«Дашліце ноты ў турму». Польская бібліятэка заклікала далучыцца да акцыі салідарнасці з Калеснікавай


Бібліятэка і фанатэка Інстытуту музыказнаўства Варшаўскага ўніверсітэту заклікала далучыцца да акцыі салідарнасці з палітзняволенай Марыяй Калеснікавай. Ідэя палягае ў тым, каб адправіць у калонію нотныя аркушы. «Яна прасіла дасылаць ёй ноты, якія можна сыграць у галаве», – адзначылі арганізатары акцыі.

Флейтыстка выконвае кампазіцыю Дэбюсі на канцэрце, прысвечаным Марыі Калеснікавай. Варшава, Польшча. 29 ліпеня 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Марыя Калеснікава – флейтыстка. Яшчэ ў 2021 годзе сваякі спрабавалі перадаць ёй за краты музычны інструмент, аднак турэмшчыкі не дазволілі.

«Мяне накрыла хваляй любові і радасці пасля чытання лістоў. Хтосьці даслаў у лісце ноты Моцарта, і гэта суперідэя! Мне можна дасылаць ноты, і яны так класна гучаць у галаве», – пісала Калеснікава тады, калі лісты ад яе яшчэ даходзілі на волю.

Бібліятэка і фанатэка Інстытуту музыказнаўства Варшаўскага ўніверсітэту заклікала далучыцца да акцыі салідарнасці з палітзняволенай і дасылаць ноты ў бібліятэку калоніі.

Агляд
Калі салідарнасць — апошняе, што засталося: як беларусы дапамагаюць і падтрымліваюць адзін аднаго
2023.07.29 11:20

«Марыя пісала, што сумуе па музыцы, і папрасіла дасылаць ёй ноты, бо тады яна зможа ўявіць іх у галаве. Мы ведаем, што Марыі не дазваляецца граць на інструменце, і ні пасылкі, ні грошы не могуць быць ахвяраваныя. Гэты жэст салідарнасці мае значэнне», – адзначылі арганізатары.

Для ўдзелу трэба тры крокі:

  • выбраць любы нотны запіс удома або набыць у музычнай краме;
  • сфатаграфаваць вокладку і канверт з адрасам ды апублікаваць у сваіх сацсетках;
  • даслаць ноты на адрас калоніі: Марыі Калеснікавай, ПК № 4, вул. Антошкіна, 3, 246035, г. Гомель.

Або можна зрабіць ахвяраванне, і актывісты ўсё зробяць самі ад вашага імя.

Марыю Калеснікаву затрымалі ў верасні 2020 года. Фактычна яе выкралі і вывезлі да мяжы з Украінаю, каб гвалтоўна выкінуць з краіны. Гэтага ў сілавікоў не выйшла, бо Калеснікава парвала свой пашпарт.

Агляд
Не толькі Бабарыка, Статкевіч і Ціханоўскі: пра мноства палітвязняў даўно няма звестак
2023.11.22 11:12

Паводле абвінавачання ў закліках да санкцыяў, змове з мэтаю захопу ўлады і стварэнні экстрэмісцкага фармавання суддзя Сяргей Епіхаў прызначыў ёй 11 гадоў калоніі.

Напрыканцы 2022 года Калеснікава перанесла аперацыю, калі яе пільна прывезлі ў шпіталь з калоніі. Як паведамлялася, лекары паставілі дыягназ «прабадзенне язвы».

Ужо больш за год з палітзняволенай няма ніякай сувязі, спатканні з ёю забароненыя, няма ані лістоў, ані тэлефанаванняў. Апошні ліст ад яе сваякі атрымалі ў сярэдзіне лютага 2023 года.

Каментар
«Фактычна можна казаць пра знікненне чалавека». З Марыяй Калеснікавай ужо год няма сувязі
2024.02.15 16:17

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў