«Я ўдзячная беларусам з батальёну Каліноўскага, што яны з намі». Размова з добраахвотніцай тэрабароны


Кіяўлянка Алена Бушынская ўступіла ў атрад тэрытарыяльнай абароны ў першы ж дзень вайны – 24 лютага. У размове з «Белсатам» добраахвотніца распавяла, як прыняла рашэнне ісці на фронт, як надавала першую дапамогу дыверсанту і як прафесія грымёра дапамагае ў стральбе, а таксама ўзгадала батальён Каліноўскага і беларускіх палітвязняў.

Алена Бушынская, добраахвотніца тэрытарыяльнай абароны.
Фота: Алена Бушынская/Instagram

«Я пакінула свае звесткі ў ваенкамаце, і ўжо праз гадзіну мне патэлефанавалі: вы нам патрэбная»

Алене Бушынскай 32 гады. Яна нарадзілася ў Адэсе, але апошнія 4 гады жыве ў Кіеве. Раніцай 24 лютага дзеўчына была ўдома, у сваёй кіеўскай кватэры.

– Я пачула выбухі. Вуліца, на якой я жыву, злучае цэнтр Кіева з выездам у бок Жытоміру. Праз акно я бачыла, як хутка ўся дарога запаўнялася машынамі, што выязджалі з гораду, – распавядае Алена. – Я чакала з вакзалу маму і сястру, якія акурат мусілі да мяне прыехаць, і назірала ў вакно, як паніка ахоплівала горад: ля банкаматаў збіраліся чэргі, на дарозе – коркі. Я думала, што рабіць. Я разумела, што не хачу панікаваць разам з натоўпам, уцякаць таксама не хачу. Тады я пачала шукаць, што я магу зрабіць для абароны сваёй краіны.

У інтэрнэце Алена знайшла інфармацыю пра добраахвотніцкі атрад тэрытарыяльнай абароны, у які прымалі з любой прафесіяй і ў любым узросце. Каля 16:00 24 лютага Алена паехала ў ваенкамат.

– Я пакінула там свае звесткі, і ўжо праз гадзіну мне патэлефанавалі і сказалі, што я ім патрэбная, – узгадвае дзеўчына. – Я крыху спужалася, бо думала, што жанчын будуць клікаць у апошнюю чаргу, калі ўсё ўжо будзе зусім-зусім сур’ёзна. Але тым, хто пайшоў запісвацца пазней, ужо так хутка не тэлефанавалі, бо ахвочых абараняць радзіму сабралася насамрэч шмат. Чарга на мабілізацыю ў тэрабарону дагэтуль не змяншаецца.

Гісторыі
«Яшчэ на Майдане зразумела: самае важнае – умець уратаваць жыццё». Размова з валанцёркаю медычнага батальёну
2022.05.12 13:16

«Нас хацелі зламаць забойствамі дзяцей, цяжарных жанчын»

Першыя 3–4 дні вайны былі вельмі цяжкімі для Кіева, кажа Алена, бо ішлі жорсткія авіяцыйныя абстрэлы.

– Вакол была паніка. Аднак у параўнанні з тым жа Марыупалем мне здаецца, што мы не перажылі нічога насамрэч страшнага, – зазначае добраахвотніца. – Хоць было шмат жорсткасці з боку расейцаў. Акрамя абстрэлаў, у горадзе ездзілі дыверсійныя групы і проста стралялі ў людзей, у цывільную інфраструктуру: лякарні, школы, дзіцячыя садкі. Я глядзела на ўсё гэта і думала, што ідэя генацыду ўкраінцаў з самага пачатку была ў гэтай іхнай так званай ваеннай аперацыі. Нібыта стаяла мэта забіць максімальную колькасць людзей, застрашыць, а асабліва падкасіць наш маральны дух забойствамі дзяцей, цяжарных жанчын, і так нас зламаць, давесці да адчаю.

Алена Бушынская, добраахвотніца тэрытарыяльнай абароны.
Фота: Алена Бушынская/Instagram

Алена з сяброўкамі ў складзе тэрытарыяльнай абароны пачала надаваць медычную дапамогу. Яшчэ да вайны нашая суразмоўца скончыла курсы малодшай медычнай сястры, а таксама хадзіла на трэнінгі экстраннай медыцыны.

Цяпер Алена на другой лініі фронту ў Кіеўскай вобласці. Баявыя дзеянні там не вядуцца, хоць у Кіеве, як зазначае дзеўчына, штодня гучыць паветраная трывога і ўсцяж час ад часу здараюцца авіяцыйныя абстрэлы. Чальцы тэрабароны ахоўваюць тэрыторыю, дапамагаюць у гаспадарцы, гатуюць ежу.

«Калі надавала дапамогу дыверсанту, думала толькі пра тое, што перада мной паранены чалавек і ён яшчэ жывы»

Алене не давялося ўдзельнічаць у бліжнім баі і страляць у людзей.

– Калі мы стаялі на дзяжурстве, было некалькі выпадкаў з высокай імавернасцю абстрэлаў, але нас асабіста баі так і не закранулі, – распавядае добраахвотніца. – Я сутыкнулася толькі з авіяцыйнымі і артабстрэламі. Але я разумела, куды я прыйшла, і была гатовая страляць у выпадку неабходнасці.

Да вайны страляць з розных відаў зброі Алена спрабавала ў ціры. У складзе тэрабароны добраахвотнікаў у першую ж ноч пачалі вучыць страляць – у Алены адразу былі добрыя вынікі.

– Я 17 гадоў адпрацавала грымёрам-візажыстам, у мяне добры зрок, я прызвычаілася ўважліва прыглядацца да дэталяў, думаю, гэта мне дапамагло ў стральбе, – кажа яна.

Медычную дапамогу давялося надаваць даволі часта, зазначае добраахвотніца. У першыя дні вайны ў атрад Алены трапіў паранены ўдзельнік варожай дыверсійна-разведвальнай групы.

– Ён атакаваў адзін з нашых блокпастоў. Нашыя байцы яго спынілі, ён атрымаў агнястрэльнае раненне, і яго даставілі да нас, – распавядае Алена. – Мы надалі яму першую дапамогу. Потым яго адвезлі ў лякарню, пра ягоны далейшы лёс я нічога не ведаю. Калі я надавала яму медычную дапамогу, у мяне не было нянавісці ці нейкіх іншых эмоцыяў. Я думала толькі пра тое, што перада мной паранены чалавек, у ягоным целе ражок патрона, і ён яшчэ жывы. Маёй задачай было захаваць яму жыццё і перадаць праваахоўным органам, і яны з ім будуць разбірацца далей. А я ўпэўненая, што кожны з нападнікаў панясе адказнасць.

У чальцоў тэрабароны напачатку было шмат халадовых траўмаў, кажа Алена. Людзі хварэлі на ВРЗ, у іх цярпелі ныркі.

– Людзі доўга стаялі на дзяжурствах, ахоўвалі раёны, часта ў снезе, на холадзе, у неадпаведным абутку. З абмаражэннямі да нас шмат звярталіся, а таксама з мазалямі на руках, парэзамі, – распавядае дзеўчына пра дапамогу, якую надае на фронце.

«Калі ты блізка да крыніцы страху, то ўжо і не так страшна»

Алена Бушынская, добраахвотніца тэрытарыяльнай абароны.
Фота: Алена Бушынская/Instagram

На пытанне пра страх на вайне Алена адказвае, што адчуваецца толькі трывога ад няведання, што будзе далей і колькі ўсё гэта працягнецца.

– Калі ж казаць пра страх смерці, то я пастаянна думала пра гэта першыя два месяцы, цяпер радзей, – кажа добраахвотніца. – Калі чалавек памірае, ён потым нічога не адчувае. Што страшна – гэта смерць блізкага. Я цяпер спакойная, бо мае сваякі ў адноснай бяспецы. Мая ж уласная бяспека для мяне другасная.

Алена зазначае, што часта заўважае – у людзей, якія назіраюць за вайной збоку, больш страху, чым у тых, хто ваюе.

– Тыя, хто чытаюць і глядзяць навіны, часта такім жахам ахопленыя. А калі ты блізка да крыніцы страху, то ўжо і не так страшна, – зазначае нашая суразмоўца.

Аналітыка
Міфы і рэальнасць. Што трэба ведаць пра ўкраінскі полк «Азоў»
2022.05.18 18:25

Бацькі Алены цяпер у Адэсе, сястра – у Кіеве. Добраахвотніца падкрэслівае, што калі яна сказала маці пра сваё жаданне ўступіць у тэрабарону, маці падтрымала яе, чым моцна здзівіла.

– Мама нячаста падтрымлівала мае пачынанні, больш крытыкавала, старалася паправіць. А тут сказала: ідзі, гэта тое самае месца, дзе ты зможаш раскрыць свой патэнцыял, – распавядае Алена. – Мы цяпер увесь час на сувязі. З самага пачатку мы абмеркавалі ўсе магчымыя варыянты развіцця падзеяў – што будзе, калі я сыду, ці мама ці тата. Мы падрыхтавалі эмацыйную, псіхалагічную глебу, а таксама загадзя развязалі ўсе юрыдычныя пытанні з уласнасцю і гэтак далей. Я думаю, гэта вельмі дарослы падыход і вялікі акт павагі і любові адзін да аднаго.

«Украінкі ідуць на вайну, бо не чакаюць, што нехта зробіць гэта за іх»

Даросласць і спеласць – гэта ўвогуле рысы ўкраінскага грамадства, мяркуе нашая суразмоўца. У тым ліку дзякуючы гэтым уласцівасцям ва Украіне так шмат жанчын пайшлі на фронт, перакананая Алена.

– Украінкі ідуць ваяваць не таму, што яны ваяўнічыя, а таму, што ў іх няма гэтай інфантыльнай пазіцыі – я схаваюся і пачакаю, калі нехта іншы мяне абароніць ці вызваліць, – кажа дзеўчына. – Тым больш, што цяпер не так складана справіцца з той жа амуніцыяй, як раней. Патрабуецца ўвага, дакладнасць. А гэта не толькі мужчынам уласціва.

Алена кажа, што ніколі не думала, што мужчыны павінны ўсё «вывозіць на сваіх плячах».

– Я з дзяцінства бачыла добры прыклад мужчыны – свайго тату, якога я вельмі люблю. І я гатовая яму дапамагаць, – кажа добраахвотніца. – А ў ягонай асобе і іншым мужчынам. Я не думаю, што толькі мужчыны павінны ўсё вырашаць, бо жанчыны таксама частка грамадства, і яны не для таго, каб сядзець удома.

Алена зазначае, што вельмі паважае і захапляецца ўсімі – і мужчынамі, і жанчынамі, якія робяць працу, што набліжае перамогу.

– Гэта ж не толькі вайскоўцы, але і валанцёры, якія ў рэжыме 24/7 шукаюць амуніцыю, гатуюць ежу для тэрабароны, ЗСУ, журналісты, якія ўвесь час на інфармацыйным фронце, – кажа добраахвотніца. – Адначасова не разумею тых, што толькі пішуць «мы супраць вайны», але самі, маючы здаровыя рукі і ногі, з’ехалі і чакаюць, калі змогуць вярнуцца на некім здабытую перамогу.

«Я хачу, каб беларусы не баяліся выказаць сваю волю»

Паводле Алены, цяперашняя вайна – гэта не толькі вайна сілы, але і вайна каштоўнасцяў.

– Гэта вайна супраць чалавечага жыцця, годнасці, гонару, смеласці, непрадажнасці. Тых рэчаў, якія ўтвараюць цывілізаванае грамадства, – кажа дзеўчына. – Супраць гэтых каштоўнасцяў паўстала сіла, якая надакучыла ўжо ўсяму свету сваймі пагрозамі ядравай вайны, запужваннямі, шантажом. Але Расея не ўлічыла, што застрашваннем толькі ўзмацняе гераізм украінцаў і што мы будзем змагацца да канца. Украіна будзе існаваць да апошняга ўкраінца.

Алена Бушынская, добраахвотніца тэрытарыяльнай абароны.
Фота: Алена Бушынская/Instagram

Акрамя службы ў тэрытарыяльнай абароне, Алена Бушынская вядзе свой бізнес, звязаны з вырабам касметыкі для твару і цела. Частку прыбытку Алена аддае на патрэбы ЗСУ, паліва для аўтамабіляў валанцёраў, ваду для акупаваных тэрыторыяў. Таксама сродкі для абаронцаў Украіны добраахвотніца збірае дзякуючы вялікай аўдыторыі свайго інстаграм-акаўнту.

Артыкулы
Шэсць герояў: хто такія беларускія добраахвотнікі, якія гінуць на вайне за Украіну
2022.05.16 21:07

Напрыканцы нашай размовы Алена папрасіла асобна перадаць падзяку батальёну беларускіх добраахвотнікаў імя Каліноўскага.

– Я ўдзячная гэтым беларусам за тое, што яны нас падтрымліваюць і ваююць на нашым баку. Гэта вельмі смелы ўчынак народу Беларусі, – кажа ўкраінка.

Алена ўзгадвае візажыстку Вольгу Томіну – палітзняволеную, якую затрымалі ў сакавіку 2022 года за акцыю пратэсту супраць вайны і якая цяпер чакае суда ў СІЗА № 1 на Валадарцы.

– Я ведаю Вольгу, бо мы з адной прафесіі, – кажа добраахвотніца. – Яна сядзіць за ўдзел у мітынгу супраць вайны. Такія паказальныя пакаранні з боку беларускіх уладаў – гэта вельмі агідна. Я вельмі хачу, каб беларусы не баяліся выказваць сваю волю і паверылі, што вялікая колькасць людзей і салідарнасць могуць зрынуць любога дыктатара.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў