Абʼяднанне вакол бяды: у Варшаве дзякуючы беларусам і італьянцам адкрыўся шэлтар для ўцекачоў


У Варшаве адчыніў дзверы шэлтар для ўцекачоў з Украіны і Беларусі. Сем семʼяў, якім давялося бегчы ад вайны, знайшлі дах над галавою дзякуючы беларускаму фонду «Краіна для жыцця», італьянскай арганізацыі «Progetto Sud», а таксама дыяспары беларусаў у Італіі. Гэткая супраца – прыклад таго, як прадстаўнікі розных народаў могуць аб’ядноўвацца, каб дапамагаць.

Адкрыццё дому для вымушаных уцекачоў з Украіны і Беларусі. Варшава, Польшча, 17 траўня 2022 г.
Фота: Белсат

«Беларусь не Лукашэнка, Беларусь супраць вайны»

Кіраўніцу фундацыі «Краіна для жыцця» Марыю Мароз навіна пра вайну заспела ў Італіі – жанчына была там з працоўным візітам. Падчас яго і з’явілася ідэя аб’яднацца вакол дапамогі тым, хто вымушаны пакінуць свой дом і бегчы ад вайны. Марыі, як і іншым беларусам, гэтыя пачуцці добра вядомыя. Яна, як і тысячы нашых суайчыннікаў, вымушаная была з’ехаць з роднага дому праз пераслед лукашэнкаўскімі ўладамі:

«24 лютага, калі пачалася вайна, я была ў Італіі і там пазнаёмілася з жанчынамі-беларускамі з дыяспары. Мы дамовіліся, што як толькі я прыеду ў Польшчу і ўбачу, што тут патрэбна, я адразу дашлю спісы, а яны будуць збіраць гуманітарную дапамогу ў Італіі, і мы будзем збіраць тут, адпраўляць і рабіць, што можам. І так 26 лютага мы сабралі гуманітарны груз: набылі і адправілі пледы, дзіцячае харчаванне на мяжу, дзе ў той час быў калапс. Праз тыдзень дзяўчаты з Рыму прыехалі з арганізацыяй «Progetto Sud» і прывезлі яшчэ пяць тонаў гуманітарнай дапамогі. Мы пазнаёмілі іх з нашымі партнёрскімі арганізацыямі, сярод якіх быў Мірны дом. І з’явілася ідэя зрабіць яшчэ нешта падобнае. А ўжо праз тыдзень нашы італьянскія сябры змаглі знайсці фінансаванне на стварэнне шэлтару, а мы прыступілі да пошуку варыянтаў. Жытло знайсці было складана, але мы знайшлі вось гэты дом і арандавалі яго».

Фотарэпартаж
Дом міру. Як уцекачы з Беларусі і Украіны жывуць разам у Польшчы
2022.03.10 18:41

Марыя распавядае, што пасля таго, як яны выклалі абвестку пра вольныя месцы ў шэлтары, тыя, хто мае патрэбу ў жытле, знайшліся за тры гадзіны. Цяпер у доме жыве сем сямей: тры беларускія і чатыры ўкраінскія. «Дзве беларускія сямʼі ўжо працаўладкаваліся і гатовыя пераязджаць у сваё жыллё, і мы будзем пісаць у сацсетках, што ў нас вызвалілася месца, – распавядае Марыя. – Тым, хто тут жыве, вельмі добра: у іх ёсць харчы, адзенне, цацкі, з імі займаецца псіхолаг і настаўнік польскай мовы. А яшчэ мамы возяць дзяцей у Цэнтр беларускай салідарнасці і маюць час, які можна выдаткаваць на сябе. Але, калі шчыра, украінскія сем’і мараць вярнуцца дамоў і кажуць: «Мы не хочам асімілявацца і жыць тут увесь час, мы чакаем, пакуль скончыцца вайна, і з’ездзем».

Амбасадар Італіі ў Польшчы Альда Амаці і кіраўніца фонду «Краіна для жыцця» Марыя Мароз. Варшава, Польшча, 17 траўня 2022 г.
Фота: Белсат

У планах фонду «Краіна для жыцця» адкрыць яшчэ адзін шэлтар для ўцекачоў з Беларусі і Украіны. «У нас ёсць «Patreon», дзе можна зрабіць ахвяраванне або падпісацца на рэгулярныя ахвяраванні. Частка з гэтых сродкаў ідзе, напрыклад, на аплату спартовых і музычных гурточкаў для дзетак. Таксама любы ахвотны можа напісаць нам у сацсетках і даслаць з любога куточка свету ўсё, што захочаце: тут цацкі трэба, мячы, цацкі для пясочніцы, нейкія цацкі для развіцця. І для нас, для беларусаў, беларускай арганізацыі «Краіна для жыцця» і людзей, якія ўцяклі са сваёй краіны, гэта вельмі важна – дапамагчы ў складаны момант сваім суседзям-украінцам. Людзі, якія працуюць у нашай арганізацыі, мараць, каб хутчэй настаў той дзень, калі Лукашэнкі не будзе ў Беларусі. І тое, што адбылося 24 лютага, калі Лукашэнка дапусціў пуцінскія войскі на тэрыторыю Украіны, – для нас гэта вялікі боль і адказнасць. І ўсе беларусы радыя, што ёсць магчымасць працягнуць руку дапамогі ўкраінцам, людзям, якія апынуліся ў такой страшнай бядзе. І Беларусь не раўняецца Лукашэнка, Беларусь супраць вайны.

Уцякачка з Украіны Вольга.
Фота: Белсат

«Мая маці ў дарозе звар’яцела»

Вольга жыве ў шэлтары разам з дзвюма дзецьмі. Жанчына распавядае, што спачатку здавалася, нібыта вайна – гэта сон. «Здавалася, што заўтра я расплюшчу вочы – і нічога няма. Адразу было адчуванне чагосьці нерэальнага. Наш горад – Запарожжа – аказаўся абсалютна не гатовым да вайны: у нас не было ні сістэмы апавяшчэння, ні сховішчаў. Напрыклад, у маёй кватэры няма правіла двух сценаў – мне няма дзе схавацца, бо паўсюль шкло. Найбліжэйшае сховішча – 5 хвілінаў на машыне, і сістэма апавяшчэння проста да нас не даставала. Каб даведацца, што трэба ісці ў сховішча, трэба было ўвесь час трымаць тэлевізар уключаным: а гэта значыць, увесь час чуць жахлівыя навіны».

Жанчына распавяла пра тое, што на нервовай глебе нават пачалі здарацца дзіўныя рэчы: «Верце, не верце, але на нервовай глебе ў мяне ў машыне пачаў сядаць акумулятар: гэта не жарт. Так было два разы. Першы – я нават не змагла даехаць да сховішча. Абсалютна спраўную машыну нібыта выводзіў са строю мой арганізм. Таму калі акупанты занялі Энэргадар, я вырашыла, што трэба браць дзяцей і з’язджаць. Мы не збіраліся, у нас былі сабраныя рэчы толькі для сховішча. Мы ўзялі іх, узялі маю маці, якой 85 гадоў, сястру, пляменніцу з дзецьмі, селі ў эвакуацыйны цягнік і паехалі».

Фота: Белсат
Фота: Белсат

Эвакуацыя прайшла вельмі складана. У дарозе стала кепска маці Вольгі: «У цягніку было вельмі шмат людзей: сядзелі нават у праходах. Мая маці ў дарозе звар’яцела, без жартаў: яна перастала разумець, што вайна, перастала разумець, куды мы едзем, казала: «Я хачу дамоў, выпусціце мяне з гэтага цягніка». Увесь час намагалася выйсці, а мы не спалі і ўсю ноч яе лавілі. Прыехалі ў Львоў, пайшлі ў пакой маці і дзіця, я думала перадыхнуць, каб бабулі стала лягчэй. Але сяброўка параіла ехаць далей, бо будуць бамбіць Львоў на днях. І тут падыходзіць жанчына і кажа, што ёсць аўтобус на Варшаву. І мы пагадзіліся, бо было ўсё адно куды – абы ў бяспеку. Мы селі ў аўтобус, а бабулю ў аўтобусе яшчэ больш накрыла. Гэта быў жах. Калі мы даехалі да Варшавы, я папрасіла паліцыянтаў выклікаць хуткую, бо баялася, што гэта можа быць інсульт ці нешта яшчэ. Яе забралі ў лякарню – сказалі, што гэта стома, а потым забралі ў прытулак для звар’яцелых адзінокіх старых, тут, у Варшаве. З ёй паехала сястра».

Вольгу з дзецьмі спачатку прытуліла ў сябе сям’я палякаў, потым жанчына з дзецьмі жыла ў гатэлі, потым апынулася ў яшчэ адной польскай сям’і, а аднойчы наткнулася на абвестку ў сацсетках і стала жыць у шэлтары: «Я тут з двума дзецьмі. Яны пайшлі ў школу – ім тут вельмі падабаецца. А я пакуль шукаю працу як доктар, але тут трэба пацвярджаць дыплом па маёй спецыяльнасці. Таксама вучу польскую мову. А яшчэ вельмі сумую па доме і па маме. Яе хвароба прагрэсуе – за гэты месяц яна забылася маіх дзяцей: памятае толькі мяне, а іх не памятае. Яны засмучаюцца, плачуць».

Фота: Белсат

Мой былы муж напісаў данос, што мы ўдзельнічаем у пратэстах

Беларуска Аліна (імя змененае з прычынаў бяспекі) жыве ў шэлтары з маленькай дачушкай. Яна двойчы ўцякачка: спачатку давялося ўцякаць ад мужа-вар’ята, які ўвесь час пісаў на яе даносы, за што лукашэнкаўскія ўлады пачалі пераследаваць дзяўчыну, а потым – з-пад Кіева. Там жанчына жыла ў мястэчку недалёка ад Бучы, дзе зверствавалі расейскія акупанты.

«Мы збеглі з Беларусі ў студзені 2021 года. Роўна год і месяц жылі ў Кіеве і зноў з’ехалі. Мы ўцякалі з-пад Кіева на спадарожных машынах. Так даехалі да Львова, а потым валанцёры давезлі нас да польскай мяжы. Спачатку жылі ў беларускіх актывістак, потым нас прытулілі палякі, а потым праз «Інстаграм» «Краіны для жыцця» даведаліся пра магчымасць трапіць у шэлтар. Бо інакш мы ўжо не ведалі, куды ісці».

Фота: Белсат

Аліна распавядае, што пераследу сілавых структураў паспрыяў яе былы муж, які пісаў даносы ў розныя інстанцыі на Аліну і яе грамадзянскага мужа.

Мой былы муж напісаў данос, што мы ўдзельнічаем у пратэстах, прыклаў нейкія фотаздымкі, якія знайшоў у «Фэйсбуку», падаў у апеку, каб дзіця паставілі на ўлік СНС (сацыяльна-небяспечнае становішча). Адзін раз яны не знайшлі парушэнняў, тады ён падаў яшчэ раз, але да таго часу мы ўжо з’ехалі. Зараз ён падаваў на пазбаўленне мяне бацькоўскіх правоў. Я баюся жыць увесь час у страху, а таксама баюся яго, бо ён мае сувязі з сілавымі структурамі. Калі я жыла ў Кіеве, думала, што ён нас больш не патурбуе, але ён нейкім чынам даведаўся мой нумар і адрас. Баюся, што ён і сюды дабярэцца, і аднойчы я ўбачу яго пад сваймі вокнамі».

Фота: Белсат

Ганна Вашчанка belsat.eu

Стужка навінаў