Міхалку – 50. Чатыры этапы творчасці лідара «Ляпісаў» і «Brutto»


Беларускі спявак Сяргей Міхалок адзначае дзень народзінаў 19 студзеня. Сёлета ў яго юбілей – 50 гадоў. Старэць ён не збіраецца: бадзёра скача на канцэртах, а народзіны святкуе выступам з аркестрам у Львове.

Сяргей Міхалок на здымках кліпу на песню «Досуги-буги». 3 студзеня 2022 года.
Фота: elisazonova / brutto_nostra / Instagram

Сяргей Міхалок нарадзіўся ў 1972 годзе ў нямецкім Дрэздэне – ягоны бацька быў савецкім вайскоўцам. Сям’я пажыла ў Сібіры і Алтаі, пераехала ў 1980-я ў Менск. Міхалок удзельнічаў у конкурсах самадзейнасці, у 1989 годзе ўтварыў гурт «Ляпіс Трубяцкі».

«Быў алкаш і тарчок»

Самае ранняе відэа з «Ляпісамі» выглядае так:

Гурт здабудзе папулярнасць у 1994 годзе, пры тым адразу ў Беларусі і Расеі. Раннія «Ляпісы» – іранічны поп-рок, месцамі ска і рэгі. Гэты этап працягнецца аж да 2007 года, запомніцца гітамі кшталту «Ты кінула», «Ау», «В платье белом», «Юность», «Золотые яйцы». Міхалок у той час змагаецца з алкагольнай залежнасцю і наркотыкамі.

У 2000 годзе Міхалок стварае разам з мастаком Аляксеем Хацкевічам жартаўліва-«калдырскі» праект «Саша і Сірожа».

А ў 2003-м спявае разам з «Крамбамбуляй» Лявона Вольскага.

«Всё, ребята, харэ, отработали лавэ», – заяўляе Міхалок у песні 2005 года. І потым рэзка мяняецца.

«Стаў баксёр і качок»

Рэзкая змена ў творчасці Міхалка адбылася з альбомам «Капитал». За год да таго ў альбоме «Мужчины не плачут» ён набліжаўся ў гучанні да расейскага блатняка, а раптам выдаў даволі сур’ёзную сатыру.

А ў альбоме «Manifest» ён робіцца яшчэ больш сур’ёзны. Не перастае жартаваць, але жартуе ўжо пра палітыку і сацыяльны лад. Гэта з таго альбому песня «Belarus Freedom».

Потым будуць і «Грай», і «Не быць скотам», і «Воины света» – сапраўдныя рэвалюцыйныя гімны (апошняя нават зрабілася адной з найбольш папулярных песень украінскай Рэвалюцыі годнасці).

У гэты перыяд заўважныя і рэзкія змены ў знешнасці Міхалка. Сам ён апісваў іх фразаю «Быў алкаш і тарчок, стаў баксёр і качок». А ў песні «Железный» тлумачыў, што ўжо нічога не баіцца, бо мусіў памерці яшчэ дваццаць гадоў таму.

Праз інтэрв’ю 2011 года, у якім Міхалок рэзка выказаўся пра Аляксандра Лукашэнку, яго выклікалі на допыт у пракуратуру, пагражалі крымінальнай адказнасцю. Міхалок з’ехаў ва Украіну і не выступаў у Беларусі да 2016 года.

Гісторыі
Чортаў тузін скандалаў Сяргея Міхалка. Каго спявак раней біў і мацюкаў
2021.10.26 14:59

Сыход з «Ляпісаў», стварэнне «Brutto»

У 2014 годзе Міхалок сышоў з гурту «Ляпіс Трубяцкі»: ён стварыў «трэнажоркавы» панк-праект «Brutto», да якога далучыўся і кікбаксёр Віталь Гуркоў, а другі вакаліст «Ляпісаў» Павел Булатнікаў стварыў гурт «Trubetskoy», які працягнуў выконваць старыя песні «Ляпісаў» і пісаць новыя ў стылі іхных позніх альбомаў.

І калі першыя песні «Brutto» былі мінімалістычныя і пра спорт, то другі альбом «Родны край» ужо пра патрыятызм, рэвалюцыю і «воінаў святла». Міхалок казаў, што перастаў спрабаваць «рабіць з сябе Агнію Барто» і вярнуўся да звыклай паэзіі.

Міхалок называе свой праект «анарха-сіндыкатам Brutto Nostra» (праўда, «анархіст» чамусьці фатаграфаваўся ў кампаніі неанацыстаў) . Гурт грае гард-рок і ска-панк, усё менш мінімалістычны.

Са спадчынай «Ляпісаў» у Міхалка складаныя дачыненні: спачатку ён забраў з сабой у «Brutto» толькі пару песень і не быў супраць, што рэшту грае «Trubetskoy», але ў канцы 2014 і на пачатку 2015 года публікаваў абразы на адрас былых паплечнікаў, называў іх «рэйдарамі і сепаратыстамі», забараніў ім выконваць свае песні.

Адначасова баксёр, качок, алкаш і тарчок

Пасля скандалу з «Trubetskoy» Міхалок стаў выконваць песні «ранніх Ляпісаў» у праекце «Ляпис-98» – сам казаў, што можа граць «на закрытай вечарыне за вялікія ганарары». Для праекту запісалі новую песню «Брежнев», паступова ў рэпертуар дадаліся і лягчэйшыя песні «позніх Ляпісаў», урэшце Міхалок стаў публікаваць на канале «Ляпис-98» песні і панка Ягора Летава, і поп-зорак 1990-х «Ласковый май».

У 2018 годзе Міхалок стварае яшчэ і электронны праект «Drezden» – лягчэйшы за «Brutto», але сур’ёзнейшы за «Ляпісаў».

Выходзіць так, што палітычныя і рэвалюцыйныя тэмы Міхалок закранае і ў «Ляпис-98» (там ён спявае тыя ж «Воины света»), і ў «Brutto», і нават у «Drezden». З апошнім ён у канцы 2020 года спяваў пра барыкады і ў 2021-м пра «гільятыну часу што Гітлеру, што Леніну».

Міхалок генеруе вакол сябе ўсё больш скандалаў: у другой палове 2010-х абражае беларускіх журналістаў і блогера Антона Матольку ў прыватнасці, беларускамоўных, наведнікаў бару «Малако», беларускія пратэсты. Ставіць блытаныя «прамыя пытанні» Святлане Ціханоўскай пасля таго, як сам маўчаў у першыя дні пратэстаў. Выступае на імпрэзе ў падтрымку малавядомага кандыдата ў дэпутаты ад партыі прэзідэнта Украіны. Трапляе пад крымінальную справу за тое, што пабіў гледача на сцэне. Прызнаецца, што напраўду не кідаў піць.

Ды разам з тым актыўна выступае, збірае ва Украіне поўныя залы, працуе адразу ў трох музычных праектах і выдае новыя песні, не губляе фізічнай формы. Так, вось гэтаму «пацану з качалкі» сёння 50:

Hавiны
20+ беларускіх песень 2021 года. З кліпамі і плэйлістам
2022.01.09 11:29

АА belsat.eu

Стужка навінаў