Збіты сілавікамі Арцём Дубскі знайшоўся на Акрэсціна праз пяць содняў


Былы палітвязень Арцём Дубскі, які знік без вестак пасля затрымання невядомымі ў Асіповічах, знайшоўся на Акрэсціна, паведамляюць праваабаронцы «Mayday».

Арцём Дубскі з 2011 года жыў у Польшчы, а 10 траўня прыехаў наведаць сваякоў, якія жывуць у Асіповічах. На наступны дзень яны паехалі ў Менск, дзе Дубскага затрымалі, збілі, пасля чаго адвезлі на допыт у КДБ. Яго выпусцілі толькі ноччу, забавязаўшы вярнуцца для дачы тлумачэнняў. У чацвер, 12 траўня, Дубскі пайшоў у КДБ і з таго часу на сувязь не выходзіў.

Дзе Арцём, ягоным сваякам стала вядома толькі ўвечары 18 траўня ад следчага. Высветлілася, што 13 траўня каля 00:30 супрацоўнікі Цэнтральнага РУУСу Менску завезлі Дубскага ў лякарню. Праз дзве гадзіны яны ж яго адтуль забралі. У мужчыны зафіксавалі раны твару, запясцяў, сінякі на тулаве і канечнасцях, а таксама выцятасць мяккіх тканінаў грудзіны. Як раней паведамляў Арцём, траўмы ён атрымаў пры затрыманні сілавікамі 11 траўня. З-за гэтага з роднымі і звязаўся следчы 18 траўня.

Вядома, што Дубскага пакаралі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт. 19.11 КаАП). Паводле інфармацыі праваабаронцаў, на волю ён павінен выйсці 27 траўня.

Праваабаронцы падкрэсліваюць бяздзеянне праваахоўных органаў. Сямʼя Дубскага яшчэ 13 траўня звярнулася ў міліцыю наконт знікнення Арцёма. Аднак ніякіх дзеянняў сілавікі не распачалі. Не дапамог нават візіт да намесніка начальніка Асіповіцкага РАУСу – той заявіў, што на адказ у МУС ёсць дзесяць дзён. 17 траўня ў пракуратуру Асіповіцкага раёну была пададзеная скарга на бяздзейнасць сілавікоў.

Артыкулы
У Менску затрымалі і збілі брата палітвязня, які прыехаў з Польшчы
2022.05.12 16:21

У 2009 годзе Арцёма Дубскага, тады актывіста «Маладога фронту», асудзілі да года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму паводле арт. 342 КК («Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»), за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў у студзені 2008 года.

Дубскі быў прызнаны палітзняволеным.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў