Пачынаецца суд над спявачкай Мэрыем Герасіменкай, затрыманай пасля ўкраінскіх спеваў


У Цэнтральным судзе Менску 19 студзеня пачынаюць судзіць палітзняволеную спявачку Мэрыем Герасіменку. Яе затрымалі ўлетку пасля выканання песні ўкраінскага гурта ў адным з менскіх бараў.

Мэрыем Герасіменка.
Фота: onliner.by

Мэрыем Герасіменку судзяць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Справу разглядае «суддзя» Вікторыя Шабуня.

Нагадаем, увечары 3 жніўня 2022 года на тэрасе бару «Банкі-бутэлькі» на вуліцы Зыбіцкай у Менску прайшоў вулічны канцэрт менскай спявачкі Мерыем Герасіменкі. Падчас канцэрту яна выканала песню ўкраінскага гурта «Океан Ельзи» – «Обіймі» – у падтрыманне Украіны. За гэта на яе абурыліся прапагандысты, якія назвалі канцэрт «бэчэбэшным шабашам». Ім не спадабалася і тое, што спявачка была ў белай майцы з чырвоным сэрцам.

Мэрыем Герасіменка ў вечар выступу 3 жніўня. Крыніца: nashaniva.com

Пасля затрымання спявачку двойчы асудзілі на 15 содняў паводле адміністратыўнага артыкулу. Пасля перазатрымалі ў межах крымінальнай справы і змясцілі ў СІЗА.

Тады таксама былі затрыманы кіраўнік бару «Банкі-бутэлькі» Андрэй Жук і адзін з працаўнікоў бару. Жука пакаралі 30 соднямі адміністратыўнага арышту, працаўніка бару – 14 соднямі. Пазней уладальніка бару абвінавацілі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»), суда над ім яшчэ не было.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў