«Бацька павінен ганарыцца сынам». Што вядома пра пілотаў, якія загінулі ў Баранавічах


19 траўня ў Баранавічах упаў вайсковы самалёт Як-130. Загінулі двое пілотаў – маёр Андрэй Нічыпарчык і лейтэнант Мікіта Куканенка.

Абноўлена
У Баранавічах упаў вайсковы самалёт. Два пілоты загінулі
2021.05.19 13:53

Андрэй Нічыпарчык родам з Ліды. Жанаты, бацька дваіх дзяцей. Ён з сям’і лётчыка, з дзяцінства ведаў, што будзе лятаць, піша «Наша Ніва».

«Лётчык першага класу, добры спецыяліст. З ім лёгка працаваць, ягоны бацька павінен ганарыцца сынам», – характарызаваў Андрэя Нічыпарчыка камандзір у сюжэце для Лідскага тэлебачання.

Андрэй Нічыпарчык.
Фота: lidanews.by

Мікіта Куканенка родам з Полацку, яму было 22 гады. Будучы пілот усё дзяцінства праводзіў у дзеда ў гарадскім пасёлку Баравуха, дзе размяшчаецца верталётная база, так і захацеў стаць лётчыкам. Вучыўся ў полацкай кадэцкай вучэльні, у 2020 годзе скончыў Вайсковую акадэмію. Ажаніўся, дзяцей не было.

«Мне падабаецца хуткасць, адчуванне палёту, свабоды», – казаў Мікіта.

У планах Мікіты на 2021 год было стаць лётчыкам 3-га класу.

Мікіта Куканенка.
Фота: nn.by

Для абодвух пілотаў гэта быў не першы палёт на Як-130. Напрыклад, маёр Нічыпарчык удзельнічаў у парадзе на Дзень Незалежнасці на такім самалёце, выступаў на міжнародных спаборніцтвах.

Мікіта Куканенка таксама адмыслова вучыўся лятаць на Як-130. Свой вучэбна-баявы Як-130 хлопец называў лятаючым камп’ютарам.

Hавiны
Ціханоўская выказала спачуванне сем’ям загінулых пад Баранавічамі пілотаў
2021.05.19 15:46

Спачуванні сем’ям загінулых ужо выказала Святлана Ціханоўская. Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі на гэты конт дагэтуль маўчыць.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў