Законапраект па барацьбе з «ненармальнымі адносінамі» на ўзгадненні – генпракурор


У Беларусі плануецца ўвесці адміністратыўную адказнасць за прапаганду «ненармальных адносінаў». Законапраект на стадыі ўзгадненні, распавёў генпракурор Андрэй Швед 19 лютага. Таксама ён падзяліўся звесткамі пра нізкі ўзровень злачыннасці.

Андрэй Швед у Доме ўраду.
Фота: Генеральная прокуратура Беларуси / Telegram

«З ініцыятывы органаў пракуратуры падрыхтаваны законапраект, які прадугледжвае адміністратыўную адказнасць за прапаганду ненармальных адносінаў, педафіліі, добраахвотнай адмовы ад дзяцей», – кажа Швед.

На ягоную думку, трэба «не дапускаць падобнага роду нават абмеркавання якіх-небудзь тэмаў».

Швед таксама распавёў, што ў 2023 годзе колькасць зарэгістраваных злачынстваў скарацілася на 3,6 %.

​​ «Узровень злачыннасці з’яўляецца мінімальным за апошнія пяць гадоў», – адзначае ён.

Генпракупор не мог абмінуць «экстрэмістаў». Паводле ягоных звестак, у 2023 годзе нібыта за экстрэмізм каралі ў два разы менш. Але ў суд накіравалі больш за тысячу крымінальных справаў паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў.

«Пракурорамі падтрыманае дзяржаўнае абвінавачванне ў крымінальных справах дадзенай катэгорыі ў дачыненні да паўтары тысячы асобаў. Апраўдальныя прысуды судом не выносіліся», – паведаміў Швед.

Зарэгістраваных забойстваў стала на 10,4 % менш, а цяжкіх злачынстваў – на 11,9 %. Зніжэнне другога паказніка Швед тлумачыць зніжэннем збыту наркотыкаў на 11,9 %.

«Органы ўнутраных справаў арыентаваныя ў першую чаргу на выяўленне і спыненне дзейнасці буйных збытчыкаў. У выніку колькасць канфіскаваных наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў узрасла ў 4,5 разы», – сказаў ён.

А цяжкіх злачынстваў стала на 16 % больш, у асноўным за кошт махлярстваў, распавёў Швед.

Паводле звестак «BELPOL», у 2023 годзе было распачата больш за 85,3 тысячаў крымінальных справаў (88,6 тысячаў у 2022 годзе). Чвэрць з іх – за крадзеж. Паводле артыкулу «Забойства» зарэгістравана 223 злачынствы, у выніку якіх загінула 673 асобы. У 2022 годзе такіх злачынстваў было 255.

Hавiны
«BELPOL»: летась у Беларусі завялі 85 тысячаў крымінальных справаў, чвэрць – за пакражу
2024.01.20 17:36

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў