У Жодзіне аднавілі падачу вады і электрычнасці. Ці можна піць ваду з-пад крана?


Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

18 сакавіка праз аварыю частка Жодзіна засталася без электрычнасці, а потым і ўвесь горад – без вады. Калі вада з’явілася, мыцца ў ёй стала страшна, перадае TUT.by.

Раніцаю 18 сакавіка частка Жодзіна засталася без электрычнасці – быў пашкоджаны кабель 10 кВ. Паводле афіцыйных звестак, без электразабеспячэння заставаліся 58 шматкватэрных жылых дамоў, 22 трансфарматарныя падстанцыі і лякарня. А 13:50 электразабеспячэнне аднавілі, але пакуль яго не было, адключыўся размеркавальны пункт на падстанцыі, што сілкуе большую частку гораду.

Пасля таго як з’явілася электрычнасць, зʼявілася і вада. Як кажуць мясцовыя жыхары, ёю страшна было мыць нават рукі. Галоўны санітарны доктар Жодзіна Сяргей Канавалаў паведаміў, што пасля аднаўлення водазабеспячэння ўзятыя пробы вады. Да вынікаў экспертызы ўжываць яе ў ежу не рэкамендуюць.

Раніцаю 19 сакавіка «Жодзінскія навіны» паведамілі, што санітарна-хімічныя паказнікі вады ў норме. А вынікаў бактэрыялагічнага аналізу пакуль няма. Тым не менш, выданне піша, што «пасля кіпячэння ваду можна ўжываць у ежу».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў