Анджэй Дуда: NATO мае еднасць і рашучасць не дапусціць поспеху Расеі


Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн правёў экстранную нараду з кіраўнікамі 12 краінаў Еўропы, якія ўваходзяць у блок NATO. Прычынаю тэрміновай размовы стаўся чарговы віток расейскай агрэсіі на ўсходзе Украіны. У сустрэчы браў удзел прэзідэнт Польскай Рэспублікі, які адразу пасля размовы заявіў, што краіны маюць поўную згоду ў падтрыманні Украіны і не дазволяць Расеі здабыць перамогу, каб распаліць яе «імперскія амбіцыі».

Анджэй Дуда.
Фота: censor.net

Прэзідэнт Польшчы адзначыў, што размова на найвышэйшым узроўні датычыла цэлага шэрагу важных украінскіх тэмаў. Гаворка была пра ваенныя злачынствы ў Бучы, Барадзянцы ды іншых месцах Украіны. Таксама кіраўнікі краінаў і прадстаўнікі NATO ды ЕЗ абмеркавалі вайсковую і гуманітарную дапамогу, а таксама пытанне эмбарга ды чарговых санкцыяў.

«Абмеркавалі перспектывы Данецку і Луганску. У гэтую хвіліну мы сведкі атакі Расеі там. Відаць праз выведкі NATO, што там групаваліся войскі, мы ведалі, што гэтая атака будзе. Мы мелі адназначную пазіцыю. Украіна вымагае падтрымання, і яно будзе. Мы зрабілі шэраг дэкларацыяў пра дапамогу. Новыя санкцыі і новыя канвоі», – паведаміў Анджэй Дуда.

Гісторыі
«Расейцы мэтанакіравана ішлі забіваць». Добраахвотнік батальёну Кастуся Каліноўскага пра бой пад Бучай
2022.04.10 14:19

Таксама прэзідэнт Польшчы дадаў, што мусяць уступіць у моц новыя санкцыі. Гэтым разам яны мусяць датычыць газу і нафты. Прэзідэнт ЗША асабліва настойваў, паводле Анджэя Дуды, на тым, каб шукаць новыя крыніцы здабычы энерганосьбітаў для абмежавання даходаў Расеі на вядзенне вайны.

Удзельнікі размовы абмеркавалі ваенныя злачынствы ва Украіне. Анджэй Дуда паведаміў, што супраца заходніх партнёраў сягае прыцягнення да адказнасці не толькі Пуціна ды ягоных генералаў, але і афіцэраў ды жаўнераў:

«Не дапусцім поспеху Расеі. Мы ўпэўненыя: калі Расея дасягне поспеху, то будзе атакаваць далей і не заспакоіцца здабыццём Украіны, бо мае імперскія амбіцыі. Міжнародная супольнасць не можа на гэта пагадзіцца. Калі мы кажам пра еднасць NATO, то большасць мае згоду і няма ніякіх сумневаў, што мы маем еднасць, усе кажуць пра парушэнні нормаў міжнароднага права. Мы пэўныя, што NATO ды ЕЗ будуць стаяць як мур супраць расейскай агрэсіі».

Прэзідэнт Польшчы падсумаваў: Захад будзе імкнуцца ізаляваць Расею ад міжнародных кантактаў. У тым ліку, імаверна, Расея не будзе браць удзелу ў G20 і G7.

Абноўлена
Уладзімір Зяленскі заявіў, што пачалася бітва за Данбас
2022.04.19 08:48

Анджэй Дуда дадаў, што ЗША, NATO ды ЕЗ гатовыя рашуча падтрымліваць Украіну ў змаганні супраць расейскай агрэсіі.

ЗХ belsat.eu

Стужка навінаў