18 месяцаў хатняй хіміі атрымаў менскі пенсіянер за супраціў узлому ўласнага жытла


18 месяцаў «хатняй хіміі» – такі тэрмін атрымаў менскі пенсіянер Сяргей Кузняцоў за тое, што паскардзіўся ў РАУС на абразу Бабарыкі Лукашэнкам. Пра здарэнне піша сайт праваабарончага цэнтра «Вясна».

Сяргея Кузняцова абурылі словы кіраўніка дзяржавы пра тое, што кандыдат у прэзідэнты Віктар Бабарыка «нягоднік». Пенсіянер патэлефанаваў у міліцыю і папрасіў прыцягнуць кіраўніка краіны да адказнасці. Міліцыянты не сталі слухаць менчука і кінулі слухаўку. Сяргей ператэлефанаваў яшчэ раз, вылаяўся і сказаў «мы знішчым Лукашэнку за гэтую выбарчую кампанію». Праз некаторы час у кватэру да 66-гадовага менчука сталі прыехалі начальнік крымінальнай міліцыі Заводскага РУУС Менску Яўген Зюзенак і чатыры АМАПаўцы, якія выламалі дзверы, патлумачыўшы свае паводзіны тым, што Сяргей Кузняцоў «абразіў кіраўніка дзяржавы». Далей супрацоўнікі органаў стрэлілі пенсіянеру ў грудзі светла-шумавым патронам, абумовіўшы гэта тым, што ён «размахваў нажом і пагражаў» ім.

З матэрыялаў крымінальнай справы:

«12 чэрвеня гэтага года прыкладна ў 21 гадзіну 42 хвіліны, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, наўмысна з мэтай перашкодзіць законнай дзейнасці, прымусу да змены характару такой дзейнасці, з помсты за выкананне законных дзеянняў супрацоўнікаў звяна ўзвода аператыўна-баявога прызначэння старэйшаму лейтэнанту Палюховічу, сяржанту Гілю, прапаршчыкам Цыбульку і Кавальчуку ажыццявіў пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў».

Сваёй віны пенсіянер не прызнаў. Пры праглядзе відэа, знятага аператыўнікамі, нажа ў руках пенсіянера бачна не было. Не знайшлося таксама і генетычных слядоў падсуднага на нажы падчас экспертызы. За працэсам сачыў праваабаронца цэнтру «Вясна» Аляксей Лойка:

– Варта адзначыць, што сама гэтая гісторыя, з якой пачаўся штурм кватэры, выклікае шмат пытанняў. Зразумела, што выбарчая кампанія праходзіла ў атмасферы запужвання і страху. Калі кіраўнік краіны дазваляў сабе нейкія жорсткія каментары і выказванні – ЦВК на гэта ніяк не рэагаваў. У адказ на такія падзеі пенсіянер Сяргей Кузняцоў зрабіў наступнае: патэлефанаваў у РАУС і сказаў «хлопцы, такая вось сітуацыя – разбярыцеся». Яны кінулі слухаўку, што вельмі абурыла пенсіянера. Ён патэлефанаваў яшчэ сказаў «мы зніштожым гэтую выбарчую кампанію Лукашэнкі» і выказаўся нецэнзурна. Вось з гэтага моманту і варта праводзіць ацэнку таго, ці маглі яны ўломвацца да яго ў кватэру.

Супрацоўнікі АМАПу казалі, што выкарысталі светлашумавы патрон для дэзарыентацыі затрыманага і пры гэтым маглі ўжыць баявую зброю. Добра, вы ўжылі гэты светлашумавы патрон, але навошта вы пенсіянеру стралялі наўпрост у грудзі? І тут зʼяўляецца шмат пытанняў па ўжыванню спецсродкаў датычна да чалавека.

АМАПаўцы калі ламаліся ў кватэру – кажуць, што бачылі, як пенсіянер махаў нажом на адлегласці ў паўтары метры. Калі ў судзе прадэманстравалі відэазапіс затрымання, якое вялося аператыўнымі супрацоўнікамі – то на запісе было бачна, што пенсіянер ні на каго не кідаўся, у руках нажа не бачна, ён знаходзіцца на адлегласці каля трох метраў. То бок відэазапіс абвяргае паказанні АМАПаўцаў. Яны казалі, што пенсіянер рабіў крокі ў іх бок, махаў нажом – на відэазапісе гэтага не было. Геномная экспертыза не ўсталявала наяўнасці слядоў абвінавачанага на нажы.

Трэба адзначыць, што паказанні, якія давалі супрацоўнікі – у прынцыпе гэта ўсё праходзіла ў атмасферы страху. Таму што дзяржабвінаваўца – маладая дзяўчына, баялася нават падняць галаву, вочы ў іх бок. Яна задавала адно пытанне, а далей допыт вяла суддзя. А гэта адназначна абвінаваўчы ўхіл у судзе. Потым, калі яна дапытвала абвінавачанага – яна падняла вочы, нармальна задавала пытанні.

Суддзя пастанавіла пакараць Сяргея Кузняцова 18 месяцамі «хатняй хіміі» па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса – супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак.

Стужка навінаў