Стаць уцекачом у Беларусі і пазбегнуць дэпартацыі. Галоўныя пытанні аб міграцыйнай палітыцы Менску


У інтэрв’ю BBC Аляксандр Лукашэнка выказаўся наконт сітуацыі з мігрантамі на мяжы з Еўропай. Ён заявіў, што мігранты жадаюць патрапіць менавіта ў Нямеччыну, а не застацца ў Беларусі, і што ніхто з іх не падаў заяву, каб застацца тут. «Але калі паступіць у адпаведнасці з законам, і вельмі хутка, у адрозненні ад вас, мы гэтыя заявы разгледзім», – заявіў Лукашэнка. Але ці так проста атрымаць статус уцекача ў Беларусі? Ці могуць мігранты, якія знаходзяцца ў Беларусі, разлічваць на дапамогу ад беларускіх уладаў і на тое, каб застацца ў нас у краіне? Пра гэта паразмаўлялі з праваабаронцай з ліквідаванай арганізацыі Human Constanta. З меркаванняў бяспекі мы не завем імя нашай суразмоўцы.

Выява мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Ян Марэцкі / Streenger
Даведка

Паводле агенцтва ААН у справах уцекачоў у Беларусі за 2020 год статус бежанца атрымалі толькі пяць чалавек – гэта грамадзяне Афганістану, Камеруна, Палестыны і Расеі. Усяго ж па наданне абароны звярнуліся 589 чалавек, 449 з якіх была дадзеная толькі дадатковая абарона.

Хто такія ўцекачы і як атрымаць статус уцекача ў Беларусі?

«Калі падыходзіць з юрыдычнага пункту гледжання, дык уцекачамі называюць тых людзей, хто прайшоў усе працэдуры і атрымаў статус уцекача. Усе астатнія да атрымання статусу – толькі просьбіты прытулку. Так іх называюць, каб аддзяляць іх ад мігрантаў – гэта яшчэ больш шырокае паняцце», – распавядае праваабаронца.

У Беларусі існуюць чатыры формы абароны. Апроч статусу бежанца, людзі могуць атрымаць дадатковую абарону, часовую абарону і прытулак.

У большасці выпадкаў людзі атрымліваюць дадатковую абарону, якая выдаецца на год. Штогод яе можна падаўжаць, калі захоўваюцца падстава для яе атрымання. У асноўным дадатковую абарону атрымліваюць грамадзяне Украіны, Данецкіх і Луганскіх абласцей – праз дзейнага ўзброенага канфлікту. І нашая больш-менш прымальная статыстыка па атрыманні абароны якраз складаецца з украінскіх грамадзян.

«Усе ступені абароны маюць розныя падставы для атрымання і розную шырыню дзеянняў. Статус уцекача – гэта доўгачасовы статус. Маючы яго, можна атрымаць беларускі від на жыхарства, а тыя, хто атрымаў такі статус, жывуць тут гадамі. У гэтым выпадку выдаецца адмысловая кніжачка – пасведчанне аб статусе бежанца. Але гэта самы працаёмкі працэс, і выдаецца ён адзінкам.

Выява мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Ян Марэцкі / Streenger

Калі чалавеку не выдаюць статус уцекача, яму могуць даць дадатковую абарону. Гэта менш эфектыўная форма абароны, але хоць нешта.

У цэлым у Беларусі ёсць дзейная сістэма надання прытулку і на паперы яна адпавядае міжнародным стандартам, але на практыцы не зʼяўляецца эфектыўнай. У 2017 годзе міжнародная арганізацыя Amnesty International звярталася да Беларусі з тым, каб яна нарэшце наладзіла сістэму надання абароны і зрабіла яе больш эфектыўнай», – тлумачыць праваабаронца.

Як павінна дапамагаць дзяржава?

Паводле закону, на перыяд разгляду прашэння аб абароне дзяржава можа вылучыць жыллё. У Беларусі ёсць некалькі цэнтраў для пражывання мігрантаў – у Гомельскай, Берасцейскай і Віцебскай вобласцях. Але толькі пры наяўнасці там вольных месцаў. Таксама пры падтрыманні АДКБ і Чырвонага крыжа могуць вылучаюцца сродкі для арэнды кватэры. Таксама бясплатна павінна давацца медычная дапамога і адаптацыйныя праграмы, напрыклад вывучэнне мовы і сацыялізацыі. Але ў плане надання працы такіх праграм няма.

Ужо пасля атрымання статусу бежанца чалавек атрымлівае нейкія невялікія дапамогі, але сам павінен вырашаць, як і на што яму жыць.

Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: Ян Марэцкі / Streenger«Складанасць уладкавання на працу залежыць ад спосабу легалізацыі чалавека ў Беларусі. З дазволамі на часовае пражыванне гэта будзе зрабіць больш складана, бо працадаўцам трэба атрымліваць яшчэ дадатковы дазвол на працаўладкаванне замежніка. Калі ж у чалавека від на жыхарства – такі дазвол не трэба. Але на практыцы ўсё роўна ўзнікаюць нейкія перакосы».

Дэпартацыя з Беларусі

Прычыны для дэпартацыі могуць быць розныя і залежаць ад таго, як чалавек патрапіў у краіну. Калі ён ехаў па бязвізавым рэжыме або па візе, падстаў для дэпартацыі не ўзнікае нават пры адмоўным рашэнні пры прашэнні на статус уцекача. Калі ж чалавек прасіў абарону на мяжы або перасёк мяжу з парушэннямі і пасля яго злавілі ці ён сам звярнуўся ў органы ўнутраных справаў для абароны, тады пры адмове ёсць верагоднасць, што яго могуць дэпартаваць у краіну паходжання, што часта сустракаецца ў Беларусі. Такі падыход часта крытыкуецца многімі праваабарончымі міжнароднымі арганізацыямі як неэфектыўная сістэма абароны. Таксама можа быць рашэнне аб добраахвотнай высылцы ці дэпартацыі, калі чалавек сам абірае, у якую краіну яму выязджаць.

Пасля адмовы ў наданні абароны чалавеку на рукі выдаецца рашэнне аб дэпартацыі, дзе павінны ўказаць прычыны адмовы. Калі чалавек звяртаецца па абарону ў Беларусі – на яго складаецца тэчка, дзе збіраюцца падставы для надання яму абароны. Уся гэтая працэдура такая працяглая і працаёмкая таму, што задзейнічаныя не толькі аддзелы міграцыйнай службы, але таксама органы ўнутраных спраў, часам уключаецца КДБ, якое правярае па сваіх каналах чалавека. І часам увогуле незразумела, ад якога органа прыйшла адмова.

Выява мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Ян Марэцкі / Streenger

«У нас былі выпадкі, калі адмаўлялі ў абароне чалавеку, якому ў сваёй краіне пагражалі катаванні, але яго ўсё роўна дэпартавалі. КДБ не бачыла падставаў для адмовы ў абароне, але гэта было рашэннем міграцыйных службаў. Былі яшчэ нейкія службовыя цыдулкі ад іншых органаў, якія на судзе проста не раскрываліся. Часам сам чалавек можа да канца не ведаць, чаму яму адмаўляюць. Таксама органы паміж сабой не могуць раскрываць прычыну адмовы. Такая сістэма вельмі не празрыстая.

Нават калі паглядзець на статыстыку на сайце МУС пра колькасць зваротаў і колькасць станоўчых рашэнняў, то там няма ніякай інфармацыі з прычын, з якіх людзей адмаўляюць. Няма такіх звестак», – кажа праваабаронца.

Адзін з самых гучных выпадкаў апошніх дзён – дэпартацыя з Менску кубінца, які пражыў у Беларусі 30 гадоў. Дэпартуюць таксама і грамадзян РФ, якія бралі ўдзел у пратэстах у 2020 годзе, але і не толькі. Праваабаронцу Алену Талкачову ў 2015 годзе дэпартавалі і забаранілі ўезд на тры гады праз адміністрацыйныя парушэнні. У 2018 годзе планавалі дэпартаваць прэс-сакратарку АГП Ганну Красуліну, але пазней гэтае рашэнне адмянілі.

Паўгода ў ІЧУ ў чаканні рашэння

Некаторых людзей, якія просяць прытулку ў Беларусі, змяшчаюць у ізалятары часовага ўтрымання да рашэння пра іх статус або высылку.

«На жаль, гэта звыклая практыка ў Беларусі. Шмат людзей затрымліваюць пры незаконным перасячэнні мяжы або проста яны знаходзяцца ў краіне без дазволу на пражыванне. І праблема ў тым, што нават калі чалавека затрымалі, змясцілі ў ІЧУ і ён звярнуўся з заявай на абарону, гэта не зʼяўляецца падставай для яго вызвалення. У зняволенні чалавек можа знаходзіцца да паўгода ў чаканні рашэння па яго хадайніцтве, а потым яшчэ нейкі час у чаканні рашэння аб высылцы і дэпартацыі, калі яму адмовілі ў наданні абароны.

Выява мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Ян Марэцкі / Streenger

Увесь гэты час чалавек знаходзіцца ў ІЧУ таму, што ў нас няма цэнтраў для замежнікаў. Раней людзей утрымлівалі і ў ЦІПе, але зараз толькі ў ізалятарах часовага ўтрымання. Праблема ў тым, што ІЧУ прызначаныя толькі для кароткачасовага ўтрымання людзей, а мы сутыкаліся з выпадкамі, калі замежнікі маглі знаходзіцца ў такіх умовах год і больш. Доступу праваабаронцаў і грамадскіх арганізацыяў у закрытыя ўстановы няма, і, адпаведна, мы нават не ведаем пра большасць людзей, якія там знаходзяцца. Часам мы атрымліваем інфармацыю ад тых людзей, якія проста перасякаліся з імі ў ІЧУ».

Сённяшні міграцыйны крызіс не новы

Падобная сітуацыя з мігрантамі, якія спрабуюць патрапіць у Еўрапейскі Звяз праз польскую мяжу, была пару гадоў таму, толькі меншых маштабаў. Тады мігранты жылі проста на Берасцейскім вакзале і месяцамі не маглі патрапіць у Польшчу.

«Рашэнне гэтай сітуацыі атрымалася вельмі штучным, – распавядае праваабаронца. – Тады частка людзей прыняла рашэнне застацца ў Беларусі, але гэта не вельмі вялікая колькасць людзей. Нехта быў вымушаны вяртацца ці пераехаць у іншыя краіны.

Увесь паток людзей спыніўся з увядзеннем абмежаванняў на мяжы ў сувязі з пандэміяй – спыніліся чыгуначныя зносіны паміж Беларуссю і Польшчай. Людзі проста не маглі дабрацца да мяжы і звярнуцца да польскіх памежнікаў. У іх застаўся толькі адзін варыянт – нелегальнага перасячэння мяжы».

Выява мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Ян Марэцкі / Streenger

Частка тых мігрантаў засталася: было не зразумела, як доўга працягнуцца гэтыя абмежаванні. Многія семʼі знаходзіліся ў чаканні ў Берасці, у надзеі, што хутка зноў будзе цягнік і яны зноў будуць спрабаваць падаць заяву на прытулак у Польшчы. Праз два гады некаторыя семʼі пасля таго, як пачаўся разгортвацца новы віток з мігрантамі, вярнуліся ў Беларусь, каб паспрабаваць перасекчы мяжу зараз, нелегальна праз лес.

Ці гатова Беларусь прыняць мігрантаў?

«Я думаю не, Беларусь не прыме такую колькасць людзей. Па-першае, наша сістэма не разлічаная на гэта, і нашы міграцыйныя службы проста не справяцца. Але нават калі б яны справіліся, мне падаецца, што проста няма палітычнай волі, каб прыняць гэтых людзей. Бо першапачаткова ўся гэтая схема была арганізавана для таго, каб ціснуць на краіны Еўрапейскага Звязу. І паколькі мэта не дасягнутая, то рэжым не мае неабходнасці ў гэтым.

Па маіх чаканнях, у нейкі момант, калі сітуацыя не вырашыцца, калі мігрантаў усё ж не пусцяць у ЕЗ – людзей пачнуць затрымліваць і масава высылаць у краіны паходжання. Цяпер у прынцыпе ўжо так і робяць з новымі эвакуацыйнымі рэйсамі. Яшчэ некалькі такіх самалётаў – і людзей проста выправадзяць», – дзеліцца праваабаронца.

Паводле яе інфармацыі ад АДКБ у Менску, у апошні час павялічылася колькасць запытаў аб абароне ў Беларусі. Але паколькі яны пададзеныя толькі цяпер, а тэрмін разгляду можа складаць да 6 месяцаў, яны не ведаюць, ці былі ўжо станоўчыя ці адмоўныя рашэнні па наданні абароны.

Выява мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Ян Марэцкі / Streenger

«Мігранты, якія зараз у гарадах, а не ў лагеры на мяжы, перыядычна звяртаюцца і разглядаюць такую магчымасць як прашэнне прытулку ў Беларусі. Яны звяртаюцца, калі ім сапраўды пагражае небяспека ў краіне паходжання. Але праблема ў тым, што многія людзі не разумеюць, як наладжаная ўся гэтая юрыдычная падаплёка і нават не ведаюць аб праве звяртацца па прытулак у Беларусі. Ім нават магла ў галаву не прыходзіць такая ідэя», – распавядае праваабаронца.

Дапамога на мяжы

Цяпер на мяжы ніхто акрамя Чырвонага крыжа мігрантам не дапамагае і прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацыяў туды не дапускаюць.

«Паводле маіх назіранняў, людзі знаходзяцца там як закладнікі, іх не выпускаюць і не ўпускаюць. Перыядычна туды прыязджаюць прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў па міграцыі, але яны ў асноўным расказваюць пра праграму атрымання абароны ў Беларусі або пра праграму добраахвотнага вяртання пры падтрымцы МАБ. Вялікая колькасць бежанцаў зараз знаходзіцца ў іншых гарадах Беларусі, у Менску, дзе ў іх хаця б ёсць доступ да дапамогі, але яны пакінутыя самі сабе. Але ўлічваючы, што большасць арганізацыяў, якія маглі б ім дапамагчы, зачыненыя, ім проста няма куды звяртацца».

Чытайце таксама:

belsat.eu

Стужка навінаў