Уладзімір Зяленскі заявіў, што пачалася бітва за Данбас


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што расейскія войскі распачалі бітву за Данбас. Пра маштабны расейскі наступ на гэтым кірунку ўжо некалькі тыдняў папярэджвалі заходнія і ўкраінская выведкі.

«Цяпер можна канстатаваць, што расейскія войскі пачалі бітву за Данбас, да якой даўно рыхтаваліся. Вельмі значная частка ўсяго расейскага войска цяпер сканцэнтраваная для гэтага наступу. Колькі б туды ні зганялі расейскіх вайскоўцаў, мы будзем змагацца. Мы будзем бараніцца. Мы будзем гэта рабіць кожны дзень. Нічога ўкраінскага не аддамо, а чужога – нам проста не трэба», – падкрэсліў прэзідэнт Украіны.

Пра новую фазу вайны заявілі ў Генштабе ЗСУ і Радзе нацыянальнай бяспекі і абароны.

Раніцай 19 красавіка Генеральны штаб ЗСУ паведаміў, што расейская армія «спрабуе працягваць наступальныя дзеянні ва Усходняй аперацыйнай зоне з мэтай устанаўлення поўнага кантролю над тэрыторыяй Данецкай і Луганскай вобласцяў, а таксама ўтрымання сухапутнага калідору з часова акупаваным Крымам».

Паведамляецца пра атакі на ізюмскім, данецкім і таўрычным кірунках. На паўднёвабужскім кірунку расейцы імкнуцца выйсці ў адміністратыўныя межы Херсонскай вобласці.

«Асноўныя намаганні суперніка сканцэнтраваныя на прарыве абароны нашых войскаў у Луганскай і Данецкай вобласцях, а таксама ўстанаўленні поўнага кантролю над горадам Марыупаль», – падкрэсліваецца ў ранішняй зводцы Генштабу.

На фоне пачатку расейскага наступу стала вядома, што прэзідэнт ЗША Джо Байдэн плануе абмеркаваць з лідарамі краінаў – супольнікаў і партнёраў ЗША захады, накіраваныя на падтрыманне Украіны і супрацьдзеянне ўварванню Расеі, паведамляе golosameriki.com.

  • У канцы сакавіка расейскія войскі адступілі на чарнігаўскім і кіеўскім напрамках, асноўны сілы пачалі канцэнтравацца на ўсходзе і поўдні Украіны для правядзення генеральнага наступу на Данбас. Украінскія ўлады прагназавалі, што бітва за Данбас будзе нагадваць сваімі маштабамі Другую сусветную вайну.

РР belsat.eu

Стужка навінаў