончылася спрыяльна для Артэгі – ён быў няпоўнагадовы, і яго адпусцілі.

З 1962 года Артэга ўваходзіў у шэрагі Сандынісцкага фронту нацыянальнага вызвалення (СФНВ), а пазней стаў адным з кіраўнікоў гэтай арганізацыі. У 1967 годзе, зноў жа за рабаванне банка, патрапіў у зняволенне і адбываў яго ў турме «Тыпітапе». Праз 7 гадоў у выніку вайсковага паўстання, якое арганізавалі паплечнікі, уцёк з турмы і перабраўся на Кубу. А ў 1976 годзе, вярнуўшыся нелегальна на радзіму, увайшоў у Кіраўнічую раду ўраду Нацыянальнага вызвалення.

Пасля перамогі Сандынісцкай рэвалюцыі ў 1979 годзе Даніэль Артэга стаў на чале Урадавай хунты нацыянальнай рэканструкці, якая абвесціла курс на пабудову сацыялізму ў Нікарагуа.

Падтрымка СССР

Дабраўшыся да ўлады, Даніэль Артэга заручыўся падтрымкай Савецкага Саюза, ад якога атрымаў 50 танкаў Т-54, 250 ваенных дарадцаў, а таксама суму ў 125 мільёнаў долараў. Падтрымалі яго ўрад таксама і іншыя дзяржавы сацыялістычнага лагеру, а таксама некаторыя краіны Еўропы. Злучаныя Штаты, наадварот, успрынялі перамогу сандынітаў варожа.

Унутры краіны таксама не ўсе пагадзіліся з прыходам да ўлады Артэгі з паплечнікамі. Так званыя «контрас» (контррэвалюцыянеры) разгарнулі ўзброеную барацьбу супраць улады хунты, а ЗША актыўна падтрымлівалі іх грашыма і зброяй.

Контрас з Нікарагуа
Фота: stoneforest.ru

Паралельна на ўсходзе краіны актывізаваліся рухі за аддзяленне ад Нікарагуа, сярод іх асабліва вылучаліся індзейцы-міскіта, якія, у сваю чаргу, актыўна папаўнялі шэрагі контрас. У 1982 годзе ў сувязі з актывізацыяй антысандынісцкіх партызанаў, урад Артэгі ўвёў у краіне надзвычайнае становішча, якое дзейнічала да 1988 года.

«Чырвонае Раство»

У 1981–1982 гадах Даніэль Артэга разгарнуў аперацыю пад назвай «Чырвонае Раство», якая заключалася ў гвалтоўнай дэпартацыі індзейцаў-міскіта з пасяленняў на берагах памежнай з Гандурасам ракі Рыа-Кока. У выніку гэтай аперацыі ў спецыяльны лагер «Ташба Пры» былі дэпартаваныя 10 тысячаў індзейцаў, яшчэ каля 10 тысяч былі вымушаны ўцякаць праз мяжу ў Гандурас. І ўсё гэта на фоне рэпрэсіяў, катаванняў, расстрэлаў без суду і знікнення людзей. Агулам падчас аперацыі было расстраляна 64 чалавекі, 13 сканалі ад катаванняў, 15 прапалі без вестак, што было прызнана генацыдам.

Першыя выбары – першая перамога

Напружанне ў краіне толькі нарастала, Артэга вырашыў пайсці на такі крок, як прэзідэнцкія выбары, і атрымаў перамогу.

Аднак краіна мела вялікія эканамічныя праблемы, таму пачынаючы з 1987 года былі згорнуты амаль што ўсе сацыяльныя праграмы. А ўжо ў 1989 годзе, калі Савецкі Саюз быў заняты сваімі праблемамі і перастаў дапамагаць сваім «нікарагуанскім братам», у краіне задумаліся аб тым, як жыць далей, і пачалі шукаць шляхі спынення грамадзянскай вайны. Вынікам стала правядзенне першых дэмакратычных выбараў у 1990 годзе, на якіх Даніэль Артэга… прайграў.

Але да гонару Артэгі, ён не стаў сінімі пальцамі трымацца за ўладу і вырашыў не развязваць чарговы віток грамадзянскай вайны. Ён дамогся таго, каб у краіне быў прыняты шэраг законаў, дзякуючы якім ён разам са сваёй сям’ёй не падпадаў пад экспрапрыяцыю маёмасці, а сандынісцкая партыя захоўвала кантроль над арміяй і заставалася галоўнай палітычнай сілай у Нікарагуа.

Другое дыханне

Спробаў абрацца на прэзідэнцкую пасаду Артэга ўсё ж не кідаў. Праўда, у 1996 і 2001 гадах яны былі няўдалымі. Рэпутацыю псавалі абвінавачанні ў карупцыі. Акрамя таго, ўласная падчарка абвінавачвала яго ў сексуальных дамаганнях, сцвярджаючы што гэта адбывалася з 1979 па 1990 год (у 1979-м ёй было ўсяго 11 гадоў). Але Артэга ўсё адмаўляў, а ў дадатак меў недатыкальнасць як чалец парламенту Нікарагуа.

І вось 2006 год у чарговы раз прынёс палітыку жаданую прэзідэнцкую пасаду. Заручыўшыся падтрымкай Уга Чавеса, які на той час ужо збіраў сваю антыамерыканскую кааліцыю, Артэга вырашыў улічыць усе памылкі папярэдніх разоў. Цяпер ён заяўляў пра тое, што з марксісцкай мінуўшчынай скончана, вітаў прыватную ўласнасць і буйны капітал, а пасля і наогул заявіў пра тое, што не з’яўляецца больш ярым рэвалюцыянерам і што «камандантэ Артэгі больш не існуе».

Прэзідэнтамі не становяцца, прэзідэнтамі нараджаюцца

Не прайшло і трох гадоў пасля выбараў, як Вярхоўны суд краіны ўнёс папраўкі ў канстытуцыю, згодна з якімі была знятая забарона на тое, каб балаціравацца на два прэзідэнцкія тэрміны запар. І вось у 2011-м адбылася чарговая элегантная перамога – за Артэгу прагаласавала 62,46% выбарцаў.

Ужо ў 2012-м, праз год пасля абрання прэзідэнтам другі раз запар, Артэга прамовіць на пахаванні былога лідара Сандынісцкага фронту нацыянальнага вызвалення сваю клятву: «сандыністы будуць знаходзіцца ва ўладзе заўсёды». І, як аказалася, ён прадбачыў будучыню: у студзені 2014 году парламент краіны прыбраў з канстытуцыі абмежаванні на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў, а ў 2016 годзе на чарговых выбарах Даніэль Артэга набраў 71,1% галасоў, стаўшы прэзідэнтам ужо ў трэці раз.

Вялікая сям’я

Яшчэ да 2018 года Нікарагуа была краінай Цэнтральнай Амерыкі з найбольш хуткімі тэмпамі росту – гэтаму спрыялі інвестыцыі ў новыя зборачныя прадпрыемствы, займы з Цэнтральнаамерыканскага інтэграцыйнага банка, а таксама танная нафта, якая пастаўлялася дарагім сябрам Уга Чавэсам. Кіраванне гэтымі працэсамі можна было даверыць толькі надзейным людзям, таму на адказныя пасады дарадчыкаў прэзідэнта былі прызначаны васьмёра дзяцей Артэгі. Яны займаліся кантролем прадпрыемстваў, якія размяркоўвалі нафтапрадукты, а таксама тэлевізійных каналаў, рэкламных кампаній, фінансаванне якіх праходзіла за кошт бюджэтных сродкаў.

Пратэсты: ахвяры, арышты, уцекачы

Аднак пачынаючы з 2018 года эканоміка чамусьці пайшла на спад. За тры гады Нікарагуа з некалі квітнеючай пераўтварылася ў краіну, дзе амаль 15% насельніцтва жывуць у абсалютнай беднасці з даходам 3,2 долара на чалавека ў дзень.

У красавіку 2018 года ў краіне ўспыхнулі пратэсты супраць пенсійнай рэформы і павышэння падаткаў. Падчас сутыкненняў з паліцыяй загінула 325 чалавек, сотні былі параненыя і трапілі за краты, каля 100 тысячаў чалавек выехалі з краіны.

Пратэсты ў Нікарагуа ў 2018 годзе
Фота: dw.com

У 2020 годзе у Нікарагуа быў прыняты закон, згодна з якім апазіцыянераў, што выступалі за ўвядзенне санкцыяў супраць уладаў, абмяжоўвалі ў правах і называлі падбухторшчыкамі да перавароту, здраднікамі радзімы. У краіне прайшлі арышты вядомых палітычных дзеячаў.

І вось у 2021 годзе адбыліся чарговыя прэзідэнцкія выбары, на якіх чацвёрты раз запар і пяты ў сваім палітычным жыцці перамог Даніэль Артэга, набраўшы 75% галасоў. Праўда, перамога адбылася на фоне нізкай яўкі выбарцаў, якая вагалася ад 16 да 21%. То бок каля 80% тых, хто меў права голасу, не прыйшлі на ўчасткі, паслухаўшы заклікі апазіцыйных палітыкаў да байкоту. Заходнія краіны не прызналі вынікаў гэтага плебісцыту. Тым не менш гэта не перашкаджае Даніэлю Артэгу кіраваць краінай і сёння.

Hавiны
У Нікарагуа арыштоўваюць кандыдатаў у прэзідэнты. Іх вінавацяць у здрадзе дзяржаве
2021.07.25 17:58

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў