223-і дзень пратэстаў. Вырак Банцэру, блакаванне «Голасу», пераемнікі Лукашэнкі


Паслявыбарчыя пратэсты ў Беларусі працягваюцца ўжо 223 дні. Каманда Святлана Ціханоўскай хоча перамагчы рэжым перамовамі, а Аляксандр Лукашэнка ўжо прыглядаецца да пераемнікаў.

Улады блакуюць «Голас»

Беларусы адгукнуліся на заклік Святланы Ціханоўскай галасаваць за перамовы з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі ці супраць іх. Свае галасы на платформе «Голас» пакінула ўжо больш як 500 тысячаў чалавек.

Уладам такая актыўнасць, відаць, не прыйшлася да спадобы. Раніцаю 19 сакавіка карыстальнікі мабільных кампаніяў МТС і life 🙂 сутыкнуліся з тым, што не могуць зайсці на сайт ініцыятывы «Голас». Старонка пакуль адкрываецца ў іншых аператараў.

Прадстаўнікі платформы «Голас» паведамілі, што блакаванне ніяк не ўплывае на бяспеку і працу «Голасу»:

«Блакаванне – чаканы і прадказальны крок з боку ўладаў, якія разумеюць, на што здольныя беларусы з дапамогаю «Голасу». Па нашых падліках са жніўня 2020 года гэта шостая публічная спроба спецслужбаў «зламаць» платформу».

Тым часам паведамленні пра праблемы з інтэрнэтам даходзілі з розных гарадоў Беларусі. Здаецца, да 25 сакавіка рыхтуюцца не толькі пратэстоўцы.

Банцэру далі 1,5 года «хіміі»

У Горадні Ігару Банцэру далі паўтары гады «хіміі» і вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. Тэрмін адлічваецца з 20 кастрычніка, адзін дзень пад вартай за два «хіміі». 19 сакавіка 2021.
Фота: ВК / Белсат

19 сакавіка ў судзе Ленінскага раёну Горадні вынеслі прысуд гарадзенскаму музыку Ігару Банцэру. Ён трымаў сухое галадаванне з 3 сакавіка.

Музыку далі паўтара года «хіміі» і вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе ў залі суда. Тэрмін адлічваецца з 20 кастрычніка, адзін дзень пад вартай ідзе за два «хіміі». Некалькі міліцыянтаў сачылі за прысутнымі з камерамі, варта забараніла даставаць тэлефоны і нешта здымаць.

Абноўлена
На 16-ы дзень сухога галадавання Ігару Банцэру вынеслі прысуд: 1,5 года «хіміі»
2021.03.19 11:08

Некаторыя беларусы не верылі, што Банцэр сапраўды трымае сухое галадаванне, бо звычайна чалавек памірае пасля 9-10 дзён без вады і ежы.

«Я ж сядзеў у турме, там няма магчымасці схавацца. Калі б нешта спрабаваў есці, то гэта ўжо б даўно стала вядома. Мне кожны дзень прыносілі ежу і гарбату па графіку – думалі, што я спакушуся, але я да яе не дакранаўся».

Hавiны
«Абсалютна не рухаўся: сілы маглі знянацку скончыцца». Банцэр растлумачыў, як вытрымаў галадаванне
2021.03.19 18:08

Лукашэнка падрыхтаваў сабе змену

Юрый Караеў і Уладзімір Каранік, якіх Аляксандр Лукашэнка лічыць сваімі магчымымі пераемнікамі.
Фота: Скрыншот / Pul_1/ TG

А Аляксандр Лукашэнка зноў згадаў пра транзіт улады. Наведваючы Горадню, ён паабяцаў беларусам, што тыя яшчэ адумаюцца, калі абяруць новага прэзідэнта.

«Мы будзем адзінаю дзяржаваю. Мы нікому не будзем кланяцца. Мы не будзем стаяць на каленях. Горш жыць мы не будзем толькі ў тым выпадку, калі вы будзеце трымаць галаву на плячах. Жывём як можам і не горш за іншых. Таму трымайцеся сваёй зямлі. Будуць у вас іншыя прэзідэнты. Я вам гарантую. Тады вы, параўнаўшы ўсё, зразумееце. А цяпер проста набярыцеся цярплівасці», – параіў Лукашэнка.

Hавiны
Лукашэнка: «Будуць у вас іншыя прэзідэнты. Я вам гарантую»
2021.03.19 16:35

Пераемнікаў сабе Лукашэнка ўжо бачыць. Калі верыць яму, гэта дакладна не ягоныя сыны.

«Транзіт улады адзін – выбары: народ абраў, усё. Мае дзеці пасля мяне не будуць прэзідэнтамі. Вось у мяне два маіх чалавекі тут (паказвае на Юрыя Караева і Уладзіміра Караніка. – Belsat.eu) – яны могуць браць удзел у прэзідэнцкіх выбарах. Будуць моцнымі кандыдатамі. Адзін – генерал, другі – губернатар», – лічыць Аляксандр Лукашэнка.

У Горадні пракуратура адмяніла спектакль (прычына вас здзівіць)

Акторы, пераапранутыя ў вязняў гета. Фота — Васіль Малчанаў / «Белсат»

Прабіць дно сёння паспрабавала гарадзенская пракуратура. Мясцовы Цэнтр гарадскога жыцця 20 сакавіка меўся паставіць спектакль «Кадзіш» пра трагічны лёс габрэяў у часе Другой сусветнай вайны. Але актораў Ігара Уланава, Аляксея Станогу, Паліну Левіну, Аксану Машынкову выклікалі ў пракуратуру гораду і ў выпадку прэм’еры пагражалі крымінальнай справай паводле арт. 130 КК («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варажнечы»).

Прычына забівае без усялякай зброі: у пастаноўцы асуджаюцца фашызм і канцлагеры, а менавіта з імі частка беларусаў асацыюе дзейную ўладу. Таму гэта нібыта можа выклікаць у гледачоў непрадказальныя эмоцыі. А тэма лёсу габрэяў можа пацягнуць на ўжо згаданы артыкул 130.

Hавiны
У Горадні адмянялі спектакль, бо там… «асуджаецца фашызм»
2021.03.19 15:02

«Такія параўнанні непажаданыя ў сённяшніх палітычных умовах, нельга прадказаць эмоцыі і рэакцыю гледачоў», – цытуе супрацоўнікаў пракуратуры Цэнтр гарадскога жыцця.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў