Украіна наладзіла чыгуначныя зносіны з Літвою, мінаючы Беларусь


У Літву 19 траўня прыбыў першы кантэйнерны цягнік з Украіны ў абыход Беларусі, паведамілі ў Міністэрстве транспарту Літвы.

Цягнік з 50 кантэйнераў прыбыў на мультымадальны тэрмінал у Каўнасе.

Першы кантэйнерны цягнік прыбыў у Літву з Украіны ў абыход Беларусі.
Фота: LRsusisiekimas/Twitter

Тэставы цягнік быў арганізаваны кампаніяй «LTG Cargo» у канцы красавіка. Раней цягнік прайшоў з Літвы ва Украіну праз Польшчу, а назад ён даставіў каля 1000 тонаў розных тавараў. Грузы з Каўнасу можна будзе развозіць па Літве і ўсім балтыйскім рэгіёне.

Гэта першы рэйс за ўвесь перыяд дзейнасці кампаніі «LTG», калі грузы з Украіны будуць паступаць у Літву, мінаючы Беларусь, паведаміла кампанія.

Падчас тэставага праекту адпрацоўвалі тэхналагічныя аспекты маршруту, правяралі тэрмін транспартавання, выяўлялі праблемы з лагістыкаю.

Маршрут будзе праходзіць толькі па вузкай еўрапейскай чыгуначнай каляіне – з Каўнасу праз Польшчу да Мэдыцкага тэрміналу на мяжы з Украінай. Верагодна, у хуткім часе частку грузаў можна будзе прывезці ў Каўнас, не мяняючы каляіны і не перагружаючы іх.

У Літве грузы на новым маршруце будзе перавозіць «LTG Cargo», а ад украінска-польскай мяжы – даччыная кампанія «LTG Cargo Polska».

Раней міністр транспарту Літвы Марус Скуодзіс заявіў, што ёсць толькі два рэальныя спосабы для вывазу збожжа з ахопленай вайной Украіны: разблакаваць з дапамогай міжнародных структураў украінскія парты або стварыць гуманітарны калідор для транспартавання грузаў праз Беларусь. Аднак пазней у літоўскім урадзе заявілі, што транспартаваць збожжа праз Беларусь будзе небяспечна.

Hавiны
Літоўская чыгунка аднаўляе чыгуначныя зносіны з Украінай у абход Беларусі
2022.04.28 23:42

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў